Гісторыя Мінскага авіярамонтнага завода мае цесную сувязь з гісторыяй развіцця айчыннай грамадзянскай авіяцыі. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ўзнікла вялікая патрэба ў пасажырскіх і грузавых перавозках, таму ўвосень 1946 г. пачалося будаўніцтва аэрапорта ў Мінску. Для тэхнічнага абслугоўвання самалётаў на тэрыторыі аэрапорта былі пабудаваны лінейныя эксплуатацыйна-рамонтныя майстэрні. У сакавіку 1953 г. на іх базе была створана авіярамонтная база № 407 Галоўнага ўпраўлення грамадзянскага паветранага флоту. Днём нараджэння прадпрыемства лічыцца 8 мая 1953 г. – дзень, калі на авіярамонтную базу № 407 прыбыла першая брыгада спецыялістаў па авіяцыйнай тэхніцы.
З першых дзён існавання прадпрыемства працоўны калектыў самааддана ўзяўся за працу: 20 кастрычніка 1953 г. на прадпрыемства прыбыў першы самалёт ЛІ-2 з бартавым нумарам 4422. За 1953–1963 гг. было адрамантавана 777 самалётаў ЛІ-2.
Напружаная праца прынесла добрыя вынікі: у студзені 1958 г. авіярамонтная база № 407 заняла 3-е месца сярод аналагічных прадпрыемстваў Аэрафлоту СССР, а з 1959 г. мінскім авіярамонтнікам было даверана абслугоўванне самалётаў авіякампаній Індыі і Албаніі. У 1957–1986 гг. Мінскі авіярамонтны завод № 407 (МАРЗ) падтрымліваў цесныя сувязі з доследным канструктарскім бюро С.В. Ільюшына. За гэты час было адрамантавана 3 658 самалётаў ІЛ-14.
У пачатку 1960-х гг. на змену поршневым самалётам прыйшлі рэактыўныя ТУ-124 доследнага канструктарскага бюро А.М. Тупалева. Новы тып самалётаў запатрабаваў значнай перабудовы вытворчасці, асваення новых тэхналагічных працэсаў, стажыроўкі спецыялістаў на іншых прадпрыемствах авіяпрамысловасці Савецкага Саюза. У 1960–1980-я гг. спецыялісты МАРЗа займаліся рамонтам самалётаў ТУ-124, ТУ-134, іх пераабсталяваннем у самалёты спецыяльнага прызначэння ТУ-134А, ТУ-134Ш, ТУ-134СХ, ТУ-134УБЛ. У 1970 г. рабочыя Мінскага авіярамонтнага завода прыступілі да рамонту і абслугоўвання самалётаў ЯК-40 канструктарскага бюро А.С. Якаўлева. У 1973 г. на прадпрыемстве ажыццяўляўся рамонт пяці тыпаў самалётаў: ІЛ-14, ТУ-124, ТУ-134, ТУ-134А і ЯК-40. У сярэдзіне 1970-х гг. Мінскі авіярамонтны завод лічыўся адным з лепшых у Еўропе: тут рамантавалі самалёты больш за 20 замежных авіякампаній.
Змяненні ў фінансава-эканамічнай сітуацыі ў краіне на пачатку 1990-х гг. прывялі да неабходнасці пошуку новых накірункаў работы МАРЗа. На прадпрыемстве быў створаны інфармацыйна-вылічальны цэнтр, пабудаваны новыя выпрабавальныя стэнды, рабочыя і спецыялісты прайшлі перападрыхтоўку, што дазволіла рашаць самыя цяжкія вытворчыя пытанні. Галоўнымі накірункамі дзейнасці прадпрыемства стала выкананне форм рэгламентаў тэхнічнага абслугоўвання, стварэнне розных варыянтаў пераабсталявання, афарбоўка самалётаў, рамонт агрэгатаў. Быў наладжаны выпуск дэкаратыўных каўпакоў для колаў аўтамабіляў, пасудамыечных і пральных машын, мікрахвалевых пячэй і іншых тавараў народнага спажывання.
Выдатная маркетынгавая палітыка дазволіла Мінскаму авіярамонтнаму заводу падняцца на новы якасны ўзровень. З канца 1990-х гг. на прадпрыемстве ствараюцца пасажырскія машыны павышанай камфортнасці на аснове самалётаў ТУ-134, атрымліваюць новае жыццё самалёты ЯК-42, ЯК-52, наладжаны выпуск самалётных дэталяў і запчастак. За гэты час на Мінскім авіярамонтным заводзе было адрамантавана 497 самалётаў ТУ-124, больш за 2 500 самалётаў ТУ-134, больш 3 000 самалётаў ЯК-40, больш за 10 самалётаў ЯК-42.
У апошнія гады прыярытэтным накірункам работы прадпрыемства застаецца рамонт і тэхнічнае абслугоўванне самалётаў ЯК-40, ЯК-42, ТУ-134. З 2007 г. на заводзе рамантуюць двухмесныя самалёты ЯК-52 і ЯК-52М, агрэгаты для самалётаў ІЛ-76, ТУ-134, верталётаў МІ-8. Спецыялісты завода выконваюць работы па абнаўленні інтэр'ера пасажырскіх салонаў, займаюцца ўстаноўкай новых сучасных сістэм забеспячэння выканання міжнародных палётаў – TCAS, CPS, ВБЭ-СВС, АСКС, АРМ і інш.
Праца калектыву Мінскага авіярамонтнага завода адзначана дыпломамі і прэміямі самага высокага ўзроўню. 8 лютага 1971 г. завод быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1978 г. атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага савета БССР, у 2000 г. – Ганаровую грамату Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь, у 2001 г. – Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. Акрамя таго прадпрыемства мае 25 дыпломаў ВДНГ СССР. Сёння Мінскі авіярамонтны завод супрацоўнічае з авіякампаніямі Расіі, Украіны, Арменіі, Грузіі, Польшчы, Венгрыі, Кубы, Балгарыі Сірыі, Бразіліі, Італіі, Анголы, Гвінеі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.