Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова, буйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі Беларусі XX стагоддзя, вядучая ўстанова архіўнай галіны нашай краіны
Краткие названия:
НАРБ
Названия на других языках:
Национальный архив Республики Беларусь (русский);
Предыдущие названия:
Архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі; Архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР; Беларускі дзяржаўны архіў; Белорусский государственный архив; ЦАОР БССР (рус.); Центральный архив Октябрьской революции Белорусской Советской Социалистической Республики; Центральный архив Октябрьской революции БССР; Центральный государственный архив Октябрьской революции и социалистического строительства БССР; Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі; Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР; Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР
6970 символов
Справка
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца буйнейшым сховішчам дакументаў па гісторыі Беларусі XX ст. Гісторыя яго існавання пачалася ў 1927 г., калі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў БССР сваёй пастановай заканадаўча аформілі стварэнне ў Мінску Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР (ЦАКР БССР). Задачай новай установы з’яўлялася захаванне дакументаў дзяржаўных, грамадскіх, прафесійных і іншых арганізацый, што дзейнічалі ў Беларусі з лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Фарміраванне фондаў архіва пачалося яшчэ ў 1922–1926 гг., калі ў архівасховішча пры Цэнтральным бюро Камуністычнай партыі БССР пачалі паступаць дакументы беларускіх нацыянальных, кааператыўных і прафсаюзных арганізацый, матэрыялы расфарміраваных воінскіх часцей і інш. Праводзілася разборка, падшыўка, інвентарызацыя дакументаў, якіх на 1 кастрычніка 1927 г. налічвалася больш за 161 тыс. Ужо ў першыя гады існавання ЦАКР БССР вызначыліся асноўныя напрамкі яго дзейнасці: камплектаванне, навукова-тэхнічная апрацоўка, улік, забеспячэнне захаванасці і выкарыстанне дакументаў. Пры архіве мелася навукова-даведачная бібліятэка, перададзеная яму Цэнтральным архіўным упраўленнем БССР, пачалі фарміравацца архіў кінафотадакументаў і сакрэтны архіў. У сувязі з памежным становішчам Мінска было прынята рашэнне аб пераводзе ўстановы ў Магілёў, што і было здзейснена ў 1930–1932 гг. Дакументы былі размешчаны ў былых будынках Магілёўскага Богаяўленскага манастыра і Станіславаўскага касцёла. У ліпені 1938 г. ЦАКР БССР быў рэарганізаваны ў Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (ЦДАКР БССР). У даваенны час у архіве ў асноўным вялася праца па прыёме, размяшчэнні, апісанні, каталагізацыі архіўных фондаў. Пашыралася таксама і выкарыстанне дакументаў: яны выдаваліся даследчыкам, на іх аснове рыхтаваліся даведкі па запытах, у перыядычных выданнях краіны «Советская Белоруссия», «Рабочий», «Звязда» і іншых рабіліся тэматычныя публікацыі. У 1940 г. з друку выйшла кніга «Белоруссия в борьбе против польских захватчиков в 1919–1920 гг.», напісаная з выкарыстаннем матэрыялаў архіва. У сакавіку 1941 г. было прынята рашэнне аб стварэнні на базе фотааддзела ўстановы Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў БССР, а таксама пераводзе ЦДАКР БССР у Мінск. Аднак гэтым планам перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Раптоўны напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адсутнасць плана эвакуацыі не дазволілі вывезці дакументы архіва ў глыб краіны. Частка матэрыялаў згарэла, многія былі разрабаваны, перавезены ў іншыя памяшканні, знішчаны ў якасці макулатуры. У 1943 г. некаторыя дакументы па загадзе нямецкага кіраўніцтва адсартаваны і накіраваны ў Рыгу, дзе найбольш каштоўныя з іх рыхтавалі для далейшай адпраўкі ў Германію.
Аднаўленне працы архіўнай службы Беларусі пачалося з канца 1943 г., калі былі зацверджаны структура і штаты архіўных устаноў, у тым ліку і ЦДАКР БССР. Архіў узнавіў сваю работу ў студзені 1944 г. у Гомелі, а пасля вызвалення сталіцы пераехаў у Мінск. Амаль усё прыйшлося пачынаць спачатку: не хапала кадраў, не было патрэбных памяшканняў, абсталявання, мэблі і інш. За гады вайны загінулі большая частка дакументаў (захавалася ўсяго каля 80 тыс. спраў) і навукова-даведачны апарат да іх, амаль уся бібліятэка. У першыя пасляваенныя гады асноўнымі справамі сталі арганізацыя ўліку даваенных дакументаў, іх першапачатковая навукова-тэхнічная апрацоўка, вяртанне ў Мінск матэрыялаў з Магілёва і Рыгі. Таксама пачалі паступаць на захаванне фонды розных акупацыйных устаноў, ваенных фарміраванняў, беларускіх калабарацыйных структур, што дзейнічалі ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Адначасова супрацоўнікі ЦДАКР БССР выехалі ў Рыгу для арганізацыі вяртання дакументаў архіва ў Мінск, вялі іх пошук і збор у іншых архівах і ўстановах. Так былі знойдзены згубленыя матэрыялы Вярхоўнага Савета БССР, Дзяржаўнай планавай камісіі Савета Міністраў БССР, Акадэміі навук БССР і іншых устаноў. На 1 студзеня 1945 г. у архіве было сабрана ўжо каля 153 тыс. адзінак захоўвання. Галоўнай праблемай гэтага перыяду з’яўлялася забеспячэнне захаванасці дакументаў, якія часта зберагаліся ў неспрыяльных умовах. Праведзены навукова-тэхнічная апрацоўка матэрыялаў, удасканальванне вопісаў фондаў, карданіраванне, абяспыльванне, пачаліся рэстаўрацыя і мікрафільмаванне дакументаў, была адкрыта для наведвальнікаў чытальная зала. Да 1952 г. у ЦДАКР БССР скончана праца па прывядзенні ў парадак комплексу дакументаў даваеннага перыяду, а таксама іх засакрэчванне. Працэс дэмакратызацыі савецкага грамадства ў другой палове 1950-х гг. закрануў і архіўную справу Беларусі: быў спрошчаны допуск даследчыкаў да працы ў архіве, пашырылася публікацыйная дзейнасць установы. З 1972 г. ЦДАКР БССР прымаў актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці па праблемах архівазнаўства і дакументазнаўства.
У сувязі з працэсам перабудовы ў краіне ў другой палове 1980-х гг. пачалося рассакрэчванне фондаў архіва. Былі адкрыты дакументы Народнага камісарыята ўнутраных спраў БССР за 1920-я гг., фонды сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, дакументы акупацыйных устаноў перыяду Вялікай Айчыннай вайны і інш. У маі 1993 г. ЦДАКР БССР перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны архіў. Пасля перадачы ўстанове дакументаў былога Цэнтральнага партыйнага архіва Камуністычнай партыі Беларусі яна была зноў рэарганізавана і з чэрвеня 1995 г. атрымала назву Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Гэта быў перыяд значных пераўтварэнняў: павялічылася колькасць супрацоўнікаў, была удасканалена структура, арганізаваны новыя аддзелы, працягвалася праца па рассакрэчванні архіўных фондаў Цэнтральнага партыйнага архіву, праводзілася дапрацоўка навукова-даведачнага апарату, пашырылася публікацыйная дзейнасць. У 1995–2006 гг. падрыхтаваны 55 выданняў – зборнікі дакументаў, даведнікі, каталогі, манаграфіі, літаратурна-гістарычныя і краязнаўчыя даследаванні і г. д. За цыкл прац «Белорусские остарбайтеры» (1996–2003) калектыў аўтараў у 2002 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Новы этап існавання архіва пачаўся ў 2007 г., калі ўстанова размясціла свае фонды ў новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Мінску. Тут былі створаны восем архівасховішчаў, абсталяваных сучаснымі аўтаматычнымі сістэмамі сігналізацыі, пажаратушэння, аператыўнага кіравання, кантролю і поўнага маніторынгу тэмпературавільготнасных параметраў. Новыя магчымасці дазволілі архіву забяспечыць камфортныя ўмовы для працы і максімальна спрыяльныя ўмовы для захавання матэрыялаў. У нашы дні ён працягвае актыўную работу па ўсіх асноўных кірунках сваёй дзейнасці: камплектаванні, навукова-тэхнічнай апрацоўцы, уліку, забеспячэнні захаванасці і выкарыстанні дакументаў. Шырока ўжываюцца інфармацыйныя тэхналогіі, з’яўляюцца новыя формы працы, пашыраецца міжнародная дзейнасць установы. На сённяшні дзень НАРБ – буйнейшая архіўная ўстанова ў краіне, у сховішчах якой захоўваецца больш за 1 млн спраў.