Сваю назву часопіс “Пралеска” атрымаў ад першай вясенняй, доўгачаканай блакітнай кветкі, якая ў многіх асацыіруецца з пачаткам новага, цудоўнага жыцця. Дзяржаўнае прафесійнае выданне кампетэнтна інфармуе аб правільным выхаванні, адукацыі, гарманічным фізічным, інтэлектуальным, маральным развіцці нашых маленькіх жыхароў – дзяцей дашкольнага ўзросту. “Пралеска” публікуе навуковыя агляды, праблемныя артыкулы, вынікі розных даследаванняў і многія іншыя матэрыялы на беларускай і рускай мовах. Часопіс адрасаваны работнікам адукацыйных дашкольных устаноў, бацькам.
Навукова-метадычнае выданне “Пралеска” заснавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выходзіць штомесячна тыражом больш за 11 тыс. экзэмпляраў. Індывідуальная падпіска – 74983, ведамасная – 749832. Часопіс прапагандуе навуковыя распрацоўкі сучасных педагагічных і метадычных тэхналогій; асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, праблемы і поспехі ў сямейным выхаванні, у тым ліку з вопыту замежных краін; друкуе артыкулы вучоных, творы беларускіх пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры; прапануе сцэнарыі розных заняткаў, ранішнікаў, а таксама дае парады, як арганізаваць і выкарыстаць гульнявую прастору ў яслях-садах і дома, умацаваць здароўе, развіць таленты і інш. Увазе чытачоў прадстаўляюцца нарматыўныя дакументы і іншая карысная інфармацыя адпаведнай тэматыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы часопіса размеркаваны па розных рубрыках, якія дазваляюць аператыўна знаходзіць неабходную інфармацыю: “Адораныя дзеці”, “Азбукоўнік беражлівых”, “Актуальна!”, “Бяспека жыццядзейнасці”, “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”, “Гульня: жыццё і дзейнасць дзіцяці”, “Якасць адукацыі” і інш.
З 1993 г. выходзіць дадатак да выдання “Буслянка”. Існуе сямейны клуб “Пралескі”, у межах якога публікуюцца інфармацыйныя, аналітычныя, навуковыя матэрыялы, якія закранаюць пытанні ўзаемадзеяння ў сям'і, магчымыя шляхі стварэння спрыяльных умоў для індывідуальнага развіцця дзіцяці і інш. Адзін раз у два месяцы выходзіць тэматычны выпуск “Алеся”, у якім асвятляюцца пытанні здароўя, інтарэсы сучасных жанчын.
Вось ужо 20 гадоў “Пралеска” карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод шырокага кола чытачоў. Колькасць прыхільнікаў часопіса з кожным годам павялічваецца, што сведчыць аб высокай якасці выдання, актуальнасці і значымасці. Знайсці інфармацыю пра навукова-метадычны часопіс, а таксама пазнаёміцца з архівам “Пралескі” можна на сайце http://praleska-red.by.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.