Жлобінскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей з'яўляецца навукова-даследчым і культурна-асветніцкім цэнтрам раёна. Садзейнічае далучэнню грамадзян да нацыянальнай і агульначалавечай спадчыны, выконвае адукацыйныя і выхаваўчыя функцыі.
Ён заснаваны ў 1989 г. у Жлобіне ў выніку рэарганізацыі грамадскага Музея народнай славы (існаваў з 1971 г.). Адкрыты для наведвальнікаў у 1992 г.
Асноўнымі напрамкамі работы з'яўляюцца збор, навуковая апрацоўка, захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, стварэнне на іх аснове экспазіцый і выставак. Музей займаецца ўлікам помнікаў, размешчаных на тэрыторыі Жлобінскага раёна і ўключаных у спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Асноўны фонд налічвае 9885 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 5970 (даныя на 2012 г.). Агульная плошча складае 311 кв. м, экспазіцыі – 270 кв. м.
Музей мае 6 экспазіцыйных залаў. Прадстаўленыя экспанаты знаёмяць з гісторыяй і развіццём горада і раёна. Найбольш каштоўнымі з іх з'яўляюцца факсімільнае выданне «Слуцкае Евангелле», косці старажытных звяроў, калекцыя самавараў і інш. Этнаграфічная калекцыя знаёміць з прадметамі побыту і прыладамі працы мясцовых сялян у ХVII–ХIХ стст., дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Прадстаўлены фрагменты сялянскай хаты, аформленай з улікам інтэр'ера таго часу. У зале, прысвечанай гісторыі развіцця ў Жлобіне чыгуначнай дарогі з 1873 г. да сучасных гадоў, экспануюцца дыярамы, а таксама іншыя матэрыялы, якія асвятляюць тэму будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, расказваюць аб удзельніках будаўніцтва чыгунак Мінск–Гомель, Віцебск–Жлобін і інш. Экспанаты залаў «Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.» і «Грамадзянская вайна» знаёмяць з рэвалюцыйным мінулым Жлобінскага раёна. Экспазіцыя «Вялікая Айчынная вайна» расказвае пра абарончыя баі Чырвонай Арміі летам 1941 г., дзейнасць антыфашысцкага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі раёна. Дэманструюцца асабістыя рэчы землякоў, Герояў Савецкага Саюза С. П. Анішчанкі, М. У. Барташова, М. С. Быкава, Д. В. Бярнацкага, З. Д. Віхніна, М. К. Кавалёва, В. І. Казлова, М. С. Рогава, П. А. Странакава, воінаў і партызан, якія вызначыліся ў баях на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Зберагаецца рукапісны дзённік сакратара падпольнага райкама партыі І. А. Крышнева. Захоўваюцца зброя, гільзы ад снарадаў і патронаў, мінамёт, посуд, пісьмы, фатаграфіі, узнагароды і інш. Аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў распавядае экспазіцыя «Акупацыя», дзе прадстаўлены матэрыялы пра Азарыцкія лагеры смерці, дыярамы «Рэйкавая вайна», «У партызанскім лагеры» і інш. Экспанаты залы «Жлобін – сучасны горад» знаёмяць з развіццём у пасляваенны час прамысловасці, сельскай гаспадаркі, асветы, навукі, культуры і спорту ў горадзе і раёне. Дзякуючы экспазіцыі гэтай залы можна даведацца пра гераічны і трагічны лёс воінаў-афганцаў. Дэманструюцца рэчы і фотаздымкі вядомых людзей Жлобіншчыны, ганаровых грамадзян Жлобіна і інш. З 2007 г. філіялам музея стаў мемарыял «Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.» (в. Красны Бераг Жлобінскага раёна).
Музеем распрацаваны і праводзяцца гульні-заняткі: «Родная хатка», «Беларускае адзенне» і інш. Наладжваюцца выстаўкі твораў мастакоў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотамастакоў. Арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вязнямі лагераў, беларускімі мастакамі і пісьменнікамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.