Дата начала: 12.02.1935 Магілёўская вобласць
Краткая справка: адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Магілёўскай вобласці
Названия на других языках: Кировский район (русский);
Кіраўскі раён размешчаны на паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці. Мяжуе з Бабруйскім, Быхаўскім, Клічаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Рагачоўскім раёнам Гомельскай вобласці. Плошча раёна складае 1,3 тыс. кв. км, цэнтрам з’яўляецца г. Кіраўск. Па звестках на 2020 г. у склад раёна ўваходзяць 7 сельскіх cаветаў: Баравіцкі, Добасненскі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі; налічваецца 122 населеныя пункты. Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, на вышыні 160–170 метраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт (196,4 м) знаходзіцца на паўночным захадзе ад в. Казулічы. На ўсходзе раёна працякае рака Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца; на захадзе – Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, Добасна (прыток Дняпра). На тэрыторыі раёна створана 16 вадасховішчаў (плошча самага вялікага – Чыгірынскага – 1 тыс. га). Лясы (пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя) займаюць 42% тэрыторыі раёна. Карысныя выкапні – торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі.
З гістарычных крыніц вядома, што ў ІХ–Х стст. Кіраўшчыну засялілі плямёны дрыгавічоў. На тэрыторыі раёна вядома звыш 27 курганных могільнікаў гэтага перыяду. У канцы ХІV ст. тэрыторыя раёна, якая ўваходзіла ў Бабруйскую воласць, увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) – у склад Расіі. Праз некалькі гадоў частку зямель далучылі да Старабыхаўскага і Рагачоўскага паветаў (маёнткі Чыгірынка і Добасна зрабіліся на доўгі час уласнасцю памешчыкаў Булгакаў). Рэштка тэрыторыі ўвайшла ў новаўтвораны Бабруйскі павет Мінскай губерні. Такі адміністрацыйны падзел захоўваўся да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Станаўленне Савецкай улады праходзіла ва ўмовах грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. 10 ліпеня 1920 г. Чырвоная Армія пры падтрымцы партызан вызваліла Кіраўшчыну. Пачалася напружаная праца па аднаўленні народнай гаспадаркі.
12 лютага 1935 г. быў утвораны Кіраўскі раён, у склад якога ўваходзілі 16 сельсаветаў, у сакавіку гэтага ж года былі створаны раённыя органы кіравання, пачала выдавацца раённая газета «Кіравец». Першыя паведамленні аб сацыяльна-эканамічным развіцці Кіраўскага раёна адносяцца да 1939 г. У той час на яго тэрыторыі пражывала 53,7 тыс. чалавек. Дзейнічаў 1 саўгас, 106 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 9673 сялянскія гаспадаркі, 2 машынна-трактарныя станцыі.
Мірная праца жыхароў Кіраўшчыны была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. 30 чэрвеня 1941 г. тэрыторыю раёна акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. У чэрвені – жніўні ў некаторых населеных пунктах былі арганізаваны падпольныя групы, на базе якіх утварыліся першыя партызанскія атрады. Са снежня 1941 г. і да вызвалення раёна часткамі Чырвонай Арміі на яго тэрыторыі дзейнічала 7 партызанскіх атрадаў, якія потым ўвайшлі ў 9-ю Кіраўскую партызанскую брыгаду, а затым у Кіраўскую ваенна-аператыўную групу. 28 чэрвеня 1944 г. тэрыторыя раёна была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У гады акупацыі на тэрыторыі раёна загінула больш за 3 тыс. чалавек. У ходзе карных аперацый фашысты поўнасцю або часткова спалілі 74 населеныя пункты. Самая крывавая трагедыя адбылася 15 чэрвеня 1942 г. у в. Боркі і яе ваколіцах, дзе за адзін дзень было расстраляна і спалена 1800 жыхароў. У памяць аб ахвярах вайны на месцы трагедыі ў 2008 г. быў узведзены мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”. На тэрыторыі раёна шмат брацкіх і адзіночных магіл, дзе пахавана больш за тысячу воінаў і партызан. 3 ліпеня 2004 г. у гонар 60-годдзя вызвалення Кіраўшчыны ў раённым цэнтры быў ўсталяваны памятны знак і створана алея Славы.
Пасляваенныя гады сталі гадамі гераічнай працы жыхароў раёна. Ужо ў студзені 1945 г. было арганізавана 105 калгасаў. У 1950-я гг. пачалі працаваць заводы па перапрацоўцы льну, малака і гародніны. У 1960 г. дала першую электраэнергію Чыгірынская гідраэлектрастанцыя. З 1970 г. у в. Паўлавічы вялося будаўніцтва буйнейшага ў вобласці свінагадоўчага комплексу. У 1975 г. у в. Мышкавічы па праекце архітэктара Г. Заборскага пабудавалі Палац культуры з зімовым садам.
Сёння асноўная роля ў развіцці эканомікі Кіраўскага раёна належыць аграпрамысловаму комплексу. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, садаводства, вырошчванне збожжавых і кармавых культур, бульбы, ільну. Працуюць сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, унітарныя сельскагаспадарчыя камунальныя прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі. Прамысловы патэнцыял раёна прадстаўлены КУП «Кіраўскія бытпаслугі» і УКП «Жылкамгас». Асноўныя віды прамысловай прадукцыі, якая вырабляецца ў раёне – вытворчасць швейных вырабаў, цеплаэнергіі. На базе былога кансервавага завода створана ТАА «Кіраўскі харчовы камбінат». Структурным падраздзяленнем Кіраўскага райпо выпускаюцца хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, мясныя паўфабрыкаты. Вялікая ўвага надаецца ўстановам аховы здароўя, культуры, асветы і адукацыі. Дзейнічае Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, цэнтральная раённая бальніца, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. На тэрыторыі Кіраўшчыны знаходзіцца шмат помнікаў археалогіі. Сярод іх – стаянкі каменнага веку ў вёсках Падсёлы, Рудня, Чыгірынка і інш. Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: участак лесу з каштоўнымі дрэвамі ў Чыгірынскім лясніцтве (хвоя веймутава, лістоўніца сібірская), парк у аграгарадку Жылічы (хвоя веймутава, дуб чырвоны, серабрыстая таполя, клён вастралісты і іншыя); шэсць гідралагічных заказнікаў прыроды мясцовага значэння (Белыя Рэчкі, Любін Бор, Рапуха, Рог, Прашчавае, Ткачова).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.