Дата начала: XVІ ст. Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Названия на других языках: Великий Бор (русский);
Аграгарадок Вялікі Бор уваходзіць у склад Велікаборскага сельсавета Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 22 км на поўнач ад Хойнікаў, 99 км ад Гомеля.
На поўдні ад аграгарадка ва ўрочышчы Семеч (Семенч) археолагамі было выяўлена гарадзішча ранняга жалезнага веку. Пісьмовыя ж узгадкі пра Вялікі Бор адсылаюць да XVI ст. Адным з ранніх упамінанняў пра населены пункт з’яўляецца запіс ад 20 чэрвеня 1600 г., які сведчыць, што сяленне Вялікі Бор у той час належала панам Харлінскім. У 1620-я гг. пры правядзенні размежавання паміж Мазырскім паветам Вялікага Княства Літоўскага і Кіеўскім ваяводствам Кароны Польскай Вялікі Бор пакінуты за Кіеўскім ваяводствам. На 1683 г. вёска Вялікі Бор Хойніцкай воласці Оўруцкага павета складалася з 9 двароў, з’яўлялася ўласнасцю князя Шуйскага. З інвентара маёнтка Хойнікі 1689 г. вядома, што гэта тэрыторыя (у тым ліку і вёска Вялікі Бор) належала Зыгмунту Шукце. У 1721 г. вёска Вялікі Бор налічвала ўжо 27 двароў. На 1734 г. гэта прыватная ўласнасць князя Ігнацыя Шуйскага, харунжага Брэсцкага.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Вялікі Бор апынулася ў складзе Расійскай імперыі ў Рэчыцкай акрузе (праз 3 гады – Рэчыцкім павеце) Чарнігаўскага намесніцтва. На 1795 г. у вёсцы было 59 двароў і 519 жыхароў. У канцы 1790-х – пачатку 1800-х гг. вёска Вялікі Бор – прыватнае ўладанне Людвіка Прозара. На тэрыторыі населенага пункта працаваў паташны завод. З 1797 г. вёска ў складзе Мінскай губерні. Да 1831 г. дзейнічала ўніяцкая царква. У 1844 г. Вялікі Бор у складзе маёнтка Хойнікі, з 1860-х гг. – у складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1866 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1871 г. замест старога будынку царквы ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы быў узведзены новы, пры ім дзейнічала парафіяльная школа. У 1886 г. у вёсцы быў конны млын. Згодна з першым перапісам Расійскай імперыі 1897 г. у вёсцы Вялікі Бор налічвалася 795 жыхароў, было 162 двары, працавалі народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма.
З вясны да снежня 1918 г. вёска знаходзілася ў складзе Украінскай дзяржавы на чале са стаўленікам кайзераўскай Германіі гетманам Паўлам Скарападскім. З 1 студзеня 1919 г. Вялікі Бор у складзе ССРБ, пасля 16 студзеня гэтага ж года – у складзе РСФСР. У мясцовай пачатковай школе ў 1920 г. навучаліся 120 вучняў. 8 снежня 1926 г. вёска Вялікі Бор зноў апынулася ў складзе БССР і стала цэнтрам аднайменнага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 г. – Гомельскай акруг. У 1930 г. утвораны калгас “Чырвоны Бор”, працавалі вятрак, цагельня, кузня, стальмашня. З 20 лютага 1938 г. вёска Вялікі Бор уваходзіла ў склад Палескай вобласці. У 1940 г. у вёсцы было 420 дамоў і 1800 жыхароў.
Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след у гісторыі населенага пункта. З пачаткам акупацыі летам 1941 г. у дачыненні да жыхароў пачала ажыццяўляцца палітыка генацыду. 3 чэрвеня 1943 г. фашысты правялі карную аперацыю, у выніку якой вёска была спалена поўнасцю, забіты 36 мірных жыхароў. У лістападзе 1943 г. Хойніцкі раён быў вызвалены ад акупантаў. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінула 118 жыхароў вёскі Вялікі Бор. У памяць пра загінулых землякоў у 1971 г. быў адкрыты помнік. Таксама маецца магіла ахвяр фашызму (83 чалавека).
З 8 студзеня 1954 г. Вялікі Бор знаходзіцца ў складзе Гомельскай вобласці. Згодна з Перапісам насельніцтва 1959 г., вёска – цэнтр саўгаса “Велікаборскі” з 988 жыхарамі, школай, Домам культуры, бібліятэкай, 2 магазінамі, адзяленнем сувязі. 15 жніўня 1974 г. цэнтр сельсавета быў перанесены ў вёску Партызанская Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1986–1992 гг. у вёсцы Вялікі Бор узведзены мураваныя дамы на 68 кватэр для перасяленцаў з забруджаных тэрыторый у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У сярэдзіне 1990-х гг. у вёсцы адроджаны абрад “Провады русалкі”, які ладзіцца да сённяшняга дня ў так званую “русальную нядзелю” (другая нядзела пасля свята Троіцы). Гэты абрад унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. У 2000-я гг. Вялікі Бор стаў аграгарадком. З 25 лістапада 2008 г. населены пункт зноў цэнтр сельсавета.
У 2021 г. у аграгарадку налічвалася 274 гаспадаркі і 658 жыхароў. Велікаборская сярэдняя школа носіць імя вядомага пісьменніка Барыса Сачанкі. У Велікаборскім цэнтры вольнага часу ў гонар знакамітага земляка-празаіка створаны музей.
У 2024 г. у рамках рэалізацыі плана пілотнага праекта ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021–2025 гг. аграгарадок Вялікі Бор стаў першым населеным у Беларусі, які поўнасцю быў пераведзены на электраацяпленне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
