21 верасня 1953 г. загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак БССР быў створаны Пружанскі тэхнікум механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі. Першым дырэктарам установы быў М.С. Сянчук. Ён кіраваў тэхнікумам на працягу 10 гадоў і шмат зрабіў для развіцця ўстановы. У 1955 г. тэхнікум быў аб'яднаны з Пружанскай аднагадовай сельскагаспадарчай школай, якая рыхтавала паляводаў, жыватнаводаў і малодшых ветфельшараў. У 1957 г. адбыўся першы выпуск спецыялістаў Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума. У гэтым жа годзе было арганізавана завочнае аддзяленне, што дало магчымасць спецыялістам-практыкам атрымліваць адукацыю з мінімальным адрывам ад вытворчасці. Тэхнікум упэўнена набіраў абароты – у 1960-я гг. з'явіліся аддзяленні агранаміі, электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, электрыфікацыі і механізацыі жывёлагадоўлі. Па выніках Усесаюзнай нарады кіраўнікоў саўгасаў-тэхнікумаў (1971, Масква) тэхнікум у Пружанах быў прызнаны адным з лепшых у Беларусі.
У пачатку 1990-х гг. адбыліся значныя змены ва ўсіх галінах эканомікі. Нягледзячы на гэта Пружанскі саўгас-тэхнікум здолеў захаваць калектыў выкладчыкаў, якія забяспечвалі высокі ўзровень якасці адукацыі. У 2000 г. Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум стаў аграрна-тэхнічным каледжам.
Сёння Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж з'яўляецца адной з вядучых устаноў адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Каледж рыхтуе спецыялістаў па наступных спецыяльнасцях: агранамія, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасці, кіраванне ў АПК. Установа мае сучасныя вучэбна-вытворчыя памяшканні для тэарэтычных і практычных заняткаў: 26 вучэбных кабінетаў, 35 лабараторый, вучэбна-практычныя майстэрні, аўтатрактарадром, ферма буйной рагатай жывёлы, калекцыйна-доследнае поле, сад. Высокую якасць адукацыі дапамагае забяспечыць калектыў высокакваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.
Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж мае добрыя ўмовы для выхавання і развіцця навучэнцаў: у чэрвені 1974 г. у будынку інтэрната быў адчынены музей баявой славы. Стваральнікам і першым кіраўніком музея быў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М.А. Шульман. Дзякуючы яго намаганням і нястомнай працы музей ператварыўся ў музейны комплекс, які ўключае Залу Перамогі, Музей гісторыі вучэбнай установы, Музей хлеба, выставу «Народныя промыслы і рамёствы Пружанскага раёна». У музейных залах праводзяцца заняткі па гісторыі, гуманітарных навуках, ладзяцца пазакласныя мерапрыемствы. У каледжы праводзяцца канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, забаўляльныя праграмы, традыцыйнымі сталі конкурсы «Лепшы па прафесіі».
Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа з’яўляецца фізічнае выхаванне навучэнцаў. Спартыўная база каледжа складаецца з гульнявой, гімнастычнай і трэнажорнай залаў, лыжнай базы. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах.
За перыяд свайго існавання Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж выпусціў больш за 12 000 спецыялістаў, якія паспяхова працуюць у арганізацыях аграрна-прамысловага комплексу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.