Адным з буйнейшых сховішчаў дакументаў па гісторыі Беларусі за перыяд з канца XIV да пачатку XX ст., навукова-даследчай і інфармацыйнай установай, якая праз розныя напрамкі сваёй дзейнасці робіць гэтыя дакументы даступнымі для грамадскасці, з’яўляецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Датай заснавання ўстановы лічыцца 1938 г., калі пастановай ЦВК БССР на базе Магілёўскага гістарычнага архіва быў створаны Цэнтральны гістарычны архіў, але пачынаецца яго гісторыя значна раней – са стварэння ў 1919 г. архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро, якое ў 1924 г. было рэарганізавана ў акружны архіў, а ў 1927 г. – у Магілёўскі гістарычны архіў.
Значнай вяхой у гісторыі архіва стаў 1963 г., калі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада гэтага ж года “О мерах по улучшению архивного дела в БССР” ён быў пераведзены з Магілёва ў сталіцу рэспублікі і стаў называцца Цэнтральны гістарычны архіў БССР у Мінску. Перавод архіва дазволіў аб’яднаць дакументы рэспубліканскага значэння за перыяд амаль 600-гадовай гісторыі. Архіў атрымаў дакументы дарэвалюцыйных фондаў з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, комплекс старажытных актаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Гродна.
З 1992 па 1995 г. архіў уваходзіў у склад Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а ў 1995 г. зноў вылучыўся ў самастойную арганізацыю – Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску, які ў гэтым жа годзе быў перайменаваны ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, а з 2000 г. называецца «Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі”».
Архіў ажыццяўляе дзяржаўнае захаванне дакументаў агульнанацыянальнага значэння і адносіцца да навукова-даследчых устаноў. Яго фонды змяшчаюць дакументы па гісторыі Беларусі перыяду яе ўваходжання ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Вялікую цікавасць сярод матэрыялаў архіва ўяўляюць так званыя прывілеі, граматы, дароўныя граматы і іншыя дакументы, напісаныя як на пергаменце, так і на паперы. Самы ранні пергаментны рукапіс, які захоўваецца ў архіве, датуецца 20 чэрвенем 1391 г. Сярод дакументаў гэтага перыяду маюцца граматы, датаваныя 1488, 1544 гг., прывілеі 1581 г. ад караля Стэфана Баторыя, 1586 г. ад князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, Універсал Багдана Хмяльніцкага ад 1656 г., актавая кніга Драгічынскага земскага суда, актавыя матэрыялы магістратаў, гродскіх, земскіх, каптуровых падкаморскіх і іншых судоў, цывільна-вайсковых парадкавых камісій, каралеўскіх эканомій ВКЛ і інш. Захоўваюцца матэрыялы аб дзейнасці Віцебскага іезуіцкага калегіума – гуманітарнай навучальнай установы, у аснову дзейнасці якой былі пакладзены прынцыпы заходнееўрапейскай адукацыі (1651–1820 гг.); звесткі аб такіх архітэктурных помніках, як мінская і аршанская ратушы, царква Святых апосталаў Пятра і Паўла, аб тапаніміцы беларускіх сярэдневяковых гарадоў і г.д. Актавыя матэрыялы змяшчаюць багатую біяграфічную інфармацыю пра вядомых у Беларусі людзей, у тым ліку княжну С. Слуцкую, пісьменнікаў В. Цяпінскага, Г. Пельгрымоўскага і інш.
Гісторыя Беларусі перыяду яе ўваходжання ў склад Расійскай імперыі (з канца XVIII па пач. XX ст.) адлюстравана ў дакументах фондаў Беларускай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Полацкай губерняў. Сярод дакументаў гэтага перыяду вялікая колькасць звязана з імем Т. Касцюшкі, нацыянальна-вызваленчым, рабочым і аграрным рухам у Беларусі. Захаваліся дакументы па гісторыі войнаў: Паўночнай 1700–1721 гг., Айчыннай 1812 г., руска-турэцкай 1877–1878 гг., руска-японскай 1904–1905 гг., Першай сусветнай 1914–1918 гг., а таксама аб падзеях 1905 і 1917 гг.
Архіў змяшчае вялікую колькасць інвентароў памешчыцкіх і дзяржаўных маёнткаў, якія з’яўляюцца асноўнай крыніцай па гісторыі беларускай вёскі. Дакументы архіва апавядаюць аб будаўніцтве, адкрыцці і дзейнасці Мінскага гарадскога тэатра, бібліятэк, бальніц, аптэк. У архіве захоўваюцца фамільныя фонды дваранскіх родаў, у тым ліку вельмі вялікі фамільны фонд “Радзівілы, князі”; дакументы па вотчыннаму кіраванню Гомельскім маёнткам графа Румянцава-Задунайскага (с 1776 г.), князя Паскевіча (з 1834 г.).
Акрамя захавання дакументаў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі займаецца навуковай і выдавецкай дзейнасцю. Архівам выдадзены “Гербоўнік беларускай шляхты” (2002, 2007), даведнік “Фонды Национального исторического архива Беларуси” (2006), выдаецца зборнік навукова-папулярных паведамленняў і артыкулаў “Архіварыус”, распрацавана серыя “Беларусь у актавых кнігах XVI–XVIII стст.”. Супрацоўнікі ўстановы прымаюць удзел у падрыхтоўцы навуковых зборнікаў, манаграфій, кніг “Памяць”, артыкулаў, тэлевізійных і радыёперадач. Цікавым напрамкам дзейнасці архіва з’яўляюцца генеалагічныя пошукі, якія супрацоўнікі праводзяць па асабістых запытах наведвальнікаў. Ажыццяўляюцца таксама навукова-метадычныя распрацоўкі па дакументах профілю архіва.
Асноўныя структурныя падраздзяленні ўстановы: аддзел забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў, аддзел інфармацыйна-пошукавых сістэм, аддзел старажытных актаў, аддзел інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў, аддзел аўтаматызаваных архіўных тэхналогій.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.