Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж – сучасная навучальная ўстанова, якая арыентуецца на падрыхтоўку кваліфікаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў.
Быў заснаваны ў 1963 г. Набіралі дзве групы па спецыяльнасці «Апрацоўка металаў рэзаннем». Ужо праз год былі адкрыты яшчэ дзве новыя спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», «Электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і установак». У 1965 г. каледж прымаў навучэнцаў на дзённае аддзяленне. Заняткі праводзіліся ў прыстасаваным будынку былой школы. Не хапала плошчаў, таму даводзілася працаваць у тры змены. У 1975 г. пабудавалі інтэрнат на 502 месцы, дзе адзін паверх пераабсталявалі пад навучальныя класы. Толькі праз два гады быў пабудаваны навучальны корпус са спартзалай і сталовай на 100 месцаў. У 1979 г. адкрыта спецыяльнасць «Вытворчасць будаўнічых дэталяў і жалезабетонных канструкцый», а праз некалькі гадоў пачаўся набор на спецыяльнасці «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў», «Тэхнічнае абслугоўванне станкоў з ЧПУ і РК», а таксама «Інструментальная вытворчасць».
Сёння навучальная ўстанова пашырыла профіль, і навучанне вядзецца па шасці спецыяльнасцях: «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», «Тэхналогія машынабудавання», «Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый», «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль», «Камерцыйная дзейнасць», «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (у машынабудаванні)». Прымаюцца асобы з агульнай базавай і сярэдняй адукацыяй на дзённае навучанне на бюджэтнай і камерцыйнай аснове. Пастаянна ўдасканальваецца і развіваецца матэрыяльна-тэхнічная і сацыяльная база: пераабсталёўваюцца кабінеты, лабараторыі, у навучальным працэсе выкарыстоўваюцца найноўшыя дасягненні навукі і тэхнікі, перадавыя формы і метады навучання. Тэарэтычную базу ведаў і практычныя навыкі па спецыяльнасці навучэнцы набываюць у спецыяльна абсталяваных кабінетах, лабараторыі выпрабавання будаўнічых матэрыялаў, вытворчых майстэрнях, на базавых прадпрыемствах. Усе прафесіі актуальныя і запатрабаваныя на рынку працы. Маладыя спецыялісты заняты на прадпрыемствах Салігорска, Гомеля, Жыткавічаў, Мазыра. Каля 60 % выпускнікоў паступаюць у ВНУ, паказваючы выдатныя веды. Для таго каб яны працягвалі далейшае навучанне, каледж мае дагаворы з рознымі ВНУ.
Вялікая ўвага надаецца выхаванню і развіццю асобы. Навучэнцы каледжа пастаянна займаюцца ў спартыўных секцыях, прычым найбольшай папулярнасцю карыстаюцца плаванне і баскетбол. Вынікамі з'ўляюцца прызавыя месцы ў гарадскіх спаборніцтвах, перамогі ў зімовых спартакіядах. Многія займаюцца ў тэатральнай студыі пры каледжы. Традыцыйнымі сталі візіты ў мясцовы дзіцячы дом і прытулак для немаўлят. Навучэнцы прывозяць ім прысмакі, сувеніры, вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Дзеці з нецярпеннем і вялікай радасцю чакаюць выступленняў тэатральнай студыі.
Сёння Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж захоўвае лепшыя традыцыі мінулага, развівае і павялічвае дасягненні, а падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна яшчэ больш удасканальваецца.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.