Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
Дата начала:
21.11.1914 Мінск, г.
Краткая справка:
вядучая вышэйшая навучальная ўстанова педагагічнага профілю, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2016), Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2018)
Краткие названия:
БДПУ
Названия на других языках:
Belarusian state pedagogical university named after Maxim Tank (английский); Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка (русский);
Предыдущие названия:
Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут; Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт; Белорусский государственный высший педагогический институт; Белорусский государственный высший педагогический институт имени М. Горького; Белорусский государственный педагогический университет; Минский институт народного образования; Минский учительский институт; Мінскі педагагічны інстытут; Педагагічны факультэт БДУ; Педагогический факультет БГУ
6186 символов
Справка
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка – вядучая навучальная ўстанова ў сістэме нацыянальнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Універсітэт мае багатую і цікавую гісторыю. У 1914 г. быў адкрыты Мінскі настаўніцкі інстытут. Аднак Першая сусветная вайна перапыніла яго дзейнасць. Інстытут быў эвакуіраваны ў Яраслаўль. У маі 1918 г. пераўтвораны ў вышэйшую педагагічную навучальную ўстанову з чатырохгадовым тэрмінам навучання. У ім функцыянавалі сацыяльна-гістарычнае, літаратурна-мастацкае, фізіка-хімічнае і прыродазнаўча-геаграфічнае аддзяленні. У 1920–1921 гг. надышоў наступны этап у рэфармаванні педагагічных інстытутаў Беларусі: створаны новы тып педагагічнай навучальнай установы – інстытут народнай адукацыі, дзе прадугледжвалася падрыхтоўка не толькі настаўнікаў, але і дашкольных, і пазашкольных работнікаў. Мінскі настаўніцкі інстытут атрымаў новую назву – Мінскі інстытут народнай адукацыі. Чарговая рэарганізацыя пачалася ў 1922 г. Інстытут быў пераўтвораны ў педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1931 г. факультэт выдзелены ў самастойны Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут у складзе трох факультэтаў – сацыяльна-эканамічнага, літаратурна-лінгвістычнага і педолага-педагагічнага з трохгадовым тэрмінам навучання. У другой палавіне 1930-х гг. меў ужо пяць факультэтаў – гістарычны, мовы і літаратуры, геаграфічны, педагагічны і замежных моў. У 1935 г. стаў называцца Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытутам. У 1936 г. навучальнай установе прысвоена імя М. Горкага. Для лепшых студэнтаў літаратурнага факультэта ўстанаўліваліся персанальныя Горкаўскія стыпендыі. Перад Вялікай Айчыннай вайной інстытут быў адной з буйнейшых вышэйшых педагагічных навучальных устаноў краіны. Ён паспяхова вырашаў задачы выхавання кваліфікаваных настаўніцкіх кадраў. У час вайны будынак установы быў поўнасцю разбураны. 29 ліпеня 1944 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову аб аднаўленні дзейнасці інстытута. У сувязі з пашырэннем у рэспубліцы сеткі педагагічных навучальных устаноў на базе яго факультэта замежных моў у 1948 г. створаны Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Пасля рэарганізацыі Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага складаўся з наступных факультэтаў: мовы і літаратуры з аддзяленнямі рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры; гістарычнага з вячэрнім аддзяленнем; фізіка-матэматычнага з аддзяленнямі фізікі і матэматыкі; педагагічнага; бібліятэчнага. Важную ролю ў падрыхтоўцы педагагічных кадраў адыгрывала аспірантура, якая аднавіла сваю дзейнасць пасля вайны. Большасць з тых, хто закончыў яе, абаранілі кандыдацкія дысертацыі і засталіся працаваць у інстытуце. Падрыхтоўка кандыдатаў навук для інстытута вялася і ў вядучых ВНУ Масквы і Ленінграда. У 1975 г. бібліятэчны факультэт выйшаў са структуры інстытута і стаў асновай для стварэння Мінскага інстытута культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Да 1993 г. колькасць факультэтаў павялічылася да 13. Сярод іх новымі былі музычна-педагагічны; дэфекталагічны; дашкольнага выхавання; даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай і працоўнай моладзі; падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў народнай асветы; сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі.
Неабходнасць вырашэння праблем, якія ўзніклі ў сістэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі, актуальнасць практычнай рэалізацыі прагрэсіўных метадаў падрыхтоўкі педагагічных кадраў вызначылі новы кірунак рэфармавання вышэйшай педагагічнай адукацыі. Рэарганізацыя ў 1993 г. Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (БДПУ) паклала пачатак яго станаўленню як вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме педагагічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1995 г. універсітэту прысвоена імя народнага паэта Беларусі М. Танка. У БДПУ вядзецца шматузроўневая сістэма падрыхтоўкі педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі. На працягу першых двух гадоў студэнты набываюць базавую падрыхтоўку. На трэцім курсе (па жаданні) яны праходзяць дадатковы курс падрыхтоўкі бакалаўраў і атрымліваюць дыплом бакалаўра адукацыі ў галіне абранага профілю. Змест такой адукацыі ўключае паглыбленую гуманітарную, фундаментальную, навуковую і прафесійна арыентаваную падрыхтоўку па адпаведных кірунках. Наступная ступень – магістратура – прадугледжвае навуковую, педагагічную, а таксама паглыбленую падрыхтоўку ў канкрэтным напрамку прафесійнай дзейнасці. У магістратуру маюць права паступаць усе жадаючыя з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, якія маюць дыплом з адзнакай і ступень бакалаўра. Магістры ўладкоўваюцца на працу ў каледжы, гімназіі, ліцэі, ВНУ. Хто жадае далей займацца навукова-даследчыцкай дзейнасцю, накіроўваецца ў аспірантуру.
Сёння ў структуры БДПУ налічваецца 13 факультэтаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, аспірантура, дактарантура, бібліятэка, цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі, вучэбна-выдавецкі цэнтр, навукова-даследчыцкі цэнтр. Функцыянуюць чатыры саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Дзейнічаюць аграбіястанцыя, спартыўны комплекс, музей, планетарый. Выдаюцца навукова-метадычны часопіс “Весці БДПУ” і газета “Настаўнік”.
За 100 гадоў сваёй дзейнасці ўніверсітэт набыў высокую рэпутацыю, стаў вядучай ВНУ педагагічнага профілю. Прафесарска-выкладчыцкі састаў імкнецца да таго, каб адукацыя, якую атрымліваюць ва ўстанове, адпавядала лепшым стандартам і адрознівалася класічным універсітэцкім падыходам – спалучэннем фундаментальнасці, практычнасці і педагагічнай накіраванасці. Калектыў БДПУ узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972) і Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь (1997). У 2004 г. пры ўдзеле Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у галоўным корпусе быў устаноўлены маятнік Фуко. З 2007 г. універсітэт – правадзейны член Еўразійскай Асацыяцыі ўніверсітэтаў, што сведчыць аб высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама аб магчымасцях яго інтэграцыі ў міжнароднае ўніверсітэцкае таварыства.