Краткая справка:
філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2020)
Краткие названия:
Бярэсце
Названия на других языках:
Byarestse, Archaeological Museum (не определен); Археологический музей "Берестье" (русский);
3177 символов
Справка
Унікальным месцам, дзе можна пазнаёміцца з матэрыяльнай культурай і духоўным светам продкаў, з’яўляецца археалагічны музей “Бярэсце” – адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада. Заснаваны ў Брэсце рашэннем Савета Міністраў БССР ад 18 студзеня 1972 г., адкрыты для наведвальнікаў 2 сакавіка 1982 г. Размешчаны на Шпітальным востраве (Валынскім умацаванні) Брэсцкай крэпасці на месцы дзядзінца старажытнага Брэста. З’яўляецца філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. З 1969 па 1981 г. і ў 1988 г. пад кіраўніцтвам археолага П. Ф. Лысенкі праводзіліся раскопкі, у выніку якіх былі выяўлены больш за 220 драўляных пабудоў XI–XIII стст., тры вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Для добра захаваных пабудоў быў узведзены спецыяльны павільён з бетону, шкла і анадзіраванага алюмінію. Яго абрысы нагадваюць старажытнае жыллё і адначасова пласты зямлі, якія адкрываюць тагачасны горад. У цэнтры павільёна – раскоп, што займае плошчу 1118 кв. м. На глыбіні 4 м знаходзіцца частка рамесніцкага квартала – 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў XIII ст., 2 вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печак. Культурны пласт таўшчынёй да 7 м і высокая вільготнасць дазволілі захаваць многія з пабудоў на 5–9 вянцоў, а некаторыя нават на 12 вянцоў, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Раскопкі выявілі арыгінальную планіроўку старажытнага Брэста, дзе асноўным планіровачным элементам былі вуліцы. Жыллёвыя пабудовы прымыкалі да вуліц глухімі сценамі, ставіліся ў 3–4 рады паміж вуліцамі на адлегласці 0,4–0,6 м адзін ад аднаго. Гэта былі наземныя аднакамерныя квадратныя ў плане збудаванні, зрубленыя ў просты кут з круглых бярвён хвойных парод. Дзвярныя праёмы прарубаліся ад 3–4-га вянца знізу ўверх на вышыню 6–7 вянцоў, вокны вышынёй у 1–2 вянцы размяшчаліся амаль пад самым дахам. Двухсхільныя дахі накрываліся колатымі дошкамі. Падмуркам служылі падкладкі пад вуглы дамоў ці рэшткі ранейшых пабудоў. Па абодвух баках раскопу размешчаны экспазіцыйныя залы плошчай 252 кв. м. У 14 залах-нішах прадстаўлены наступныя раздзелы: узнікненне і гісторыя старажытнага Брэста, яго планіроўка і забудова, рамёствы (кастарэзнае і гарбарнае, апрацоўка жалеза і каляровых металаў, прадзенне, ткацтва, ганчарства і дрэваапрацоўка), земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства, гандаль, культура; рэканструкцыя жылля берасцяніна (XIII ст.), а таксама гісторыя даследавання горада. У музеі прадстаўлена каля 1200 экспанатаў. Археалагічныя знаходкі сведчаць пра эканамічнае, культурнае жыццё старажытнага горада, шырокае распаўсюджанне рамёстваў і развіццё гандлёвых зносін. Сярод экспанатаў – інструменты, прадметы побыту (керамічны посуд, касцяныя іголкі, скураны абутак, жалезныя, драўляныя і каменныя прылады і інш.), упрыгажэнні, зброя і вайсковы рыштунак, а таксама рэдкія знаходкі (самшытавы грабеньчык з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхіны, пісала, драўляная дошчачка для пісьма – цэра, шахматныя фігуркі, дубовае арала з жалезным наканечнікам і інш.). Археалагічны музей “Бярэсце” ўваходзіць у залаты фонд культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.