Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова
Дата начала:
01.07.1913 Магілёў, г.
Краткая справка:
вышэйшая навучальная ўстанова
Краткие названия:
МГУ им. А.А. Кулешова (рус.)
Названия на других языках:
Могилёвский государственный университет имени А.А. Кулешова (русский);
Предыдущие названия:
Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут; Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова; Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя І.Д. Папаніна; Магілёўскі інстытут народнай адукацыі; Магілёўскі настаўніцкі інстытут; Магілёўскі педагагічны інстытут; Магілёўскі педагагічны інстытут імя М.М. Пакроўскага; Магілёўскі практычны інстытут народнай адукацыі; Могилёвский институт народного образования; Могилёвский педагогический институт; Могилёвский педагогический институт имени А. А. Кулешова; Могилёвский педагогический институт имени И.Д. Папанина; Могилёвский педагогический институт имени М.Н. Покровского; Могилёвский практический институт народного образования; Могилёвский учительский институт
4666 символов
Справка
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова ‒ адзін з галоўных адукацыйных, навуковых і культурных цэнтраў краіны.
У пачатку ХХ ст. узнікла неабходнасць стварэння спецыялізаванай навучальнай установы, звязаная з вострым недахопам кваліфікаваных настаўнікаў для школ Магілёўскай губерні. 1 ліпеня 1913 г. быў створаны Магілёўскі настаўніцкі інстытут. 1 кастрычніка 1913 г. адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Першым дырэктарам установы быў прызначаны выбітны педагог Уладзімір Мікалаевіч Тычынін. Дзякуючы яго намаганням настаўніцкі інстытут не спыняў сваёй дзейнасці ў час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў.
У снежні 1918 г. настаўніцкі інстытут быў перайменаваны ў педагагічны. Магілёўскі педагагічны інстытут займаўся падрыхтоўкай настаўнікаў па дасцыплінах фізіка-матэматычнага, сацыяльна-гістарычнага, біялагічнага, літаратурна-мастацкага і геаграфічнага цыклаў, а таксама работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. У 1919 г. установа была перайменавана ў Інстытут народнай адукацыі, у 1921 г. ‒ у Практычны інстытут народнай адукацыі. У 1923 г. работа навучальнай ўстановы была прыпынена. Студэнты малодшых курсаў працягнулі вучобу ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме. Старшакурснікі атрымалі магчымасць вучыцца на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1930 г. Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут аднавіў сваю дзейнасць у складзе гісторыка-эканамічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленняў. У наступным годзе пачалі дзейнасць вячерняе і завочнае аддзяленні. У сярэдзіне 1930-х гг. аддзяленні інстытута былі пераўтвораны ў профільныя факультэты: гістарычны, геаграфічны, мовы і літаратуры з рускім і беларускім аддзяленнямі, у 1938 г. пачала дзейнічаць аспірантура. У пачатку 1940-х гг. на дзённым і завочным аддзяленнях інстытута навучалася больш за 2 тысячы студэнтаў. У 1933–1936 гг. установа мела назву «Магілёўскі педінстытут імя М.М. Пакроўскага» ў гонар аднаго з буйных савецкіх гісторыкаў таго часу. У 1940 г. Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя вядомага палярнага даследчыка Івана Дзмітрыевіча Папаніна.
Вялікая Айчынная вайна на тры гады спыніла работу ўстановы. 24 ліпеня 1944 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову аб аднаўленні дзейнасці Магілёўскага педінстытута. Супрацоўнікі ўстановы прыклалі вялікія намаганні для арганізацыі вучэбнага працэсу, што дазволіла пачаць заняткі ў сярэдзіне лістапада 1944 г. Праз два гады колькасць студэнтаў дасягнула даваеннага ўзроўню.
У сярэдзіне 1950-х гг. Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут з’яўляўся адной з самых аўтарытэтных вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі. У ім працавалі фізіка-матэматычны, мовы і літаратуры, гістарычны і геаграфічны факультэты. У 1958 г. быў адкрыты факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. У 1978 г. Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. У 1980-я гг. установа тройчы станавілася лепшай сярод педагагічных вышэйшых навучальных устаноў СССР.
У 1990-я гг. інстытут стаў рыхтаваць спецыялістаў для розных галін народнай гаспадаркі. У 1997 г. установа атрымала статус універсітэта з назвай «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова». Сучасны адукацыйны працэс ажыцяўляецца на факультэтах замежных моў, матэматыкі і прыродазнаўства, гісторыка-філалагічным, педагогікі і псіхалогіі дзяцінства, пачатковай і музычнай адукацыі, фізічнага выхавання, эканомікі і права. З 2000 г. функцыянуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. У структуру навучальнай установы ўваходзяць Сацыяльна-гуманітарны каледж і Горацкі педагагічны каледж.
Навукова-даследчая дзейнасць універсітэта накіравана на распрацоўку навуковых даследаванняў па актуальных тэмах, звязаных з эканомікай, электронікай і фатонікай, медыцынай і фармакалогіяй, экалогіяй, гісторыяй, археалогіяй, літаратуразнаўствам і інш. Штогод арганізуюцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у магістратуры, аспірантуры і дактарантуры, выдаюцца навукова-метадычны часопіс «Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова» і газета «Універсітэцкі веснік». Універсітэт мае развітую матэрыяльна-тэхналагічную базу, якая складаецца з добра абсталяваных вучэбна-лабараторных карпусоў, аграбіялагічнай станцыі «Любуж», спартыўных комплексаў са стадыёнам, выдавецкага цэнтра, бібліятэкі, музея, Залы славы ўніверсітэта і інш. У студэнцкім гарадку маюцца чатыры інтэрнаты, дзве сталовыя і кафэ. Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі студэнтаў і выкладчыкаў, дзейнічае шэраг грамадскіх аб’яднанняў, гурткоў і секцый.