Часопіс «Адукацыя і выхаванне» з'яўляецца адным з вядучых навукова-тэарэтычных і навукова-метадычных выданняў. Ён адлюстроўвае сучасны стан педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, уносіць істотны ўклад у іх развіццё.
Заснаваны часопіс у 1991 г. Беларускім навукова-даследчым інстытутам адукацыі (БелНДІ адукацыі). У маі 1993 г. сузаснавальнікамі выдання сталі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны інстытут адукацыі (былы БелНДІ адукацыі) і працоўны калектыў часопіса. У гэтым жа годзе рэдакцыя стала самастойнай юрыдычнай асобай. Зараз заснавальнікамі лічацца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», адным з структурных падраздзяленняў якога з'яўляецца рэдакцыя часопіса. У 1995 г. была заснавана серыя «У дапамогу педагогу». Непасрэдны ўдзел у станаўленні і развіцці рэдакцыі часопіса, а затым і ўсяго выдавецтва прымаў прафесіянальны калектыў вучоных пад кіраўніцтвам доктара педагагічных навук прафесара У. П. Пархоменкі. Зараз часопіс узначальвае доктар педагагічных навук прафесар А. І. Жук. Першы нумар выйшаў з друку ў студзені 1992 г. Штомесячны часопіс выдаецца ў Мінску на беларускай мове (асобныя матэрыялы на рускай, англійскай і нямецкай мовах). Ён разлічаны на навукова-педагагічных работнікаў, арганізатараў і кіраўнікоў навучальна-выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі, педагогаў-практыкаў, дапамагае ім павышаць прафесійны ўзровень, узбагачае перадавым айчынным і замежным вопытам работы.
Матэрыялы часопіса размяшчаюцца па рубрыках, сярод якіх «Якасць адукацыі: шляхі ўдасканалення», «Партфоліа намесніка дырэктара», «Эфектыўны менеджар: самаадукацыя, самаўдасканаленне, самаразвіццё», «Падрыхтоўка кадраў», «Выхаванне асобы» і інш. Шмат увагі надаецца пытанням падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, падтрымцы таленавітай моладзі, якая займаецца навукова-даследчай працай. Друкуецца інфармацыя аб дзейнасці магістратуры, аспірантуры і дактарантуры па педагагічных спецыяльнасцях. Часопіс уваходзіць у «Cпіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў» па педагогіцы, псіхалогіі і філасофіі адукацыі. Асвятляюцца пытанні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, актуальныя праблемы педагогікі, псіхалогіі, сацыялогіі і філасофіі адукацыі, сямейнага і грамадскага выхавання падрастаючага пакалення, павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. У часопісе былі апублікаваны Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Канвенцыя аб правах дзіцяці, Канцэпцыя адукацыі і выхавання ў Беларусі і інш. Разглядаюцца рэформы, якія адбываюцца ў навучальных установах, аналізуецца правядзенне тэсціраванняў, закранаюцца самыя актуальныя праблемы школы. На старонках выдання шырока друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя сувязям сістэмы адукацыі з іншымі сферамі жыццядзейнасці грамадства: навукай, культурай, вытворчасцю. Сярод аўтараў прадстаўнікі 17 краін свету. На старонках часопіса ўжо выступіла шмат знакамітых беларускіх навукоўцаў, акадэмікаў, дактароў навук.
За гады існавання выдання было надрукавана больш за 300 нумароў (звыш 4500 артыкулаў). Часопіс набыў заслужаны аўтарытэт у педагагічнай і навуковай грамадскасці. Стаў папулярным і любімым для многіх чытачоў. Калектыў супрацоўнікаў «Адукацыі і выхавання» заўсёды быў высокакваліфікаваным, творчым і адказным. Многія ўзнагароджаны нагруднымі знакамі, Ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага інстытута адукацыі. За вялікі ўклад у інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне навучальна-выхаваўчых устаноў Беларусі і педагагічнай грамадскасці краіны часопісу была ўручана Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.