Дата начала:
11.08.1988 Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
Краткие названия:
"Здравнёво"; "Здраўнёва"
Варианты названия:
Рэпіна І.Я. музей-сядзіба "Здраўнёва"
Названия на других языках:
Museum-Manor of I. Repin Zdraunyova (не определен); Zdraunyova (не определен); Музей-усадьба И.Е. Репина "Здравнёво" (русский); Репина И.Е. музей-усадьба "Здравнёво" (русский);
5243 символа
Справка
Музей-сядзіба І.Я. Рэпіна “Здраўнёва” заснаваны 11 жніўня 1988 г. па загадзе Міністэрства культуры БССР як філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Музей быў адкрыты ў 1989 г. у асабняку, адноўленым на месцы былой дачы выдатнага рускага мастака І.Я. Рэпіна, якую ён набыў у 1892 г. На той час яна ўключала сядзібны дом, флігель, два жылыя дамы, гаспадарчыя будынкі, невялікі парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893–1895 гг. сядзібны дом быў перабудаваны па ўласных эскізах І.Я. Рэпіна, бо аднапавярховы дом не мог задаволіць мастака ні з эстэтычнага, ні з практычнага боку. Быў надбудаваны другі паверх, расшырана майстэрня, узведзена башня з зубцамі, балконамі, тэрасамі, пакоямі для гасцей. Па сведчанні сучаснікаў, знешняе аблічча і інтэр’ер рэпінскага дома выглядалі надзвычай паэтычна і казачна. Многа ўвагі надаваў мастак добраўпарадкаванню і іншых аб’ектаў свайго ўладання: быў умацаваны каменнай кладкай бераг Дзвіны, высаджана ліпавая алея, закладзены яблыневы сад, выкапана сажалка. На працягу 1892–1904 гг. І.Я. Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў маёнтку адпачывалі і гаспадарылі родныя мастака, з 1918 па 1930 г. тут жыла сям’я яго малодшай дачкі Таццяны Рэпінай-Язевай. З ад’ездам у 1930 г. былых уладальнікаў рэпінскі дом прыйшоў у заняпад.
Адраджэнне сядзібы ішло даволі марудна. Толькі ў снежні 1970 г. было прынята рашэнне Віцебскага абкама партыі і аблвыканкама аб аднаўленні “бывшей дачи И.Е. Репина” і пераўтварэнні яе ў філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У жніўні 1988 г. на месцы рэпінскай сядзібы, адноўленай па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П. Кракалёва, быў створаны музей, у самім доме зроблена часовая экспазіцыя. Аднак 1 лютага 1995 г. адбылася трагедыя: падчас пажару здраўнёскі музей быў значна пашкоджаны. У тым жа годзе рэдакцыя газеты “Культура” звярнулася з заклікам да грамадскасці аб аказанні дапамогі гэтаму ўнікальнаму помніку культуры. І ў наступныя гады па яе ініцыятыве на папялішчы ў Здраўнёве арганізоўваліся традыцыйныя акцыі падтрымкі. Так, у ліпені 1997 г. падчас правядзення ў Віцебску “Славянскага базару” адбылася выязная прэс-канферэнцыя: у Здраўнёве сабраліся кіраўнікі міністэрстваў культуры трох дзяржаў – Беларусі, Расіі, Украіны. Журналісты вядомых беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх выданняў і радыёстанцый падтрымалі ініцыятыву кіраўнікоў міністэрстваў культуры і вырашылі прасіць арганізатараў і ўдзельнікаў “Славянскага базару” аб правядзенні ў час фестывалю дабрачынных канцэртаў. На старонках газеты ў спецыяльных рэпартажах карэспандэнты “Культуры” рэгулярна асвятлялі ход аднаўленчых работ і праблемы, якімі жыве музей-сядзіба, неаднаразова змяшчалі інтэрв’ю з дырэктарам музея А. Сухарукавым. Сам праект рэканструкцыі, як вядома, рабіўся па малюнках І.Я. Рэпіна, і знешні выгляд дома з’яўляецца дакладнай копіяй будынка канца ХІХ ст. Напружаная праца па аднаўленні завяршылася 5 ліпеня 2000 г. святам адкрыцця, на якім прысутнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Новае Здраўнёва набыло рысы музейнага комплексу.
Экспазіцыйная плошча музея 242 кв. м. Плошча ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Комплекс музея-сядзібы ўключае галоўны сядзібны дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя; дом аканома (размясцілася адміністрацыя музея і выставачная зала), склеп, сажалку, частку ліпавай алеі. Мемарыяльная экспазіцыя складаецца з 6 залаў. У першым апавядаецца пра творчы і жыццёвы шлях І.Я. Рэпіна да набыцця Здраўнёва, пра гісторыю куплі і перабудовы маёнтка. У дзвюх наступных – пра знаходжанне мастака і яго блізкіх на Віцебшчыне ў 1892–1904 гг. У чацвёртай зале адноўлены інтэр’ер гасцінай і прадстаўлены матэрыялы аб сям’і мастака. Экспазіцыя пятай залы размешчана ў майстэрні І.Я. Рэпіна і расказвае аб творчых пошуках мастака і яго працах здраўнёўскага перыяду. Экспазіцыя шостай залы прысвечана знаходжанню ў Здраўнёве ў 1918–1930 гг. сям’і малодшай дачкі мастака Т.І. Рэпінай-Язевай і далейшую гісторыю сядзібы.
На працягу 1892–1904 гг. І.Я. Рэпін перыядычна працаваў у маёнтку. Тут створаны карціны “Асенні букет”, “Паляўнічы з ружжом”, “Беларус” (усе 1892), “Касец-ліцвін” (1894), “Дуэль”, “Месячная ноч. Здраўнёва”, “Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома” (усе 1896) і інш.; шэраг эцюдаў, эскізаў (“На Заходняй Дзвіне. Усход сонца”, 1892; “Казанне Іасафата Кунцэвіча”, 1893) і інш. У экспазіцыях музея прадстаўлены копіі фатаграфій, дакументаў, твораў І.Я. Рэпіна, кнігі, асабістыя рэчы мастака, прадметы побыту канца ХІХ – пачатку ХХ ст., знойдзеныя ў час раскопак на тэрыторыі сядзібы.
Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, выставачную дзейнасць, арганізуе этнаграфічныя святы, музычныя вечары, супрацоўнічае з музеямі і арганізацыямі Беларусі і Расіі. У выставачнай зале музея арганізоўваюцца выставы як народных майстроў, так і прафесійных мастакоў Беларусі і Расіі. З 1993 г. тут праводзіцца Міжнародны дзіцячы пленэр імя І.Я. Рэпіна, рэалізуюцца праекты “Здраўнёўская палітра”. Музей прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях па музейнай справе і ахове помнікаў.