Дата начала:
11.04.1996 Драгічынскі і Кобрынскі раёны, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Reserv Zvanets (английский); Званец (русский);
2214 символа
Справка
Біялагічны (з 2010 г. ландшафтны) заказнік рэспубліканскага значэння “Званец” быў створаны ў Драгічынскім і Кобрынскім раёнах Брэсцкай вобласці ў 1996 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. У 1998 г. заказнік атрымаў міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі, у 2002 г. – водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.
Ахоўная тэрыторыя плошчай больш за 16 тыс. га ўяўляе сабой буйнейшае ў Еўропе нізіннае балота мезатрофнага тыпу са шматлікімі адкрытымі мінеральнымі астравамі. Размешчана яно ў міжрэччы Дняпроўска-Бугскага, Белаазёрскага і Арэхаўскага каналаў. З паўднёвага і паўночна-заходняга боку масіў абмежаваны меліярацыйнымі сістэмамі. У складзе зямель заказніка балоты займаюць 74% тэрыторыі. Расліннасць прадстаўлена драбналессем (бяроза пушыстая, вярба попельная і размарыналістая, дуб, асіна), шматлікім кустоўем (арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая) і невялікімі лугамі. Відавы склад сасудзістых раслін налічвае 644 віды, у тым ліку 18 рэдкіх (венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, тайнік яйцападобны, пальчатакарэннік майскі, шпажнік чарапіцавы, вярба чарнічная і інш.). Фаўна прадстаўлена млекакормячымі (дзік, казуля, воўк, янотападобны сабака, андатра, бабёр, выдра), птушкамі (крыжанка, кулік, цецярук), паўзунамі, 40 відамі матылёў. Сярод ахоўных відаў барсук, рысь, балотная чарапаха, грабеньчаты трытон, жужаль фіялетавы, аўсянка садовая, варакушка, шэры журавель, вялікі арлец, дубальт, вялікі кулон. Асаблівае міжнароднае значэнне тэрыторыя мае для захавання буйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чарацянкі.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў праводзяцца экскурсіі, абсталяваны экалагічныя сцежкі. У наваколлі выяўлены гарадзішчы, курганныя могільнікі і стаянкі старажытнага чалавека. На некаторых участках Дняпроўска-Бугскага канала зберагліся гідратэхнічныя збудаванні канца ХІХ – пачатку ХХ ст. У межах прыроднага комплексу распаўсюджана бортніцтва.