Мазырскі спіртагарэлачны завод вядзе сваю гісторыю з пачатку 80-х гг. ХХ ст. Менавіта 30 снежня 1983 г. на Мазырскім заводзе кармавых дражджэй (такую назву мела прадпрыемства ў той час) была атрымана першая прадукцыя. У той час завод з’яўляўся буйнешым прадпрыемствам мікрабіялагічнай прамысловасці паўднёва-усходняй часткі Беларусі па вырабе вітаміннай прадукцыі для жывёлагадоўлі: праектная магутнасць прадпрыемства была разлічана на 300 000 тон кармавых дражджэй у год.
На пачатку 1990-х гг. прадукцыя Мазырскага завода кармавых дражджэй стала нерэнтабельнай. Было прынята рашэнне аб перапрафіляванні вытворчасці на выраб спірту-рэктыфікату з харчовай сыравіны і выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў. У перыяд 1994–1998 гг. адбыліся значныя змены ў вытворчасці і накірунках дзейнасці прадпрыемства: было закуплена новае абсталяванне, распачаўся выпуск рэктыфікаванага этылавага спірту, быў наладжаны выраб гарэлак, він пладовых. У гэты нялёгкі перыяд кіраўніцтва камбіната здолела захаваць кадравы патэнцыял і вытворчыя магутнасці прадпрыемства, што спрыяла хуткаму павелічэнню тэмпаў развіцця вытворчасці. У снежні 1994 г. была ўведзена ў дзеянне брагарэктыфікацыйная ўстаноўка прадукцыйнасцю 1500 дал у суткі, у студзені 1998 г. пачала дзейнасць яшчэ адна ўстаноўка магутнасцю 2000 дал у суткі, быў пабудаваны спецыялізаваны цэх па вытворчасці він пладовых і ўведзены ў эксплуатацыю брадзільны ўчастак. Візітнай карткай прадпрыемства ў гэты час з’яўляліся моцныя алкагольныя напоі высокай якасці – гарэлкі «Старорусская», «Мозырская», «Лидер».
Сёння Мазырскі спіртагарэлачны завод – сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства, буйнейшы вытворца ў сваім рэгіёне і вядучы пастаўшчык алкагольнай прадукцыі на беларускім рынку. Сучасныя тэхналогіі і традыцыі вытворчасці даюць магчымасць выпускаць прадукцыю высокай якасці. Тут вырабляюць спірт этылавы рэктыфікаваны з харчовай сыравіны класаў «Люкс» і «Экстра», спірт вышэйшай ступені ачысткі, гарэлкі, лікёра-гарэлачную прадукцыю, віны пладовыя палепшанай якасці, віны пладовыя спецыяльнай тэхналогіі. Спецыялісты прадпрыемства працуюць над стварэннем новых рэцэптур, пашырэннем асартыменту і ўдасканаленнем якасці прадукцыі: уведзена ў дзеянне паўаўтаматычная лінія разліву італьянскай вытворчасці, для ачысткі гарэлачных вырабаў выкарыстоўваюцца мнагапластавыя вугальныя фільтры з сярэбраным напаўненнем, у працэсе вытворчасці він пладовых выкарыстоўваюцца яблычны сок, сокі з чорных парэчак, рабіны і клубніц уласнай вытворчасці. Попытам карыстаюцца высокаякасныя гарэлкі «Snake», «Буслiнка Класiчная», «Буслiнка Ласкавая», «Буслiнка Мятная», настойкі горкія «Михалыч», «Егерь», лікёры десэртныя «Фреш Черника», «Фреш Клюква», «Фреш Клубника».
Прадукцыя завода цалкам адпавядае сусветным стандартам якасці: з 2005 г. на прадпрыемстве дзейнічае сістэма менеджменту якасці прадукцыі згодна з запатрабаваннямі міжнародных стандартаў СТБ ISO 9001–2009, з 2009 г. – сістэма кіравання навакольным асяроддзем і сістэма кіравання аховай працы на аснове стандартаў СТБ ISO 14001–2005 і СТБ 18001–2009. Высокая якасць прадукцыі Мазырскага спіртагарэлачнага завода неаднаразова адзначалася на спецыялізаваных выставах і конкурсах у Беларусі і за мяжой. На 2013 г. у актыве прадпрыемства налічваецца больш за 90 узнагарод – залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі, дыпломы, кубкі. Завод з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам прафесійных конкурсаў «Продэкспо», «Одесский залив», «ГУСТ», «Экспафорум» і інш. Яго прадукцыя паспяхова рэалізуецца на рынках Беларусі, Украіны, Расіі, Азербайджана, Туркменістана, Казахстана, Эстоніі, Літвы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.