Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання заснаваны 1 кастрычніка 1960 г. як прадпрыемства па выпуску тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. З 1976 г. знаходзіўся ў складзе вытворчага аб’яднання «Беларусгандальмаш». У 1987 г. завод быў перайменаваны ў Гродзенскае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання (вытрорчае аб’яднанне «Гродгандальмаш»). З 1995 г. – завод гандлёвага машынабудавання. З 2001 г. – Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання» (РУП «Гродгандальмаш»). У 2008 г. прадпрыемства пераўтворана ў ААТ «Гродгандальмаш».
Асноўнымі відамі вырабленай на заводзе прадукцыі з’яўляюцца медыцынскае абсталяванне, спажывецкія тавары, посуд, тэхналагічнае абсталяванне для грамадскага харчавання, сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў харчовай перапрацоўкі і інш. З 2007 г. выкарыстоўваецца сістэма менеджменту якасці вытворчасці прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням стандартаў ISO 9001-2015.
На прадпрыемстве дзейнічае Комплексная праграма па мадэрнізацыі дзеючых і стварэнні новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў. У рамках праграмы ажыццяўляецца мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне дзеючай вытворчасці, пашыраюцца наменклатура вырабаў, рынак збыту, дылерская сетка, удасканальваецца сэрвіснае абслугоўванне. Ажыццяўляецца кадравая аптымізацыя розных катэгорый персаналу. Укараняюцца сістэмы кіравання вытворчымі працэсамі, рэсурсамі прадпрыемства і вытворчымі актывамі. Эканамічная эфектыўнасць прадпрыемства павышаецца дзякуючы стварэнню мабільнай машынабудаўнічай вытворчасці з гібкай тэхналогіяй, выкарыстанню высокатэхналагічнага, энергазберагальнага абсталявання.
Прадукцыя завода экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан, краіны Балтыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.