Дата начала:
09.05.1985 Лоеў, г. п., Гомельская вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова культуры
Варианты названия:
Музей бітвы за Днепр
Названия на других языках:
Museum of the Battle for the Dnieper (английский); Музей битвы за Днепр (русский);
Предыдущие названия:
Лоевский музей битвы за Днепр; Лоеўскі музей бітвы за Днепр; Лоеўскі музей бітвы за Дняпро
2976 символов
Справка
Музей бітвы за Дняпро заснаваны 17 кастрычніка 1983 г. у г. п. Лоеў Гомельскай вобласці паводле рашэння ЦК КПБ на базе матэрыялаў музея баявой славы Лоеўскай сярэдняй школы, сабраных па ініцыятыве дырэктара школы І.Р. Ермакова. 9 мая 1985 г. адкрыты для наведвальнікаў як філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У студзені 1990 г. музей атрымаў статус самастойнага дзяржаўнага музея, уваходзіць у сістэму устаноў раённага аддзела культуры.
Асноўны фонд музея налічвае 2237 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 1915 адзінак. Агульная плошча экспазіцыі, якая размешчана ў двух залах, 170 кв. м.
Першая зала прысвечана пачатку фарсіравання Дняпра на Гомельшчыне войскамі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем К.К. Ракасоўскага. Пасля разгрому гітлераўцаў на Курскай дузе Чырвоная Армія восенню 1943 г. ажыццявіла адну з самых буйнамаштабных аперацый Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю як бітва за Дняпро. Раздзелы экспазіцыі расказваюць аб падрыхтоўцы да фарсіравання Дняпра, раскрываюць подзвігі воінаў 13 й арміі, якая першай уступіла на беларускую зямлю, байцоў 61 й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.А. Бялова, якая пачала ў верасні 1943 г. вызваленне Лоеўскага раёна.
Экспазіцыя другой залы прысвечана баявым дзеянням 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.І. Батава ў час фарсіравання Дняпра і вызвалення г. п. Лоеў і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раздзелы экспазіцыі гэтай залы змяшчаюць таксама матэрыялы аб партызанскім руху на Лоеўшчыне і пра ўраджэнцаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Савецкага Саюза К.П. Грыба, А.В. Казлова, А.П. Карпенку, Д.К. Марозава, Р.С. Пінчука і Герояў Савецкага Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Фонды прадстаўлены калекцыямі дакументаў (партызанскія лістоўкі, франтавыя лісты землякоў і ўдзельнікаў бітвы за Дняпро, граматы і т. п.), фотадакументаў, друкаваных выданняў і інш. Сярод экспанатаў асабістыя рэчы і дакументы воінаў, у тым ліку камандуючага 65 й арміяй П.І. Батава, сакратара Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ А.Д. Рудака, партызан Лоеўскай брыгады “За Радзіму”. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць падручныя сродкі пераправы першых дэсантных атрадаў, воінская амуніцыя, калекцыя зброі, баявыя ўзнагароды, а таксама ўзбраенне і баявая тэхніка тых часоў. Працягам экспазіцыі з’яўляецца адкрытая пляцоўка на беразе Дняпра, дзе дэманструюцца сродкі пераправы і ўзоры баявой тэхнікі.
Музей бітвы за Дняпро з’яўляецца мемарыяльным помнікам не толькі воінам-дняпроўцам, але і ўсім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ваенна гістарычны профіль установы дае вялікія магчымасці для грамадзянска патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Традыцыйным стала правядзенне ў музеі сустрэч з ветэранамі, урокаў мужнасці, тэматычных вечароў, канферэнцый, дзён памяці і адкрытых дзвярэй, паходаў па памятных месцах і месцах баявой славы Лоеўшчыны і інш.