Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, УК
Дата начала:
люты 1996 Віцебск, г.
Краткая справка:
установа культуры
Названия на других языках:
Витебский городской музей воинов-интернационалистов (русский);
Предыдущие названия:
Витебский музей воинов-интернационалистов; Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў; Музей воинов-интернационалистов в Витебске; Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску
2835 символов
Справка
Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў – адзіны на Беларусі дзяржаўны музей, прысвечаны Афганскай вайне. Створаны ён у Віцебску па ініцыятыве гарадской і абласной асацыяцый ветэранаў вайны ў Афганістане рашэннем выканкама Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 17 снежня 1992 г. Першыя наведвальнікі з’явіліся ў музеі 15 лютага 1996 г. Пэўны час установай кіравалі І.М. Мажайцаў, А.А. Бяльніцкі, з 2004 г. дырэктарам музея з’яўляецца В.Ю. Аляксандрава.
Пад памяшканне для музея былі адведзены дзве трохпакаёвыя кватэры ў жылым доме, пабудаваным для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Экспазіцыі займаюць 3 залы з агульнай плошчай 136 кв. м. У 1998 г. было выдзелена асобнае памяшканне пад фондасховішча плошчай каля 80 кв. м. Асноўны фонд музея складаюць 7 850 прадметаў, навукова-дапаможны – больш за 7,5 тыс. адзінак захоўвання.
Фонды ўключаюць калекцыі фотаздымкаў, рукапісаў, друкаваных выданняў; адзенне, узбраенне, прадметы побыту; экспанаты, якія адносяцца да фалерыстыкі, нумізматыкі і баністыкі. Найбольш цікавыя экспанаты музея: трафейная зброя, боепрыпасы і ваенны рыштунак замежнай вытворчасці (кінжалы, гарматы-гаўбіцы, шабля пачатку XX ст., буйнакаліберны кулямёт, мінамёт, бронекамізэлькі і інш.); нацыянальныя касцюмы краін, якім аказвалася інтэрнацыянальная дапамога; прадметы побыту афганцаў (збаны, малельныя дыванкі, упрыгожанні). Асаблівую каштоўнасць маюць пісьмы, фотаздымкі, асабістыя рэчы і ўзнагароды загінуўшых воінаў.
Пастаянная музейная экспазіцыя носіць назву «Афганістан. Як гэта было: праблемы вайны і міру на фоне падзей 1979–1989 гг.». Першая зала музея знаёміць з культурай, побытам, традыцыямі афганскага народа, гісторыяй Афганістана, расказвае аб прычынах увядзення савецкіх войск у гэту краіну, першых ахвярах неаб’яўленай вайны. Матэрыялы і экспанаты 2-й залы прысвечаны 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 339-му ваенна-транспартнаму авіяцыйнаму палку, якія дыслацыраваліся ў Віцебску, і іншым падраздзяленням абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, што знаходзіліся ў Афганістане. Трэцяя зала – мемарыяльная, у ёй экспануюцца фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды ўраджэнцаў Віцебшчыны, загінуўшых або памёршых ад ран і хвароб, атрыманых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку.
Музей арганізоўвае выязныя выстаўкі («Вайна, і слёзы, і любоў», «3 340 дзён і начэй афганскай вайны», «Афганістан... І боль, і слёзы»), вечары сустрэч ветэранаў-афганцаў са школьнікамі і навучэнцамі горада і вобласці, праводзіць лекцыі, урокі мужнасці. На базе музея праводзіцца прыняцце прысягі навабранцамі.
2 жніўня 1997 г. побач з Музеем воінаў-інтэрнацыяналістаў адкрыты помнік «Боль» (скульптар І. Казак), які ўвекавечвае памяць загінуўшых у Афганістане.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.