Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр быў створаны рэжысёрам Я. Натапавым па ініцыятыве і на сродкі прадпрымальніка і мецэната з Гомеля Р. Фігліна. Першапачаткова існаваў як прыватны і называўся “Гомельскі незалежны тэатр”. Яго адкрыццё адбылося 13 кастрычніка 1992 г. спектаклем “Падарожнікі ўначы” С. Страціева.
У першапачатковы перыяд існавання ў тэатры ставілася ў асноўным замежная драматургія пераважна мадэрнісцкага кірунку. Сярод спектакляў былі: “Цыліндр” (Э. Дэ Філіпа), “І патухне святло” (братоў Стругацкіх), “Ператварыў ён ваду ў віно ці не” (А. Валодзіна) і інш. У гэты перыяд у тэатры працавалі артысты: А. Троіцкі, Ю. Фейгін, С. Чугай, Г. Анчышкіна, С. Дубровіна, Т. Булгакава і інш.
У 1994 г. пасля трагічнай гібелі заснавальніка тэатра Р. Фігліна пачаўся новы перыяд у гісторыі трупы: у рэпертуары была зроблена стаўка на інтэлектуальную сучасную расійскую і замежную драматургію, многія спектаклі насілі эксперыментальны характар, выдзяляліся камернасцю ў мастацкім афармленні і ў манеры акцёрскай ігры. Маючы ў штаце невялікую творчую трупу, кіраўніцтва тэатра запрашала да ўдзелу ў пастаноўках рэжысёраў, акцёраў і мастакоў з іншых калектываў. З тэатрам паспяхова супрацоўнічалі рэжысёры У. Караткевіч, У. Бартосік, Г. Мушперт, Г. Баравік, А. Бакіраў, В. Чэпелеў, У. Баркоўскі, А. Гарцуеў, Ю. Вутта, акцёр, рэжысёр і мастак А. Троіцкі і інш. Сярод спектакляў: “Гіпнатызёр” (В. Сігарава), “Кабарэ-Інфэрна” (Ж-П. Сартра), “Афінскія вечары” (П. Гладзіліна) і інш.
У 1999 г. рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта тэатр атрымаў статус дзяржаўнай установы і новую назву “Гомельскі гарадскі эксперыментальны маладзёжны тэатр-студыя”. Дзяржаўная падтрымка дала магчымасць пашырыць штат тэатра, дапоўніць яго прафесійнымі спецыялістамі, у першую чаргу павялічыць акцёрскую трупу. У рэпертуары з’явілася шмат новых цікавых спектакляў: “Гульня каралёў” (П. Когаўта), “Паляванне на пацукоў” (П. Турыні), “Дом для зачаццяў” (К. Драгунскай), “Амфітрыён” (П. Хакса), “Сямейны альбом” (Н. Птушкінай), “Ля-гушкі” (Я. Жураўкіна), “Вячэра з дурнем” (Ф. Вебера), “Вельмі простая гісторыя” (М. Ладо) і інш. Вядучым майстрам сцэны Г. Анчышкінай быў падрыхтаваны цыкл літаратурна-драматычных спектакляў па творчасці М. Цвятаевай, Г. Ахматавай, Б. Пастэрнака, О. Мандэльштама. Да 200-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча па яго п’есе быў пастаўлены спектакль “Залёты”, удастоены гранта Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне былі прысвечаны прэмьеры тэатра “Я не ўдзельнічаю ў вайне, яна ўдзельнічае ў ва мне” Г. Анчышкінай і “ Пачатак” Б. Васільева.
У 2008 г. тэатр быў перайменаваны ў “Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр”. Па выніках працы за 2008 г. калектыў тэатра стаў пераможцам Гомельскай вобласці ў намінацыі “Лепшая тэатральна-відовішчная ўстанова” з занясеннем на абласную Дошку гонару. У 2010 г. тэатр узначаліў Ю.Л. Вутта, пад кіраўніцтвам якога ўстанова атрымала новы імпульс да творчага развіцця і павышэння мастацкага ўзроўню. Тэатр па-ранейшаму робіць стаўку на інтэлектуальную сучасную расійскую, беларускую і замежную драматургію. За адзін тэатральны сезон калектыў выпускае да 6 новых пастановак. На сённяшні дзень у тэатры працуюць: заслужаны артыст Беларусі Ю. Фейгін, акцёры Г. Анчышкіна, С. Чугай, Н. Голубева, У. Цітоў, А. Бардухаеў, А. Арол, С. Трухін, Л. Астрахава, К. Шуліпаў, В. Шчарбакоў. Заняты ў спектаклях і маладыя артысты – Ю. Зайцаў, І. Чарняўская, Я. Кубліцкі, І. Шапяцько, І. Конік, А. Клімянкова. Сярод спектакляў апошніх гадоў: “Некамедыя” (У. Рудава), “Дарагая Алена Сяргееўна” (Л. Разумоўскай), “Ноч Гельвера” (І. Вілкіста) і інш.
За два дзясяцігоддзі свайго існавання тэатр прымаў удзел у шматлікіх фестывалях, пабываў на гастролях ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вялікім Ноўгарадзе, Чарнігаве, Мінску, Маладзечна, Бабруйску, выступаў у Францыі і Польшчы. Акцёры і рэжысёры тэатра неаднаразова станавіліся лаўрэатамі фестываляў за лепшыя акцёрскія работы і рэжысуру.
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2012 г.