Дата начала:
1586 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата окончания:
1805
Краткая справка:
друкарня Віленскай езуіцкай акадэміі
Варианты названия:
Віленская друкарня езуіцкай акадэміі
Названия на других языках:
Виленская типография иезуитской академии (русский);
3275 символов
Справка
Пачатак дзейнасці друкарні звязаны з перадачай ордэну езуітаў М. К. Радзівілам Сіроткам у 1586 г. шрыфтоў і іншага абсталявання Брэсцкай друкарні. У першы перыяд яе дзейнасці (1589–1610) на польскай і лацінскай мовах выходзілі падручнікі, палемічная літаратура, жыціі святых, тэалагічна-філасофскія творы. Найбольш вядомым сярод іх з'яўляецца першы ў ВКЛ друкаваны дапаможнік «Пра працэнт і тры найважнейшыя кантракты: гандлёвы, чыншавы і купецкага таварыства» (1596), аўтарам якога быў прафесар М. Сміглецкі. Пасля вялікага віленскага пажару ў 1610 г. друкарня, верагодна, спыніла работу, пра гэта сведчыць адсутнасць кніг з яе выхаднымі звесткамі. Другі перыяд выдавецкай дзейнасці пачаўся пасля 1616 г. і працягваўся да канца 1640-х гг. Адна з першых кніг гэтага часу – зборнік панегірычных казанняў і вершаў выкладчыкаў і студэнтаў акадэміі, прысвечаны віленскаму епіскапу А. Валовічу. У 1619 г. езуіты атрымалі ад вялікага князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта ІІІ Вазы прывілей, які легалізаваў дзейнасць друкарні і адначасова забараняў перадрук яе выданняў. Паступова яе прадукцыя пачала ўзрастаць і дасягнула 15 выданняў штогод. Выпускаліся падручнікі, палемічная літаратура, тэалагічна-філасофскія творы вядомых багасловаў П. Скаргі, М. Сміглецкага, Я. Альшэўскага, І. Лаёлы і інш. Выходзілі таксама кнігі па царкоўным праве, жыціі святых, панегірычныя творы. На працягу 1651–1665 гг. (часы войнаў, эпідэмій, акупацыі Вільні рускім і шведскім войскам) было выдадзена ўсяго 42 кнігі. Пачатак наступнага перыяду дзейнасці друкарні (1666–1737) звязаны з набыццём новага абсталявання. Колькасць выданняў у гэты час узрасла да 5–18 экзэмпляраў у год. Перавыдаваліся творы гісторыка В. Каяловіча, друкаваліся падручнікі, сярод іх – выданні Арыстоцеля, грэчаская граматыка М. Карвацкага (1725), латышская, літоўская граматыкі і слоўнікі, свецкія кнігі, спеўнікі. З 1737 г. выходзілі календары, якія змяшчалі спісы чыноўнікаў ВКЛ і Польшчы, гістарычныя матэрыялы; газеты і часопісы (з сярэдзіны XVIII ст.). У 1737–1773 гг. друкарня паступова нарошчвала выпуск прадукцыі (было выдадзена 642 кнігі, 334 – яшчэ магчымыя выданні). У гэты перыяд перавыдаваліся працы П. Скаргі, друкаваліся творы Я. Гільзена, Я. Пашакоўскага, Ф. Папроцкага і іншых, з'явіліся гістарычна-геральдычныя выданні, выходзілі падручнікі і навуковыя працы па філасофіі, логіцы, матэматыцы і інш. У афармленні выданняў выкарыстоўваліся арнаментальная, геральдычная гравюра, сюжэтныя ілюстрацыі, партрэт. Упершыню ў мастацтве ВКЛ сустракаецца кніжны медзярыт (1589). Магчыма, з друкарняй супрацоўнічаў Т. Макоўскі, які гравіраваў тытул і ілюстрацыі да панегірыка святому Казіміру (1610). У тэхніцы гравюры па метале працавалі вопытныя майстры Ф. Бальцэвіч, Л. Вілац, К. Гётке, Л. Крыштановіч, А. і Л. Тарасевічы, І. Шчырскі і інш.
Віленская акадэмічная друкарня больш за два стагоддзі свайго існавання выпусціла каля 3200 выданняў, якія карысталіся вялікім попытам. Пасля спынення дзейнасці Ордэна езуітаў (1773) друкарняй кіраваў астраном М. Пачобут-Адляніцкі, з 1804 г. адміністратар піярскай друкарні ксёндз Р. Даніловіч. У 1805 г. была прададзена кнігавыдаўцу Ю. Завадскаму, які ператварыў яе ў вялікае капіталістычнае прадпрыемства новага тыпу.