Дата начала:
18.11.1968 Мёрскі і Шаркаўшчынскі раёны, Віцебская вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Ельня (русский);
Предыдущие названия:
Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння "Ельня"
4442 символа
Справка
Заснаваны ў 1968 г. дзяржаўны гідралагічны заказнік Ельня з'яўляецца буйнейшым у Беларусі комплексам вярховых і пераходных балот з мноствам азёр. Ён створаны з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву, рэдкіх відаў раслін і жывёл. Уключае тэрыторыі Мёрскага, Германовіцкага і Дзісненскага лясніцтваў, адыгрывае важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму рэгіёна і р. Заходняя Дзвіна.
З 2000 г. водна-балотнае ўгоддзе «Ельня» з'яўляецца ключавой арніталагічнай, а з 2005 г. і батанічнай тэрыторыяй міжнароднага значэння. З 2002 г. заказнік увайшоў у Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, з 2007 г. мае статус рэспубліканскага ландшафтнага заказніка. Размешчаны на Полацкай нізіне. Агульная плошча складае 25,3 га. Лесапакрытыя тэрыторыі займаюць 22,1 %, нелясныя – 75,4 %, вадаёмы – 2,4 %. Асноўная тэрыторыя (73,3 %) – адно з самых вялікіх у Еўропе вярховых балот (хмызнякова-сфагнавае прыбалтыйскага тыпу). Глыбіня тарфянога залежу ў сярэднім складае 3,8 м, месцамі дасягае 8,3 м. Тэрыторыя заказніка ўключае 118 вялікіх і малых азёр, а таксама некалькі рэк. Аснову воднага сілкавання складаюць грунтовыя воды і ападкі. Берагі пераважна забалочаныя. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусціка-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. У цэнтральнай частцы заказніка размешчаны Вялікі Яленскі востраў, які аб'ядноўвае групу буйных астравоў. Яго даўжыня 7 км, шырыня да 2 км. Астравы і акраіны балота пакрыты лясной расліннасцю, дамінуюць бярэзнік (37 %), сасняк (30,9 %), ельнік (11 %), асіннік (9,9 %), алешнік (6,6 %). Усяго на тэрыторыі заказніка больш 300 відаў раслін, 50 – лішайнікаў, 66 – мохападобных. Растуць занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь бяроза карлікавая, іва чарнічная, касацік сібірскі, сфагнум мяккі, марошка прысадзістая, шпажнік чарапіцавы і інш. Сустракаецца больш за 100 відаў птушак, у тым ліку большая палова тых, якія ўюць сабе гнёзды, 24 рэдкія і знікаючыя віды (беркут, белая курапатка, шэры журавель, чорны бусел, балотная сава і інш.). Ельня мае вялікае значэнне як месца прыпынку для пералётных птушак: гусей, качак і жураўлёў. У час міграцыі тут спыняецца больш 20 тыс. водна-балотных птушак, многія з якіх маюць не толькі нацыянальны, але і міжнародны статус аховы. 3 2000 г. паляванне на іх было забаронена. Фаўна ўключае 31 від млекакормячых (большасць з іх пражывае на перыферыйных участках балота ці наведвае яго ў пошуках корму), 7 – земнаводных, 5 – паўзуноў. У межах заказніка зарэгістравана 8 відаў насякомых, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з цяжкай даступнасцю і спецыфікай ландшафту (каля 60 % лесу расце на балоце, а самі лясы характарызуюцца нізкай прадукцыйнасцю) тэрыторыя заказніка выкарыстоўваецца абмежавана. Лесаэксплуатацыйныя работы вядуцца ў асноўным на перыферыі балотнага масіву і мінеральных астравах, сельскагаспадарчая дзейнасць адсутнічае. Праводзяцца як прамысловыя нарыхтоўкі, так і аматарскі збор грыбоў і ягад. На балоце Ельня самыя буйныя запасы журавін ў Беларусі. Тут збіраюць таксама тоны брусніц і буякоў. На азёрах мясцовае насельніцтва ловіць рыбу.
Адзін з найбольш унікальных аб'ектаў прыродна-запаведнага фонду Беларусі заказнік Ельня носіць статус жамчужыны прыроды Беларусі. Аднак такія неспрыяльныя фактары, як паніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку пракладкі каналаў сярод балота, выраўноўванне рэк і асушэнне прыводзяць да больш частых пажараў, змянення відавога саставу флоры, стану папуляцый птушак і інш. Для ўзнаўлення гідралагічнага рэжыму пабудаваны дзясяткі плацін, якія затрымліваюць ваду на балоце. Папулярнасць заказніка сярод айчынных і зарубежных аматараў экалагічнага турызму пастаянна расце. Развіццю экатурызму ў Мёрскім краі садзейнічае візіт-цэнтр, які вызначаецца якасным інфармацыйным і тэхнічным забеспячэннем. Распрацаваны маршруты рознай цяжкасці (ёсць веламаршруты), арганізуюцца экскурсіі, у тым ліку на балотаходах. Створана экалагічная сцяжына, большая частка якой праходзіць па балоце. Ёсць прапановы і для экстрэмалаў – пешыя маршруты па балоце. На тэрыторыі заказніка можна паназіраць за такаваннем цецерукоў. Летам праходзіць экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». Паблізу заказніка размешчаны 4 гасцінічныя комплексы, дом паляўнічага і рыбалова, 5 аграсядзіб, 2 базы адпачынку.