Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лунінскі” быў створаны ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці ў 1997 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане каштоўных лясных фармацый і азёр з комплексам рэдкіх відаў жывёл і раслін.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 9,2 тыс. га ўяўляе сабой суцэльны лясны масіў, акружаны сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена азёрамі Белае і Чорнае, каналам Пляцена, створаным у пачатку ХХ ст. Балоты займаюць нязначную частку тэрыторыі. У структуры расліннасці пераважаюць лясы з хвоі, маюцца бярозавыя і чорнаалешнікавыя насаджэнні. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць дубровы ва ўзросце 90–140 гадоў, якія з’яўляюцца астаткамі некалі вялікіх шырокалісцёвых лясоў Палесся. У флоры сасудзістых раслін прадстаўлены віды, унесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая, купальнік горны. У возеры Белым сустракаюцца рэліктавыя расліны палушнік азёрны і лабелія Дортмана. Сярод рэдкіх прадстаўнікоў фаўны трапляюцца арэшнікавая соня, барадатая няясыць, скапа, змеяед, зялёны дзяцел, звычайная пустальга, шэры журавель, чорны бусел і інш.