Мінскі маторны завод – найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі, вядучы вытворца сучасных дызельных рухавікоў сярод краін СНД.
Вытворчасць матораў бярэ свой пачатак з 1948 г., калі на Мінскім трактарным заводзе быў уведзены ў эксплуатацыю маторны цэх. Тут асвоілі і наладзілі вытворчасць пускавога рухавіка ПД-10, а ў пачатку 1950 г. сталі вырабляць рухавік трактара Д-36. У 1960 г. было вырашана пабудаваць у Мінску маторны завод па вытворчасці дызельных рухавікоў. У праекце прадугледжваўся штогадовы выпуск 120000 рухавікоў Д-50 магутнасцю 50-60 к/с. Восенню 1960 г. на паўночна-ўсходняй ускраіне горада паміж трактарным і падшыпнікавым заводамі пачалося будаўніцтва. У пачатку 1961 г. былі распрацаваны тэхналагічныя працэсы, працоўныя планы размяшчэння абсталявання і інш. У 1962 г. на базе праектнай тэхналагічнай групы арганізаваны аддзел галоўнага тэхнолага, які працягваў распрацоўку і выдачу тэхнічных заданняў. Пачаўся мантаж першых двух аўтаматычных ліній. Да канца года былі зманціраваны 14 аўтаматычных ліній, 196 спецыяльных і агрэгатных станкоў, 338 універсальных станкоў, 34 адзінкі прэсавага абсталявання, адзін стэнд для выпрабавання матораў, і сабраны першыя ўзоры чатырохцыліндравых рухавікоў Д-50. Фарміравалася і структура завода. На 1 студзеня 1963 г. налічвалася 17 аддзелаў і службаў заводакіраўніцтва, 4 цэхі асноўнай вытворчасці і 4 – дапаможнай. Прадпремства звязана з сеткай чыгунак пад'язным шляхам працягласцю каля 2 км. Прамысловая пляцоўка размешчана на плошчы 32,13 га, плошчы пад асноўную вытворчасць складалі 8 га і былі забяспечаны інжынернымі камунікацыямі. 23 ліпеня 1963 г. лічыцца днём заснавання завода, які знаходзіўся ў падпарадкаванні Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Да канца года з канвеера сышлі 11360 рухавікоў Д-50 на новы трактар МТЗ-50. У 1969 г. асвоены выпуск дызеляў Д-60 магутнасцю 60-65 к/с з мэтай задавальнення патрэбнасцей знешняга рынку для трактароў “Беларусь” серыі 500 “Супер”. У 1970 г. пачаліся прамыя экспартныя пастаўкі дызеляў у Германію. У 1971 г. завод першым у галіне атрымаў права маркіраваць сваю прадукцыю Дзяржаўным знакам якасці. Прамыя экспартныя пастаўкі матораў у Балгарыю, Пакістан, В'етнам і іншыя краіны пачаліся ў 1975 г. З 1983 г. завод стаў галаўным прадпрыемствам вытворчага аб'яднання “Мінскі маторны завод”, у склад якога ўвайшлі таксама Барысаўскі завод агрэгатаў і завод-філіял у Стоўбцах. Ужо ў 1993 г. прадукцыя пастаўлялася ў 85 краін свету. З 1996 г. пачынаецца супрацоўніцтва са спажыўцамі Расіі і краін СНД.
У 2000 г. дзяржаўнае прадпрыемства “Мінскі маторны завод” перайменавана ў вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Мінскі маторны завод” (РУП “ММЗ”). Адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі маторны завод” (ААТ “ММЗ”) створана на падставе загаду Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2008 г. № 380 шляхам пераўтварэння РУП “ММЗ” і даччынага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гандлёвы дом маторнага завода” ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. У сувязі з рэгістрацыяй холдынгу 20 лістапада 2012 г. ААТ “ММЗ” пераўтворана ў ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод”», у склад якога ўваходзяць прадпрыемствы: ВА “Мінскі маторны завод”, ААТ “Доследна-эксперыментальны завод тэхналагічнага абсталявання” (Мінск), ААТ “Гомельскі завод пускавых рухавікоў”, ААТ “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”, завод-філіял у Стоўбцах, ААТ “Лідскі ліцейна-механічны завод”.
Галоўнымі задачамі прадпрыемства з'яўляюцца пашырэнне відаў дызельных рухавікоў з павелічэннем магутнаснага рада; выпуск прадукцыі, якая адказвае сучасным патрабаванням па экалогіі, эканамічнасці, бяспецы і надзейнасці; павышэнне тэхнічнага ўзроўню, канкурэнтаздольнасці прадукцыі і інш. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці з'яўляюцца вытворчасць і збыт на ўнутраным рынку і за мяжой дызельных рухавікоў і запасных частак да іх, алюмініевага ліцця, камплектуючых вырабаў, тэхналагічнага абсталявання, таварнага інструмента; выкананне канструктарскіх і праектна-тэхналагічных работ; вытворчасць і збыт будаўнічай тэхнікі, электрычных дызель-генератараў, кампрэсараў; вытворчасць і збыт тавараў народнага спажывання; аптовы і рознічны гандаль таварамі ўласнай вытворчасці, а таксама пакупных тавараў; ажыццяўленне знешнеэканамічнай дзейнасці; гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне рэалізаванай спажыўцам прадукцыі. Для выканання асноўных напрамкаў дзейнасці ёсць усе віды вытворчасці, уласцівыя сучасным буйным машынабудаўнічым прадпрыемствам, сярод якіх – каляровае ліццё, прэсавае, зварачнае, механаапрацоўчае, фарбавальнае, тэрмічнае, інструментальнае, зборачнае і інш.
Сёння Мінскі маторны завод вырабляе звыш 250 мадыфікацый рухавікоў. Яны знайшлі сваё прымяненне ў складзе трактароў, камбайнаў, аўтамабіляў, аўтобусаў, кар'ернай тэхнікі, сельскагаспадарчых, будаўнічых, будаўніча-дарожных і іншых спецыяльных машын, а таксама прамысловых установак. Уся прадукцыя сертыфікавана на адпаведнасць з экалагічнымі патрабаваннямі міжнародных правіл: пазадарожная тэхніка – Stage 1, Stage 2, Stage 3A; аўтамабільныя рухавікі – Euro-1 (з 1998 г.), Euro-2 (з 2003 г.), Euro-3 ( з 2008 г.), Euro-4 (з 2010 г.). У рухавіках увасобіліся сучасныя канструктарскія рашэнні, перадавыя айчынныя і замежныя тэхналогіі, якія дазволілі атрымаць найбольш аптымальныя суадносіны паказчыкаў магутнасці, кошту, якасці, эканамічнасці, зручнасці і нізкую працаёмкасць тэхнічнага абслугоўвання, паліўную эканамічнасць, а таксама высокую надзейнасць у спалучэнні з мінімальнымі эксплуатацыйнымі выдаткамі. Для пераходу завода на выпуск новай канкурэнтнай тэхнікі штогод ствараецца праект тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства, які ахоплівае практычна ўсе яго вытворчасці. У ліку спажыўцоў дызельных рухавікоў найбуйнейшыя прадпрыемствы Беларусі, Расіі, краін СНД і далёкага замежжа.
Завод узнагароджаны міжнароднай прэміяй “Залаты Меркурый” (1980), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, памятным Чырвоным Сцягам ЦК КПБ, дыпломамі Дзяржстандарту і ВЦСПС. Яго прадукцыя прызнана пераможцам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі” (2005). Прадпрыемства з’яўляецца лаўрэатам прэміі Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь (2003, 2007, 2011, 2015) і Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2003, 2013, 2021), прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг (2023).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г., актуалізаваны ў 2024 г.