Краткая справка:
адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках:
Витебская область (русский);
3623 символа
Справка
Віцебская вобласць размясцілася ў паўночнай частцы Беларусі. Яе працягласць з поўначы на поўдзень складае 175 км, з захаду на усход больш за 300 км, плошча 40 тыс. кв. км. Вобласць мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Яе тэрыторыя знаходзіцца ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і вярхоўі Дняпра.
Вобласць утворана 15 студзеня 1938 г. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма, створаная 75 гадоў назад, захавалася і сёння, але за час існавання Віцебшчыны ажыццяўлялася фарміраванне яе знешніх і ўнутраных граніц. Значныя тэрытарыяльныя пераўтварэнні адбыліся пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. На 1 студзеня 1941 г. Віцебская вобласць займала 25,3 тыс. кв. км з насельніцтвам 1,9 млн. чалавек. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці яе жыхар, 221 вёску акупанты спалілі, абласны цэнтр быў разбураны на 93%. За актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм працоўных у гады Вялікай Айчыннай вайны, поспехі ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі ў 1967 г. Віцебская вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна, Віцебск – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), Орша – ордэнам Айчыннай вайны І ступені (1984).
Сёння ў складзе Віцебшчыны 21 раён, 19 гарадоў (у тым ліку Дзісна – самы маленькі горад Беларусі). На тэрыторыі вобласці пражывае 1 млн. 214 тыс. чалавек (у абласным цэнтры 367 тыс.). На Віцебшчыне налічваецца звыш 100 нацыянальнасцей 17 рэлігійных канфесій.
Віцебская вобласць – высокаразвіты прамысловы і сельскагаспадарчы рэгіён Рэспублікі Беларусь. Вядучымі галінамі эканомікі з’яўляюцца нафтахімічная, паліўная, лёгкая і харчовая прамысловасць, электраэнергетыка, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Прыдзвінне займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукта, вытворчасці прамысловай прадукцыі, экспарту тавараў і паслуг, рэалізацыі маштабных інавацыйных праектаў.
Віцебшчына мае багатую гісторыка-культурную спадчыну. На яе тэрыторыі знаходзіцца каля 600 помнікаў архітэктуры, звыш 130 – гісторыі і культуры, больш за 620 – археалогіі. Помнікі архітэктуры ХІІ ст. Полацкі Сафійскі сабор, Спаса-Праабражэнская царква і Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з'яўляюцца часткай скарбніцы сусветнай культуры. Гісторыю і сучаснасць вобласці адлюстроўваюць экспазіцыі 27 музеяў, у тым ліку Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Багатыя культурныя традыцыі Віцебшчыны прадстаўляюць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, Беларускі тэатр «Лялька», Віцебская абласная філармонія. Шырокую вядомасць набыў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага і інш. Міжнародныя Шагалаўскія дні штогод збіраюць шмат удзельнікаў.
Прырода шчодра надзяліла Віцебшчыну лясамі, рэкамі, азёрамі. Нездарма яе называюць краем блакітных азёр. На тэрыторыі Прыдзвіння знаходзяцца Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», «Бярэзінскі біясферны запаведнік», гідралагічны заказнік «Ельня», ландшафтны заказнік «Асвейскі». Створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця пешага, воднага і веласіпеднага турызму.
Віцебшчына вядома сваім гераічным мінулым, багатымі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, гасціннасцю. За гады існавання вобласць прайшла няпросты, але стваральны шлях і працягвае рухацца ў накірунку інтэнсіўнага развіцця.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.