“Гомельская праўда” – абласная газета, якую сапраўды можна назваць унікальнай энцыклапедыяй роднага краю, глыбокім гістарычным зрэзам жыцця Гомельшчыны. Выдаецца з 1917 г. у Гомелі на беларускай і рускай мовах тры разы на тыдзень. Заснавальнікамі газеты з’яўляюцца Гомельскі абласны выканаўчы камітэт і Гомельскі абласны Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”.
У час акупацыі Гомеля нямецкімі войскамі (люты 1918 – студзень 1919 г.) газета не выходзіла. У Вялікую Айчынную вайну, падчас якой загінула трэцяя частка даваеннага складу рэдакцыі, яна стала органам Гомельскіх падпольных абкама і гаркама КП(б)Б (выходзіла з 1 мая па 20 лістапада 1943 г., рэдактар М.І. Пахомаў. Пасля вайны “Гомельская праўда” з’яўлялася органам Гомельскага абласнога і Гомельскага гарадскога камітэтаў КПБ, абласнога і гарадскога Саветаў народных дэпутатаў. З верасня 1991 г. – абласная газета.
Газета шэсць разоў мяняла сваю назву. Спачатку выходзіла як “Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”, потым – “Известия революционного комитета города Гомеля и уезда”, “Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и красноармейских депутатов”, “Путь Советов”, “Полесская правда”. З 15 лістапада 1938 г. нязменна называецца “Гомельская праўда”. Сёння гэта не проста назва, а гучнае імя, якое вядома далёка за межамі нашай краіны. “Гомельская праўда” асвятляе пытанні грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага жыцця Гомельшчыны; публікуе матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, мастацтве, медыцыне, спорту, асвятляе і міжнародныя падзеі; друкуе журналісцкія агляды, артыкулы пра знакамітых людзей вобласці, па сямейным выхаванні; паэзію, прозу маладых аўтараў. Штомесячна выходзяць тэматычныя старонкі “Молодёжный пульс”, “Здесь наш дом”, “Досье”, “Профсоюзы и время”, “Служба спасения 01”. З 1998 г. выдае сумесна з расійскімі і ўкраінскімі газетамі спецыяльны выпуск “Живая вода”, дзе асвячаецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі, Расіі і Украіны.
Сярод рэдактараў, якія ў розныя часы ўзначальвалі газету, вызначыліся сапраўды легендарныя асобы: Мікалай Білецкі (загінуў ў барацьбе з ворагамі падчас Стракапытаўскага паўстання ў Гомелі), Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскага злучэння ў гады вайны Іллю Кожара. Іх імёнамі зараз названы вуліцы абласнога цэнтра. У ліку людзей, якія ў калектыве служылі прыкладам выканання журналісцкага і грамадзянскага абавязку, варта назваць і паважаных ветэранаў Алену Лагуновіч, Вадзіма Тышкевіча, Станіслава Савасцеева, Мікалая Старчанку. Зараз газету ўзначальвае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” Сяргей Бяспалы.
Пад крылом абласной газеты вырасла не адно пакаленне яскравых журналістаў, пуцёўку ў жыццё тут атрымалі многія пісьменнікі і паэты. Так, у літаратурным аб’яднанні пры газеце дэбютаваў народны пісьменнік Беларусі І.П. Шамякін, тут пачынаў працоўную біяграфію П. Трус, друкаваўся І. Эрэнбург.
І сёння газета працягвае лепшыя традыцыі друкаванага слова, вядзе летапіс Гомельшчыны. Калі ўсе старонкі “Гомельскай праўды” перавесці ў звычайны кніжны фармат, то атрымаецца не менш за тысячу тамоў, і ў кожным з іх больш за пяць соцень старонак. Нездарма ў скарбонцы рэдакцыі нямала высокіх узнагарод: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета СССР, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Урада краіны. Ужо ў найноўшай гісторыі Беларусі газета адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. У 2007 г. у нацыянальным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі калектыву была ўручана “Золотая Литера” ў намінацыі “Лепшая абласная газета”. Нядаўна ў абласным цэнтры з’явіўся бульвар “Гомельскай праўды” – сведчанне аўтарытэтнасці выдання і павагі гараджан да сваёй газеты. У 2012 г. у гонар 95-годдзя з дня заснавання адкрыўся музей газеты “Гомельская праўда”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У.І. Леніна.