Дата начала: каля 985 Мінскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: населены пункт у Мінскім раёне
Названия на других языках: Заславль (русский);
Предыдущие названия: Жаславль; Жеславль; Изяславль
На паўночным захадзе Мінскага раёна на рацэ Свіслач каля Заслаўскага вадасховішча размясціўся горад Заслаўе. У розных летапісных крыніцах ён меў некалькі аднатыпных назваў – Изяславль, Жеславль, Жаславль.
Самыя раннія звесткі пра Заслаўе адносяцца да X ст., калі на правым беразе ракі Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў. У сярэдзіне X ст. на процілеглым баку заснаваны велікакняжацкі пагост. Каля 985 г. непадалёку ад паселішча ўзнікла ўмацаванае гарадзішча “Замэчак”. Летапіснае паданне прыпісвае заснаванне горада кіеўскаму князю Уладзіміру Святаславічу. Менавіта сюды была саслана князем сілком узятая ім у жонкі прыгажуня-палачанка Рагнеда з сынам Ізяславам, у гонар якога названы горад. Упершыню ў летапісах Заслаўе згадваецца пад 1127 г. як цэнтр удзельнага княства Полацкай зямлі. Горад неаднаразова руйнавалі і спустошвалі міжусобныя войны, племянныя канфлікты, пажары. У канцы XIII ст., верагодна, увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Паводле архіўных дакументаў з 1345 г. Заслаўе – прыватнаўласніцкі горад. Першым яго ўладальнікам быў князь Яўнут Гедымінавіч, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. Новы росквіт горада, што неаднойчы цярпеў падчас войнаў і ўнутраных канфліктаў, прыпадае на першую палову XVI ст. У гэты час Заслаўе перайшло ва ўласнасць магнатаў Глябовічаў, якія пакінулі значны след у яго гісторыі. Пры іх горад стаў галоўнай рэзідэнцыяй літоўскага роду і дасягнуў найвышэйшага росквіту: былі пабудаваны вадзяныя млыны, друкарня, наладжана вытворчасць паперы, развіваліся розныя віды рамёстваў. У гэты перыяд пашыраецца вытворчасць заслаўскай кафлі. Для яе характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтамі мясцовых магнатаў, выявамі шляхецкіх гербаў, узброеных вершнікаў, грыфонаў, ільвоў. Заслаўская кафля выкарыстоўвалася для аздаблення замкаў і іншых багатых рэзідэнцый. З 1678 г. горад перайшоў ва ўладанне Сапегаў, а з 1753 г. належаў Пшаздзецкім. Дзякуючы іх настойлівасці і намаганням у Заслаўі быў пабудаваны палацава-паркавы комплекс, узведзены цагельня і суконны завод, наладжана вытворчасць чарапіцы і вапны. Сярод найбольш значных гаспадарчых дасягненняў Пшаздзецкіх – развядзенне і гандаль конямі арабскай і англійскай парод, якія неаднаразова перамагалі на сусветных выстаўках. Паводле прывілея 1772 г. горад атрымаў права на правядзенне чатырох кірмашоў у год. У канцы XVIII ст. на беларускіх землях адбыліся кардынальныя палітычныя і эканамічныя змены. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Заслаўе ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі, стала мястэчкам Мінскага павета, цэнтрам воласці. З таго часу пад уплывам розных неспрыяльных фактараў пачаўся яго заняпад. Мястэчка ператварылася ў небагаты правінцыйны цэнтр з невялікімі эканамічнымі магчымасцямі і патэнцыялам. І толькі пракладка ў 1873 г. праз Заслаўе Лібава-Роменскай чыгункі ўнесла ў яго жыццё пазітыўныя імпульсы. Пачалі з’яўляцца разнастайныя прадпрыемствы, крамы, больш інтэнсіўна развіваўся гандаль. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у Заслаўі актыўна развівалася сістэма асветы. Першае народнае вучылішча пабудавана ў 1863 г., а ў 1887 г. адкрыта царкоўна-прыходская школа, пры якой быў створаны ўзорны ва ўсёй губерні інтэрнат для навучэнцаў. У 1904 г. пачала дзейнічаць двухкласная школа. Да 1917 г. існавала пачатковая яўрэйская школа – хедэр. Шмат змен у жыццё горада прынесла XX ст. Рэвалюцыя 1905–1907 гг., Першая сусветная вайна (1914–1918), лютаўская, а затым Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г., утварэнне БССР, Вялікая Айчынная вайна (1941–1945) – усе гэтыя падзеі мелі адбітак у гісторыі Заслаўя. З кожнай зменай эпохі мяняўся і статус горада. У 1924–1959 гг. Заслаўе – раённы цэнтр, з 1985 г. – горад абласнога падпарадкавання, з 2014 г. – горад-спадарожнік Мінска. Яго сімвалам з’яўляецца герб: на чырвоным полі “венгерскага” шчыта, які ўпершыню сустракаецца ў Венгрыі (1686), мадыфікаванага ад іспанскага тыпу шчыта, – залаты трызубец князя Ізяслава Уладзіміравіча (стылізаваная выява княжацкага знака). Чырвоны колер азначае мужнасць, доблесць, адвагу, з’яўляецца сімвалам агню; залаты колер – умоўны знак справядлівасці, міласэрнасці, багацця, любові. Крыж на трызубцы сімвалізуе прыняцце хрысціянства Ізяславам у Полацкім княстве.
З глыбінь вякоў да нас дайшлі заслаўскія старажытнасці, на базе якіх створаны Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” (1986). Пад яго аховай знаходзіцца старажытная частка горада, што ўключае помнікі міжнароднага і рэспубліканскага значэння: гарадзішча “Замэчак” (X–XI стст.), курганныя могільнікі (X–XI стст.), гарадзішча “Вал” з былым кальвінскім зборам (цяпер Спаса-Праабражэнская царква, XIII–XVII стст.), Заслаўскі замак (XI–XVII стст.), фарны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1774). У фондах налічваецца каля 16 тыс. музейных прадметаў, што сфарміраваны ў 22 калекцыі. На тэрыторыі знаходзіцца этнаграфічны комплекс “Млын”, дзе захоўваецца паравы млын – унікальны помнік мукамольнай вытворчасці пачатку ХХ ст. Тут таксама ёсць музеі “Хата завознікаў”, “Кузня”, “Свіран”. З нагоды 1000-годдзя хрысціянства на Русі ў Заслаўі ўсталяваны мемарыяльны каменны крыж на круглым пастаменце. У 1993 г. у горадзе ў гонар Рагнеды і Ізяслава ўстанавілі помнік (скульптар А. Арцімовіч), а 6 верасня 2014 г. у час правядзення Дня беларускага пісьменства на цэнтральнай плошчы быў адкрыты помнік князю Ізяславу (скульптар А. Прохараў). Працягваючы шматвяковыя традыцыі, Заслаўе імкнецца заставацца цэнтрам культурнага жыцця: тут праводзяцца рэспубліканскія і мясцовыя святы, фестывалі, канцэрты, навуковыя канферэнцыі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.