Дата начала:
24.07.1993 Пружаны, г., Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
установа культуры
Варианты названия:
Сядзіба Швыкоўскіх
Названия на других языках:
Museum-Manor "Pruzhany Small Palace" (английский); Музей-усадьба "Пружанскі палацык" (русский); Усадьба Швыковских (русский);
Предыдущие названия:
Музей-сядзіба Швыкоўскіх; Пружанскі краязнаўчы музей
4408 символов
Справка
Музей-сядзіба «Пружанскi палацык» – адзіная адноўленая сядзіба стылю мадэрн у Беларусі. Размешчаны ў будынку – помніку архітэктуры ХIХ ст., які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў Пружанах Брэсцкай вобласці. Дом пабудаваны ў неарэнесансным стылі па праекце вядомага польскага архітэктара Ф.М. Ланцы ў 1840–1850-я гг. Каля яго размяшчалася аранжарэя з вялікай колькасцю экзатычных раслін – падобнай калекцыі не мелі нават Радзівілы. Вакол сядзібы раскінуўся прыгожы англійскі парк. Уздоўж кожнай алеі размяшчаліся лаўкі для адпачынку. Алеі выходзілі да канала, які на паўночнай ускраіне сядзібы разыходзіўся, ствараючы астравок і сажалку. Праз канал былі перакінуты дэкаратыўныя масткі. Гаспадаром з'яўляўся В. Швыкоўскі. У 1895–1939 гг. сядзібай валодала В. Кляйнміхель – унучка міністра шляхоў зносін Расійскай Імперыі, сваячка Н. Ганчаровай (жонкі А.С. Пушкіна), прыдворная дама, якая бывала ў Пружанах рэдка. За гісторыю існавання сядзібы яе наведалі шмат вядомых у Беларусі людзей: пісьменнік, вучоны, грамадскі дзеяч Ю. Крашэўскі, мастак і музыкант Н. Орда, этнограф М. Федароўскі, пісьменнік М. Ляскоў. У час Другой сусветнай вайны і пасля ў ёй знаходзіліся розныя дзяржаўныя ўстановы. З 1989 па 1998 г. сядзіба была на рэстаўрацыі. У 1998 г. сюды пераехаў краязнаўчы музей, які стаў называцца «Музей-сядзіба “Пружанскі палацык”». Адкрыты для наведвальнікаў 19 чэрвеня 1999 г. Галоўная задача дзейнасці музея – узнаўленне інтэр'ераў сядзібы канца XIX – пачатку ХХ ст. і адлюстраванне гісторыі і культуры Пружаншчыны ў цэлым. Каля будынка знаходзіцца ўнікальны археалагічны помнік – каменны ідал VIII– IX стст., перавезены з в. Буцькі (Пружанскі раён). Асноўны фонд налічвае 7773 адзінак захоўвання (на 1.03.2018). Для наведвання адкрыты 13 экспазіцыйных і выставачных залаў агульнай плошчай 408 кв.м. Унутраная прастора музея захоўвае першапачатковую планіроўку. Першы паверх мае анфіладнае рашэнне, дзе памяшканні (выставачныя і экспазіцыйныя залы) размяшчаюцца ўздоўж адной лініі. Адноўлена экспазіцыя з раздзеламі «Салон», «Кветкавая зала», «Зала прыроды», «Паляўнічы кабінет», дзе можна ўбачыць арыгінальныя рэчы (мэбля, камін, карціны, раяль, гадзіннік і інш.) упрыгожвання інтэр'еру, што дазваляюць скласці ўяўленне пра побыт шляхецкага саслоўя таго часу. На першым паверсе знаходзяцца таксама тры залы, у якіх штомесячна працуюць новыя выстаўкі з фондаў музея, свае работы прадстаўляюць мастакі і калекцыянеры. Выставачныя залы знаходзяцца таксама на другім паверсе. Акрамя зменных выставак тут дзейнічаюць пастаянныя экспазіцыі. Сярод іх – «Рамёствы і промыслы Пружаншчыны», дзе прадстаўлены багаты этнаграфічны матэрыял рэгіёна, у першую чаргу ўнікальная пружанская чорназадымленая кераміка, вядомая з XVI ст., ружанская гліняная цацка-свістулька, работы народных майстроў Беларусі М. Тарасюка і М. Кулецкай і інш. У экспазіцыі «Мяшчанскі быт» узноўлены інтэр'ер гарадскога пакоя 1920–1930-х гг. – перыяду ўваходжання Пружаншчыны ў склад Польшчы. На выстаўцы «Абразы ХIХ–ХХ стст.» можна пазнаёміцца з творамі невядомых беларускіх і рускіх іканапісцаў канца XVIII – пачатку XX стст. Некалькі гадоў дзейнічае выстаўка «Res Sacrae» ( «Святая рэч»), дзе прадстаўлены арыгінальныя прадметы праваслаўнага рэлігійнага культу, выяўленыя на тэрыторыі Пружанскага раёна. У фондах музея захоўваюцца і іншыя ўнікальныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру Пружаншчыны. Сярод іх – калекцыя пячатак і разьбяны драўляны абраз «Тайная вячэра» (1-я палавіна XVII ст.), старадрукі XVII– XVIII стст., творы вядомых беларускіх мастакоў.
Музей вядомы як грамадска-культурны і навуковы цэнтр. У ім праходзяць музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канференцыі па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Традыцыйным стала правядзенне краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі, свята ў рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», фестываля эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу». Акрамя таго, інтэр'еры музея прыцягваюць увагу здымачных груп. У «Пружанскім палацыку» праходзілі здымкі эпізодаў кінафільмаў «Брэсцкая крэпасць» і «Талаш». Сядзіба таксама з'яўляецца важным турыстычным аб'ектам рэгіёна. Штогод яе наведваюць больш за 10 000 турыстаў, у тым ліку з замежжа. Сядзіба была і застаецца сапраўдным упрыгажэннем горада, а парк любімым месцам адпачынку гараджан.