Творчы саюз створаны ў 1991 г. на базе Музычнага таварыства Беларусі (дзейнічала з 1987 г., з 1995 г. называўся Саюз музычных дзеячаў Беларусі, з 1999 г. атрымаў сучасную назву). Асноўныя мэты дзейнасці – адраджэнне беларускай нацыянальнай музычнай культуры, каардынацыя дзейнасці рэспубліканскіх устаноў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і грамадзян у вырашэнні праблем развіцця нацыянальнай культуры і мастацтва, удзел у абароне прафесійных правоў сваіх членаў, павышэнне кваліфікацыі і выканальніцкага майстэрства музыкантаў. Вышэйшы кіруючы орган Саюза – з'езд. Старшынёй БСМД з'яўляецца Міхась Дрынеўскі. Грамадскае аб’яднанне праводзіць майстар-класы, семінары-практыкумы, выстаўкі музычных інструментаў, канферэнцыі, юбілейныя, мемарыяльныя і дабрачынныя імпрэзы, арганізуе ўдзел выканаўцаў у міжнародных музычных конкурсах і фестывалях.
Беларускі саюз музычных дзеячаў з'яўляецца заснавальнікам сямі прафесійных асацыяцый: майстроў музычных інструментаў, цымбалістаў, дамрыстаў і мандаліністаў, перкусіі, кіраўнікоў хароў хлопчыкаў і юнакоў, баяністаў і акардэаністаў, оперна-сімфанічных дырыжораў. Пры Саюзе дзейнічаюць шэсць творчых калектываў. БСМД – адзін з заснавальнікаў фестываляў «Срэбраны звон цымбалаў» (Маладзечна, 1998 г.), «Cтудзеньскія музычныя вечары» (Брэст, з 1989 г.), «Нараджэнне капэлы» (Мінск, 1991–1992 гг.), дэкад народна-інструментальнага мастацтва «Славянскі вянок» (Брэст, 1998 г., 2008 г.), цыкла канцэртаў «Музычнае прынашэнне». Аб'яднанне падтрымлівае творчыя сувязі з Сусветнай цымбальнай асацыяцыяй, Міжнародным саюзам музычных дзеячаў, Беларускай канфедэрацыяй творчых саюзаў.
За апошнія пяць гадоў кардынальна змяніліся сувязі БСМД і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёння яны садзейнічаюць правядзенню значных сумесных акцый, што пацвярджае аўтарытэт саюза як арганізацыі, якая сур'ёзна дапаўняе работу дзяржаўных структур у галіне музычнага мастацтва. Міністэрства імкнецца падтрымліваць людзей культуры, іх праекты, ствараць умовы для творчай працы прадстаўнікам гэтай сферы. Дзейнічае шэраг дзяржаўных праграм, якія спрыяюць падтрымцы і заахвочванню таленавітых асоб і калектываў праз ганаровыя званні, мэтавыя стыпендыі, прэміі, адрасную фінансавую дапамогу, бо прыярытэтнай робіцца задача менавіта ўкладваць у творцу. У Міністэрстве культуры чакаюць прапаноў ад Саюза, каб адзначаць вартых увагі людзей, якія працуюць не толькі на сталічнай музычнай ніве, тут прымуць усе цікавыя ідэі, здатныя стаць асновай супольных праектаў.
Шмат увагі БСМД удзяляе праблеме набыцця і рамонту музычных інструментаў, абумоўленую неабходнасцю павелічэння аб'ёму сродкаў на закупку інструментаў, выраб якіх ажыццяўляецца толькі за мяжой. Сёння ў нашай сталіцы зношанасць музычнага інструментарыя дасягнула крытычных 90%. Толькі дзякуючы выкладчыкам і кіраўнікам профільных навучальных устаноў удаецца захоўваць у краіне фонд інструментаў і нават папаўняць яго новымі экзэмплярамі.
Саюз сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь вырашае і спецыфічную праблему кадраў, звязаную з неабходнасцю вандровак за мяжу: у творчыя камандзіроўкі, на вучобу, стажыроўку.
За гады працы БСМД даказаў сваё права на актыўную жыццядзейнасць, падтрымку дзяржавы ў ажыццяўленні складаных задач маральна-эстэтычнага выхавання.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.