Краткая справка:
установа культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998)
Названия на других языках:
Могилёвская областная библиотека имени В.И. Ленина (русский);
Предыдущие названия:
Магілёўская абласная аб'яднаная бібліятэка імя У.І. Леніна; Могилёвская областная библиотека им. В.И. Ленина; Могилёвский филиал Государственной библиотеки БССР им. В.И. Ленина
6501 символ
Справка
Магілёўская абласная бібліятэка імя У.I. Леніна пачала сваю дзейнасць у сярэдзіне 1930-х гг. 5 студзеня 1935 г. быў падпісаны загад аб адкрыцці Магілёўскага аддзялення Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. У 1938 г. бібліятэка ў Магілёве стала самастойнай установай і метадычным цэнтрам бібліятэк Магілёўскай вобласці. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны у фондах абласной бібліятэкі захоўвалася каля 70 тыс. экзэмпляраў дакументаў. Установа значна пацярпела ў ваенны час, аднак дзякуючы дапамозе бібліятэк СССР, намаганнямі супрацоўнікаў і мясцовых жыхароў даволі хутка аднавіла свае фонды. З сярэдзіны ХХ ст. Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна з’яўлялася адной з лепшых бібліятэк нашай краіны і неаднаразова станавілася пераможцам спаборніцтваў сярод культурна-асветных устаноў БССР.
Сёння Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна з’яўляецца буйнейшай дзяржаўнай публічнай бібліятэкай Магілёўшчыны. У аснову яе функцыянавання закладзены прынцыпы даступнасці і адкрытасці рэсурсаў і інфармацыі аб іх для карыстальнікаў, спалучэнне якасці і аператыўнасці ў прадастаўленні паслуг, камфортнасць абслугоўвання, інавацыйнае развіццё, рацыянальнае выкарыстанне кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і фінансавых рэсурсаў. У фондах бібліятэкі налічваецца больш за 700 тыс. адзінак дакументаў. Асноўную частку з іх складаюць кнігі і брашуры (71%). Фонд рэдкіх выданняў налічвае больш за 5 тыс. экзэмпляраў, а фонд рарытэтнай краязнаўчай літаратуры – больш за 2 тыс. Знайсці і замовіць патрэбны дакумент можна праз электронны каталог бібліятэкі, размешчаны на афіцыйным інфармацыйным сайце ўстановы (адрас – http://libmogilev.by). Акрамя работы з уласным электронным каталогам супрацоўнікі абласной бібліятэкі адказваюць за напаўненне Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога, падтрымліваюць сувязі з генератарамі Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.
Штогод сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі наведваюць каля 130 тыс. чалавек. З 2000 г. на базе бібліятэкі дзейнічае Публічны цэнтр прававой інфармацыі, які гарантуе бясплатны доступ да аўтаматызаванага эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Эталон”. З 2008 г. установа мае доступ да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і электронных рэсурсаў НББ, яе інфармацыйных партнёраў і замежных вытворцаў. З 2019 г. карыстальнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі маюць магчымасць бясплатна атрымліваць літаратуру з электроннай бібліятэкі “ЛитРес”. Студэнтам, выкладчыкам і медыцынскім спецыялістам будзе карыснай інфармацыя з электроннай медыцынскай бібліятэкі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі. З мэтай забеспячэння свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў для розных груп насельніцтва створаны інфармацыйныя сайты для ўсіх бібліятэчных сетак і цэнтралізаваных сістэм вобласці, актыўныя гіперспасылкі да якіх размешчаны на сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі.
У абласной бібліятэцы працуе штат высокакваліфікаваных спецыялістаў, большасць з якіх мае вышэйшую і спецыяльную бібліятэчную адукацыю. Дзякуючы іх намаганням праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, экскурсіі, музейныя ўрокі, выставы, літаратурна-музыкальныя вечары, сустрэчы з творчымі людзьмі Магілёўскага краю. Штогод у бібліятэцы адбываецца каля 500 розных мерапрыемстваў для ўсіх катэгорый карыстальнікаў: дзяцей, падлеткаў і моладзі; людзей сярэдняга і сталага ўзростаў; ветэранаў, састарэлых і інвалідаў. Традыцыйнымі сталі навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя знакамітаму ўраджэнцу Магілёўшчыны, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі А.В. Пысіну, якія праводзяцца Магілёўскай абласной бібліятэкай з 2010 г. З 2011 г. пры ўстанове дзейнічае Музейны пакой гісторыі кнігі і бібліятэкі ў аснове экспазіцый якога – унікальныя матэрыялы, знойдзеныя ў выніку пошукавай і навуковай дзейнасці.
Магілёўская абласная бібліятэка з’яўляецца стваральнікам уласных краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў: “Край мой – Магілёўшчына”, “Таленты ад роднай зямлі”, “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога”, “Аляксей Пысін – журналіст”, “Кнігадрукары Магілёўшчыны”, “Имена Победы”, “Война лишила их юности”, “Улицы героев”, “Через войну, сквозь память, через судьбы”, “Могилев на Днепре, или История одной губернии”, “Жиличский Версаль”, “Малая родина. Деревеньки с большой историей” і г.д. Бібліятэкі рэгіёнаў таксама з’яўляюцца стваральнікамі краязнаўчых электронных рэсурсаў. З мэтай аб’яднання і сістэматызацыі звестак аб рэгіёне на адзінай інфармацыйнай прасторы супрацоўнікамі Магілёўскай абласной бібліятэкі створаны даведнік па інтэрнэт-рэсурсах бібліятэк, дзе прадастаўляецца аддалены доступ да баз даных, віртуальных праектаў, персанальных сайтаў, створаных бібліятэкамі Магілёўшчыны.
Шмат увагі надаюць супрацоўнікі абласной бібліятэкі стварэнню друкаванай прадукцыі: з 2014 г. два разы на год бібліятэкай выдаецца часопіс “Вестник библиотек”. Выданне змяшчае инфармацыю аб дзейнасці абласной бібліятэкі і бібліятэк рэгіёна. Штогод Магілёўская абласная бібліятэка рыхтуе да друку “Каляндар знамянальных і памятных дат па Магілёўскай вобласці”, “Каляндар літаратурных дат”, зборнік матэрыялаў “Пысінскіх чытанняў”, метадычныя рэкамендацыі і бібліяграфічныя паказальнікі. У 2003–2013 гг. бібліятэкай рыхтаваўся інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “Веснік бібліятэк”.
Спецыялісты абласной бібліятэкі – нязменныя ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, “Библиотека – центр духовного просвещения и воспитания”, “Лучший публичный центр правовой информации”. Магілёўская абласная бібліятэка з’яўляецца ініцыятарам правядзення прафесійных і чытацкіх рэгіянальных конкурсаў “В летопись Победы”, “Мы вместе – Дети. Книга. Библиотека”, “Я гэты край Радзімай клічу”, “Чалавек са шчодрым сэрцам”, “Зямлі вялікай галасы” і інш. Для павышэння прафесіяналізму і якасці абслугоўвання карыстальнікаў штогод праводзяцца ўнутрыбібліятэчныя конкурсы сярод структурных падраздзяленняў абласной бібліятэкі.
Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна падтрымлівае добрыя сувязі з бібліятэкамі суседніх краін. Яе супрацоўнікі штогод прымаюць удзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах, форумах і марафонах, анлайн-сустрэчах, патрыятычных акцыях.
Аб творчых дасягненнях абласной бібліятэкі можна даведацца з інфармацыі, змешчанай на афіцыйным сайце ўстановы, у электронных і друкаваных СМІ, радыёперадачах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, сацыяльных сетках.