Адным з вядучых прадпрыемстваў краіны па вытворчасці трыкатажных вырабаў з'яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Алеся” (Мінск), якое ўваходзіць у канцэрн “Беллегпрам”. Яго ўзнікненне абумоўлена развіццём трыкатажнай галіны ў Беларусі. Прадпрыемства было створана ў 1962 г. у выніку аб'яднання фабрык імя Крупскай і “Прагрэс”. З гэтага часу прадпрыемства пачало дзейнічаць як трыкатажная фабрыка “Прагрэс”. За два з паловай гады быў пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю двухпавярховы вытворчы корпус і ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. У наступныя пяць гадоў пабудаваны чатырохпавярховы адміністрацыйны корпус з клубам і сталовай. На прадпрыемстве пачала дзейнічаць сацыяльная інфраструктура: база адпачынку “Чабарок” у г. п. Радашковічы і інтэрнат для маласямейных і моладзі.
Потым настаў перыяд шэрагу шматлікіх перайменаванняў прадпрыемства. У 1975 г. трыкатажная фабрыка стала Мінскім вытворчым трыкатажным аб'яднаннем “Прагрэс”, з 1986 г. у сувязі з рэарганізацыяй перайменавана ў Мінскую вопытна-эксперыментальную фабрыку верхняга трыкатажу, пазней у Рэспубліканскі Дом мадэляў трыкатажных вырабаў. У 1991 г. у сувязі са зменай статусу прадпрыемства дзейнічала пад назвай Мінская прамыслова-гандлёвая трыкатажная фірма “Алеся”, якая з 2000 г. ператворана ў ААТ “Алеся”.
Сёння прадпрыемства забяспечана сучаснымі замежнымі і айчыннымі вязальнымі машынамі з электронным праграмным кіраваннем. Устаноўлена каля 400 адзінак асноўнага тэхналагічнага абсталявання. У 2008 г. былі здзейснены мерапрыемствы па мадэрнізацыі парку абсталявання за кошт уласных сродкаў, што дазволіла выпускаць вырабы з малюнкамі, разнастайнымі відамі тэхнікі вязання і інш. Фабрыка набыла новыя машыны нямецкай фірмы Stoll, якія выпускаюць вырабы, што імітуюць ручное вязанне з рознымі элементамі аздаблення, з разнастайнымі ўзорамі перапляцення. Яны дазваляюць ствараць жакардавыя, ажурныя, рэльефныя малюнкі, што адпавядаюць сучасным кірункам моды. Выкарыстоўваецца айчынная і імпартная сыравіна. Ужываецца пража, у склад якой уваходзяць віскозныя, ільняныя, баваўняныя валокны, махер. Пастаянна ажыццяўляецца распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць вырабаў з новых відаў сыравіны. Істотна пашыраецца асартымент тавару за кошт прымянення новых відаў пражы, спандэксу і інш.
Новае абсталяванне з праграмным кіраваннем дазваляе значна змяніць асартымент: выпускаць вырабы без швоў, спалучаць у адной рэчы дэталі звязаныя на розных класах машын адначасова. Для павелічэння прадукцыйнасці, павышэння якасці аздаблення ў 2008 г. закуплены новыя прэсы італьянскай фірмы NEPI OTELLO. Яны могуць на новым больш якасным узроўні выконваць вільготна-цеплавую апрацоўку трыкатажных вырабаў. Аўтаматычныя цыклы па прапарванні, прэсаванні, ахаладжэнні і сушцы дазваляюць забяспечваць пастаянную якасную апрацоўку вырабаў. Аналагаў гэтаму абсталяванню ў Беларусі раней не было. Усталяваны на прэсе канвеер складвае гатовую прадукцыю ў стос, выключаючы магчымасць атрымання розных заломаў у выніку захоўвання і транспарціроўкі. На прадпрыемстве існуе сістэма аўтаматызаванага праектавання раскрою, што дазваляе аўтаматызаваць працэс тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці і істотна скараціць тэрміны распрацоўкі новых мадэлей у вытворчасць.
На прадпрыемстве выкарыстоўваюцца перадавыя прыёмы арганізацыі працы, што дазваляе з высокай якасцю і эфектыўнасцю выконваць заказы самых розных спажыўцоў. Асартымент рэгулярна абнаўляецца і вызначаецца разнастайнасцю: касцюмы, камплекты, джэмперы, жакеты класічнага стылю для жанчын сярэдняга ўзросту, розныя мадэлі для поўных, модныя вырабы для моладзі. Мужчынам прапануюцца джэмперы і жакеты, дзецям – касцюмчыкі, спаднічкі і інш. Вырабы вылучаюцца арыгінальнасцю, высокай якасцю, незвычайнай колеравай гамай.
Галоўная задача прадпрыемства – забяспечыць патрэбы беларускіх пакупнікоў. Найбольш папулярныя калекцыі распрацаваны на аснове мадэлей нямецкай фірмы Stoll. Працуе дызайнерская група. У фірменных магазінах выстаўляюцца пробныя мадэлі для вывучэння будучага попыту. Такім чынам дызайнеры маюць зваротную сувязь з пакупнікамі, што дазваляе своечасова ўносіць карэктывы. На прадпрыемстве сертыфікавана сістэма якасці ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Здзяйсняецца кантроль над сыравінай і матэрыяламі, тэхналагічнымі працэсамі і інш. Еўрапейская якасць – адзін з прынцыпаў работы фабрыкі, якая ўдзельнічае ў міжнародных выстаўках і кірмашах. Калекцыі адзення з ільну “Алесі” дэманстраваліся на фестывалях “Лён-2005” (“Алеся”, мадэльер А. Папова), “Лён-2007” (“Double”, А. Ліпкіна; прыз “Вялікія надзеі”), “Лён-2008” (“Уяўленне”, А. Ліпкіна; прыз “Максімум камфорту”).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.