Брагін – гарадскі пасёлак, цэнтр Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, на р. Брагінка (прыток р. Дняпро). Знаходзіцца за 119 км на паўднёвы захад ад Гомеля, у 28 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі. Аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам.
Брагін з’яўляецца адным з самых старажытных паселішчаў Беларусі. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147 г. як горад Кіеўскага княства. Северскія князі Ольгавічы і Давыдавічы ў час барацьбы з кіеўскім князем Ізяславам Мсціславічам разрабавалі і спустошылі Брагін. У 1187 г. князь Рурык Расціславіч перадаў горад сваёй нявестцы Верхуславе, дачцы суздальскага вялікага князя Усевалада Юр’евіча. З 1360-х гг. Брагін знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1511 г. ад караля польскага і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога горад атрымаў грамату, якая забяспечвала правы жыхарам і давала ім пэўныя льготы. У 1535 г., у час вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай (1534–1537), Брагін быў спалены маскоўскімі войскамі. У 1564 г. Брагінская воласць увайшла ў склад Мазырскага павета Кіеўскага, потым Мінскага ваяводстваў. З 1569 г. Брагін знаходзіўся ў складзе Польскага каралеўства. У XV–XVII стст. на месцы старажытнага дзядзінца існаваў замак, аснову абароны якога складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў. З канца XVI ст. належаў князям Вішнявецкім, якія ў 1609 г. заснавалі тут Праабражэнскі мужчынскі манастыр. У 1648 г. у час антыфеадальнай вайны (1648–1651) жыхары Брагіна падтрымалі войскі Б. Хмяльніцкага. За здраду горад і замак былі разбураны карным атрадам Рэчы Паспалітай, а жыхары пакараны. Пасля 1744 г. Брагін з’яўляўся ўласнасцю Агінскіх, Замойскіх, Плятэраў і іншых магнатаў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1860 г. у Брагіне налічвалася 261 гаспадарка, пражывала 2628 жыхароў, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касцёл, праводзіліся 2 кірмашы ў год. У 1864 г. адкрыта народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку было 648 двароў, 4519 жыхароў, працавалі 3 царквы, капліца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, паравы млын, піваварны завод, 6 крупадзёрак, 3 маслабойні, 5 майстэрань па апрацоўцы скур, 5 цагельняў, карчма, аптэка.
У час Першай сусветнай вайны ў лютым–снежні 1918 г. быў заняты германскімі войскамі. У 1919 г. Брагін увайшоў у РСФСР у склад Рэчыцкага павета Гомельскай губерні, з 8 снежня 1926 г. стаў цэнтрам Брагінскага раёна БССР. У 1920-я гг. тут дзейнічалі 3 пачатковыя і 1 дзесяцігадовая школы, клуб, бібліятэка, урачэбны ўчастак, ветэрынарны пункт і інш. У 1929 г. быў арганізаваны калгас, працавалі маслазавод, паравы млын, кравецкая і шавецкая арцелі, кузня. 27 верасня 1938 г. Брагін стаў гарадскім пасёлкам.
28 жніўня 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Брагіне і раёне дзейнічалі патрыятычнае падполле і партызанскія атрады. У 1943 г. падпольшчыкі спалілі друкарню, 2 аўтамашыны, вывелі са строю электрастанцыю, сумесна з партызанамі 11 красавіка 1943 г. разграмілі варожы гарнізон. Пасёлак быў вызвалены 23 лістапада 1943 г. воінамі 55-й і 356-й стралковых дывізій 61-й арміі, 68-й асобай танкавай брыгады Беларускага фронту з дапамогай партызанскай брыгады імя Р.І. Катоўскага.
У 1954 г. Брагін увайшоў у склад Гомельскай вобласці. У 1973 і 2006 гг. былі распрацаваны генеральныя планы гарадскога пасёлка, у 1980 г. створаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра. Архітэктурна-планіровачную структуру пасёлка вызначаюць вуліцы Савецкая, Кастрычніцкая, Кірава, Чэлідзе. На перакрыжаванні вуліц Савецкая і Кастрычніцкая сфарміраваны грамадскі цэнтр. У цэнтральнай частцы размешчаны двух-, чатырох- і пяціпавярховыя дамы, астатняя забудова пераважна аднапавярховая, драўляная, сядзібнага тыпу.
У 1986 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС пасёлак значна пацярпеў ад радыяцыйнага забруджвання, у чыстыя месцы была пераселена 1651 сям’я (4892 чалавек).
У 2001 г. Брагін атрымаў сучасны герб, які складаецца з 3-х самастойных княжацкіх сімвалаў, што адлюстроўваюць гістарычныя перыяды гэтага населенага пункта (аўтар і мастак – Р.С. Жалняркевіч). Герб уяўляе сабой выяву іспанскага шчыта, увагнутае вастрыё, накіраванае ўверх, рассякае яго на часткі. У левай частцы ў сярэбраным полі змешчаны трызубец чырвонага колеру (сімвал Полацкага князя Ізяслава), у правай у чырвоным полі – герб “Калюмны” (сімвалізуе перыяд уваходжання Брагіна ў ВКЛ), у ніжняй у блакітным полі – герб “Карыбут” (радавы знак магнатаў Вішнявецкіх).
У цяперашні час у Брагіне працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, раённая і дзіцячая бібліятэкі, дзіцячая школа мастацтваў, музычная школа, гістарычны музей з карціннай галерэяй, гасцініца, раённая бальніца, камбінат бытавога абслугоўвання, прадпрыемствы харчовай прамысловасці, метэаралагічная станцыя. Выдаецца раённая газета “Маяк Палесся”.
У пасёлку знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, магілы мірных жыхароў, расстраляных гітлераўцамі ў 1941–1943 гг., устаноўлены помнікі савецкім танкістам і герою-пажарнаму, ліквідатару аварыі на Чарнобыльскай АЭС В.І. Ігнаценку.
Брагін – радзіма камандзіра партызанскага атрада ў 1918 г. Ф.І. Скарахода, доктара хімічных навук, прафесара В.Р. Скараход, беларускіх мастакоў А.Я. Грэся, Я.Г. Панамарэнкі і беларускага пісьменніка С.Е. Палуяна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.