Творчы калектыў створаны ў 1992 г. у г. Маладзечна як абласны камерны хор «Санорус». З 2000 г. стаў называцца музычнай капэлай «Санорус». З 1994 г. калектыў працуе ў Мінску. Арганізатарам, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам з'яўляецца Аляксей Шут. У склад калектыву ўваходзяць камерны хор, група салістаў і аркестр (з 1996 г.), квартэт смычковых струнных інструментаў (з 2006 г.), квінтэт медных духавых інструментаў, квартэт драўляных духавых інструментаў (абодва з 2007 г.). Гэта робіць выканальніцкія магчымасці творчага калектыву незвычайна шырокімі. У складзе «Саноруса» налічваецца каля 65 чалавек, але для выканання многіх праграм запрашаюцца артысты аркестра і салісты-вакалісты.
«Санорус» можа інтэрпрэтаваць музыку, напісаную для розных складаў хору а capella, камернага аркестра, а таксама змешаныя вакальна-сімфанічныя кампазіцыі з удзелам хору, аркестра і салістаў. Такім чынам, «Санорус» у сучасным музычным жыцці адраджае тып музычнага калектыву, распаўсюджанага ў асноўным у XVIII ст. на еўрапейскім кантыненце, у тым ліку і на беларускіх землях.
Музычная капэла «Санорус» шырока вядома ў рэспубліцы і замежных краінах. У яе рэпертуары больш за 500 твораў духоўнай музыкі беларускіх кампазітараў мінулага і сучасных, аўтарскія духоўныя канцэрты, месы, рэквіемы, сачыненні класікі. Асаблівую ўвагу калектыў надае прапагандзе нацыянальнай беларускай музыкі. Тут і адкрыццё страчаных ці забытых нотных старонак (духоўная музыка С. Манюшкі, М. Куліковіча, М. Равенскага і іншых), і ўзнаўленне тэкстаў кампазітараў-сучаснікаў (сімфонія «Паўночныя кветкі» А. Мдывані, «Літургія св. Іаана Залатавуста» А. Залётнева, «Усяночная» С. Бельцюкова, кантата «Да Маці Божай» А. Літвіноўскага).
Даследчыкі даўно заўважылі, што паэзія Г. Ахматавай, нягледзячы на шматлікія музычныя «падказкі» ў вершах, не так проста перакладаецца на мову іншых відаў мастацтва. Аспрэчыць гэту думку вырашылі беларускі кампазітар У. Саўчык і музычная капэла «Санорус» – яны прадставілі прэм'еру музычна-паэтычнай драмы «Споведзь кахання». Аповед пра вялікую рускую паэтэсу, выказванні крытыкаў розных часоў, уласна вершы, хоры і рамансы зліліся ў паступовае асэнсаванне творчасці Г. Ахматавай. Падзел драмы на дзве часткі графічна акрэсліў белую і чорную палосы ў жыцці гераіні. Дзявочыя летуценні на самым пачатку XX ст. змяняюцца трагедыяй жанчыны, маці, паэтэсы, блізкія якой загінулі ў часы сталінскіх рэпрэсій, а сама яна як творца прайшла праз гады замоўчвання і непрыняцця. Гарманічным з'яднаннем гэтых дзвюх супрацьлегласцей становяцца тры малюнкі з партрэтамі Г. Ахматавай, што ў фінале павольна спускаюцца з каласнікоў. Вобраз паэтэсы бліскуча ўвасабляла спявачка Т. Пятрова, якая настолькі ўжылася ў ролю, што многія пачалі заўважаць у ёй нават адкрытае знешняе падабенства са сваёй гераіняй.
Калектыву ўвогуле ўласціва імкненне да тэатралізацыі сваіх праграм. У гэтым ён не толькі крочыць у нагу з самымі найноўшымі еўрапейскімі тэндэнцыямі інструментальнага і харавога мастацтва, але і ўлічвае накіраванасць сваіх праграм на слухача. Невыпадкова ў свой час кіраўнік капэлы А. Шут стаў выдатнікам народнай адукацыі: ён добра разумее, што патрэбна цяперашнім школьнікам. Пачалі з малодшых класаў, прапанаваўшы ім музычную казку «Пеця і Воўк» С. Пракоф'ева. Да музыкі з балета «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага далучылі чытальніка ў ролі лялечнага майстра Драсельмейера, елку, створаную з агеньчыкаў на задніку сцэны. У нізку музычна-паэтычных відарысаў ператварыўся цыкл «Поры года» П. Чайкоўскага.
Першай спробай опернай пастаноўкі для дзяцей стаў спектакль «Кот у ботах» Ц. Кюі, з чытальнікам-Казачнікам і сцэнаграфіяй В. Маршака, што лёгка складаецца-раскладаецца на любой пляцоўцы. Дзякуючы бальным парам і ўдзелу персанажа, які ўвасобіў вобраз І. Штрауса, асаблівы шарм набылі «Казкі Венскага лесу». Тэатралізацыя ахапіла і выкананне беларускай музыкі, адным з самых адданых папулярызатараў якой з'яўляецца калектыў. Праграмы «Мы – крона нашых каранёў» на вершы Я. Купалы і Я. Коласа, «Скарбніца» паводле нацыянальных оперных, балетных, інструментальных твораў з'яўляюцца цудоўным падарункам аматарам беларускай музыкі.
Асновай дзіцячага музычнага спектакля «Стойкі алавяны салдацік» паводле Х.К. Андэрсэна стала партытура беларускага кампазітара М. Марозавай. Музыка твора меладычная і прыгожая, кранальная, лёгкая для ўспрымання дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі. Яна разнастайная па інтанацыях, тэмпах і жанрах, вынаходлівая ў прыёмах аркестроўкі, шчырая і цёплая. Але ўспрымаць сімфанічную, па сутнасці, музыку дзецям 6–7 гадоў дастаткова складана і праблематычна, бо слыхавога досведу ў іх амаль няма. Перад калектывам і ініцыятарам пастаноўкі А. Шутам паўстала пытанне: як данесці да аўдыторыі зробленае аркестрам? І тут на дапамогу прыйшоў Казачнік, які з'яўляецца перад дзецьмі ў абліччы самога Х.К. Андэрсэна – у фраку, белых пальчатках. Дзіцячая аўдыторыя вельмі непасрэдна адгукаецца на словы Казачніка, падтрымлівае дыялог з ім і перажывае за герояў. Яшчэ сцэнічнаму ўвасабленню партытуры «Стойкага алавянага салдаціка» дапамагае тэатр ценяў. Сілуэты Салдаціка і Танцоўшчыцы, а таксама злога Чорціка з табакеркі, сілуэты палаца, ля якога знаёмяцца галоўныя героі, імклівыя змены і пералівы колераў сапраўды зачароўваюць дзяцей. Так музыка набывае зрокавае, выяўленчае аблічча.
Самым адметным складнікам пастаноўкі оперы А. Мдывані «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы стала ідэя ўвасаблення твора ў сучаснай манеры з выкарыстаннем старажытнагрэчаскіх традыцый. Замест звыклых дэкарацый – толькі чорны фон. І поўны месяц, што пераліваецца ўсімі фарбамі вясёлкі. Сцэнічныя строі фіксуюць адну-дзве яркія, запамінальныя дэталі. Таму артысты хору, якія разам з аркестрам ствараюць на сцэне абрысы амфітэатра, могуць імгненна ператварацца ў дзейных асоб, выходзячы ў сольных партыях. Уся пастаноўка – найперш займальная гульня, якая падабаецца і дзецям, і дарослым.
Для юнай аўдыторыі такія сустрэчы з музыкай нібыта забава, але ж гэта і подступы да больш сур'ёзных спектакляў. Так музычная капэла «Санорус» паслядоўна выхоўвае сваіх прыхільнікаў. У той час, калі колькасць гадзін, адведзеных на мастацкія прадметы ў школьных праграмах скарачаецца, «Санорус» без пафасных дэкларацый вядзе высакародную асветніцкую працу.
Паспяховыя гастролі ў Расіі, Польшчы, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Швейцарыі, Германіі, міжнародныя мастацкія праекты (выкананне «Нямецкага рэквіема» І.С. Баха ў Германіі сумесна з нямецкім хорам і іншыя), званне лаўрэата шматлікіх фестываляў і конкурсаў духоўнай і сучаснай харавой музыкі, запісы на кампакт-дысках, радыё і тэлебачанні – такі спіс творчых дасягненняў калектыву.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.