Бобр – гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Бобрскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км на паўночны ўсход ад Крупак, 2 км ад аднайменнай чыгуначнай станцыі на лініі Мінск – Орша. Размешчаны на р. Бобр.
У гістарычных крыніцах Бобр упершыню згадваецца ў 1516 г., калі князь Іван Васілевіч Друцкі-Красны завяшчаў яго сваёй жонцы Марыне Іванаўне Заслаўскай. У 1561 г. адышоў да магната Яна Геранімавіча Хадкевіча, у 1579 г. – да яго сына Аляксандра. Хадкевічы не жылі тут, а здавалі Бобр у арэнду. Захаваўся дакумент перадачы паселішча ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу ў 1573 г. У гэты час Бобр стаў мястэчкам у складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пазней ім валодалі Камары, Сапегі, Агінскія, Тышкевічы і інш. У 1762 г. мястэчка атрымала магдэбургскае права. Быў у яго і свой герб – у блакітным полі выява двух узброеных рыцараў у княжацкіх мантыях і каронах. У ХVIII ст. пабудаваны мураваны Марыінскі касцёл.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Бобр далучаны да Расійскай імперыі як цэнтр воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні (з 1842 г. – Копыскага павета). У час вайны 1812 г. тут размяшчаўся французскі гарнізон, дзейнічала падпрэфектура. У ноч з 12 на 13 лістапада 1812 г. у Бабры знаходзіўся імператар Напалеон. Пры адступленні французскіх войск мястэчка было часткова спалена.
З 1842 г. мястэчка ўваходзіла ў Копыскі павет Магілёўскай губерні. У гэтым жа годзе ў Бабры пабудавана царква, у 1862 г. заснаваны мураваны парафіяльны касцёл (не захаваліся). У 1869 г. адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 320 двароў, пражываў 2401 жыхар, дзейнічалі 3 вадзяныя млыны, гарбарны завод, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, царква, карчма, спіртзавод, лячэбніца. Тры разы ў год праводзіліся кірмашы.
У час Першай сусветнай вайны з лютага да лістапада 1918 г. Бобр займалі германскія войскі. З лютага 1919 г. мястэчка ўваходзіла ў РСФСР, з сакавіка 1924 г. – у склад БССР. З 20 жніўня 1924 г. Бобр стаў цэнтрам сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 г. – Мінскай, з 18 чэрвеня 1927 г. – Аршанскай акруг. У 1926 г. тут налічвалася 550 двароў, пражывала 2500 жыхароў, працавалі лесапільня, яўрэйская і сямігадовая школы, фельчарска-акушэрскі пункт. У 1928 г. арганізаваны калгас “Чырвоная ніва”. У 1930-я гг. дзейнічалі слясарная майстэрня “Ударнік”, кавальская арцель “Металіст”, клуб, школа, дзіцячы дом і інш. 20 лютага 1938 г. мястэчка ўвайшло ў склад Мінскай вобласці, з 27 верасня 1938 г. з’яўлялася вёскай, 17 лютага 1941 г. атрымала статус гарадскога пасёлка.
У час Вялікай Айчыннай вайны з 1 ліпеня 1941 г. Бобр быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія 10 кастрычніка 1941 г. расстралялі 961 мірнага жыхара. Усяго за гады акупацыі ў пасёлку спалена 390 двароў, загінулі 1237 чалавек. Вызвалены 27/28 чэрвеня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі. Пасля вайны Бобр быў адбудаваны, аднавілі работу прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У жніўні 1944 г. пачалі дзейнічаць маслазавод і вадзяны млын, пазней электрастанцыя, клуб, хата-чытальня. З 1960 г. гарадскі пасёлак стаў цэнтрам саўгаса “Бобр”.
У цяперашні час тут працуюць вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, паштовае аддзяленне. Дзейнічаюць лясніцтва, прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання і інш.
У пасёлку знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў, загінуўшых пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнік землякам, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны аддалі сваё жыццё за перамогу над ворагам, каля гар. пас. Бобр – помнік В. М. Чабатарову, Герою Савецкага Саюза, які загінуў тут у баі 27 чэрвеня 1944 г. На тэрыторыі Бобрскай сярэдняй школы ўсталяваны бюст В. М. Чабатарова. Бобр з’яўляецца радзімай Герояў Савецкага Саюза М. Д. Конанава і В. А. Князева.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.