Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей створаны ў чэрвені 1988 г. паводле загада Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ад 6 чэрвеня 1988 г. Урачыстае адкрыццё для наведвальнікаў адбылося 9 мая 1995 г. у будынку былога гарадскога паштовага аддзялення – помніку архітэктуры ХІХ ст. На гэту доўгачаканую ўрачыстасць былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўны фонд музея налічвае больш за 12 тыс. адзінак асноўнага захоўвання і 8 тыс. – навукова-дапаможнага. Агульная плошча памяшканняў 301 кв. м., экспазіцыйных – 265 кв. м., выставачных – 37 кв.м. Гэта адзіны ў Магілёўскай вобласці гісторыка-археалагічны музей, значная частка якога была атрымана падчас археалагічных раскопак Л.В. Аляксеева, М.А. Ткачова, А.А. Трусава. Пастаянная экспазіцыя музея прысвечана мсціслаўскай мінуўшчыне і мае два раздзелы. У аснове калекцый – знаходкі археалагічных экспедыцый 1980–1989 гг. вытворчага аб’яднання “Белрэстаўрацыя”.
У археалагічнай экспазіцыі “Мсціслаў – імя старажытнае” дэманструюцца ў асноўным знаходкі з раскопак Мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменная і крамянёвая сякеры, касцяное шыла 2 – 1 тыс. да н. э., бронзавы энкалпіён (нагрудны крыж) ХІІІ ст., глінянае сопла ад печы-домніцы ХІІІ–ХІV стст., зброя і прадметы ўзбраення ХІІ–ХVІІ стст. (каменныя, жалезныя і металічныя ядры; жалезныя наканечнікі стрэл, коп’яў; баявыя сякеры). У экспазіцыі маецца муляж берасцяной граматы ХІІІ ст. (арыгінал знаходзіцца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі) і металічнае пісала, знойдзеныя пры раскопках на Замкавай гары Л.В. Аляксеевым у 1980 г. Вялікую навуковую каштоўнасць уяўляюць экспануемыя рыцарскія шлемы – рускі “Шышак” канца ХІV – пачатку ХV ст. і ўнікальны заходнееўрапейскі “Салад” канца ХV ст. У музеі захоўваюцца шматлікія рэлігійныя рарытэты: нагрудныя крыжы, крыжы-распяцці, старажытнае царкоўнае начынне і кнігі ХVІ–ХVІІ стст., драўляная скульптура Ісуса Хрыста ХVІІ ст. Беларускую іканапісную школу прадстаўляе выстаўка абразоў ХІХ ст.: “Нечаканая Радасць”, “Усіх Смуткуючых Радасць”, “Сем спячых отракаў”, “Архангел Міхаіл”, “Гасподзь Уседзяржыцель” і інш. (усяго 57 экспанатаў).
У экспазіцыі “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Мсціслава ў ХІІ–ХХ стст.” дэманструюцца макет замка ХІV–ХVІІІ стст.; муляжы гербаў Мсціслава ХVІІ–ХVІІІ стст.; схема радаводу князёў мсціслаўскіх; карта Мсціслаўскага ваяводства; калекцыі шкла ХVІ–ХVІІІ стст. (шклянкі, збаны, кубкі, бутлі, біклагі, бранзалеты, аптэчнае шкло); керамікі ХVІ–ХІХ стст. (гаршкі, макотры, збаны, кубачкі, кубкі, падсвечнікі, курыльныя люлькі, біклага і інш.); мсціслаўскай кафлі ХVІ–ХVІІІ стст. з геральдычным, раслінным, геаметрычным або сюжэтным арнаментамі. Сярод экспанатаў нумізматычнай калекцыі знаходзіцца манета Тэўтонскага ордэна ХV ст., скарб сярэбраных манет Вялікага Княства Літоўскага пачатку ХVІ ст., соліды ХVІІ ст. Рэчы Паспалітай, манеты Расійскай Імперыі.
Пэўную цікавасць уяўляе куток “Этнаграфія і быт”, цэнтральнае месца ў якім займае ткацкі станок ХІХ ст. і прылады ткацтва, прылады працы ХІХ–ХХ стст., абутак, адзенне (Мсціслаўска-Клімавіцкі строй), саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш. Калекцыя “Жывапіс” прадстаўлена творамі сучасных мастакоў – удзельнікаў Міжнароднга пленэру па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, які праходзіў у жніўні 2001 г. на старажытнай мсціслаўскай зямлі. Па выніках пленэру ў музейную калекцыю перададзены некаторыя з твораў вядомых мастакоў Беларусі, якія на сваіх палотнах занатавалі старажытныя помнікі Мсціслаўшчыны. Гэта работы У. Гардзеенкі “Сабор Аляксандра Неўскага ў Мсціславе” і “Царква ў вёсцы Мазалава”, Л. Дударэнкі “Ануфрыева” і “Аптэка езуіцкага касцёла”, А. Суворава “Мсціслаў. Касцёл кармелітаў”. Вызваленню Мсціслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечана экспазіцыя “У памяці народнай”.
У выставачнай зале музея праводзяцца разнастайныя зменныя выстаўкі. Арганізуюцца і праводзяцца тэматычныя экскурсіі ў залах музея і па-за яго межамі: па памятных мясцінах горада і раёна, у тым ліку па памятных мясцінах класіка беларускай літаратуры М. Гарэцкага, інтэрактыўныя музейныя заняткі, навуковыя канферэнцыі. З 2007 г. музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”. У кастрычніку 2012 г. музей прымаў удзел у Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праводзіўся ў Гродне.
З 2011 г. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка (цяпер Багацькаўка) Мсціслаўскага раёна стаў філіялам Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.