Салігорскі краязнаўчы музей быў заснаваны ў чэрвені 1976 г., адкрыты для наведвальнікаў 11 жніўня 1984 г. Плошча яго экспазіцыі – 380 кв.м, выставачная – 70 кв.м. Асноўны фонд складае больш за 13 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 3410 (дадзеныя 2015 г.).
У музеі прадстаўлены наступныя калекцыі: дрэваапрацоўчыя рамёствы, баністыка, фалерыстыка, гузікі, вайсковая амуніцыя, зброя, цацкі, прыстасаванні для гульняў, музычныя інструменты, фотадакументы, мастацтва, друкаваныя выданні, ткацтва, вышыўка і пляценне, адзенне, ганчарства, кавальства і металаапрацоўка, гадзіннікі, сплаўны промысел, археалогія, гісторыя, этнаграфія, нумізматыка, рэчыўныя помнікі, дакументы і інш. Найбольшую цікавасць уяўляюць этнаграфічная калекцыя, скарб манет барацінак, дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны, каменныя прылады працы ІІ–І-га тыс. да н. э., прадметы побыту беларускіх сялян ХІХ – пачатку ХХ ст., інтэр'ер сялянскай хаты, узоры народнага адзення і ткацтва і інш. Экспазіцыя музея размешчана ў трох залах, якія, дзякуючы мастаку А.В. Клязовічу, маюць унікальнае афармленне і канструктыўна нагадваюць шахтавыя штрэкі (гарызантальныя горныя вырабаткі). Яна складаецца з наступных тэматычных раздзелаў: «Археалогія», «Наш край у 1920–40-я гг.», «Пасляваенны перыяд», «Гісторыя горада Салігорска», «Этнаграфія», «Культура», «Геалогія», «Прырода і экалогія». Вялікай папулярнасцю карыстаецца раздзел «Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны», які прысвечаны партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі рэгіёна. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, прадметы побыту, абсталяванне партызанскай майстэрні па вырабу і рамонту зброі. Асаблівую каштоўнасць маюць рэчы Героя Савецкага Саюза генерала В.З. Каржа, ураджэнца в. Хорастава Салігорскага раёна – камандзіра першага партызанскага атрада на тэрыторыі Беларусі і былога СССР. Значнае месца ў экспазіцыі музея займае зала, прысвечаная будаўніцтву калійных руднікаў і самога Салігорска, гісторыі ААТ «Беларуськалій». Дэманструюцца прылады працы шахцёраў, фотаздымкі, асабістыя рэчы першых будаўнікоў. Экспанаты даюць уяўленне аб побыце, культуры, адукацыі горада ў 1960–1970-я гг. Раздзел «Гісторыя горада Салігорска» дапоўнены падраздзеламі «Ганаровыя грамадзяне г. Салігорска» і «Гарады-пабрацімы». У раздзеле «Геалогія» захоўваюцца калекцыі мінералаў і палеанталагічных знаходак дэвонскага перыяду, матэрыялы аб адкрыцці і распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей. У аснове афармлення экспазіцыі знаходзіцца макет «Разрэз калійнай шахты», выкананы з наземнымі прамысловымі збудаваннямі, штрэкамі, гарызонтамі і муляжамі шахтнага падземнага абсталявання. Музей валодае найбагацейшай калекцыяй жывёл, птушак, насякомых Беларусі. У дыяраме «Лес» выстаўлены чучалы зубра, аленя, ваўка, дзіка. У цяперашні час вядзецца работа па пашырэнні экспазіцыі музея «Наш край са старажытнасці да нашых дзён», у якую плануецца ўвесці новыя раздзелы «Старажытнае паселішча на тэрыторыі нашага края» і «Край у эпоху развітога і позняга феадалізму».
Штогод Салігорскі краязнаўчы музей наведвае больш за 20 тыс. чалавек. Каб зацікавіць наведвальнікаў, яго супрацоўнікі арганізоўваюць экскурсіі, чытаюць лекцыі, праводзяць музейна-педагагічныя заняткі, віктарыны і іншыя мерапрыемствы. У музеі вядзецца навукова-даследчая, фондавая, збіральніцкая, экспазіцыйна-выставачная, навукова-асветніцкая, метадычная, інфармацыйна-выдавецкая дзейнасць.
Матэрыял падрыхтаваны Салігорскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2016 г.