Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей створаны згодна з пастановай Бюро ЦК КПБ ад 10 чэрвеня 1983 г. у г. Чэрыкаў Магілёўскай вобласці. Пад музей быў выдзелены будынак былога раённага вузла сувязі, зроблены рамонт і рэканструкцыя памяшканняў пад музейныя экспазіцыі. Больш за тры гады ішла інтэнсіўная работа па зборы экспанатаў і камплектаванні музейных фондаў, стварэнні навуковай канцэпцыі экспазіцыі. Для наведвання музей адкрыты 27 лістапада 1986 г. паводле загаду ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ад 24 жніўня 1983 г.
Асноўны фонд музея налічвае 7 778 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 3 416 адзінак. Плошча экспазіцыйных памяшканняў 318 кв. м., выставачных – 34 кв.м. Экспазіцыя музея мае раздзелы: старажытны перыяд, міжваенны перыяд (1915–1941), Леменская школа-камуна, Вялікая Айчынная вайна, пасляваенны перыяд.
Cярод экспанатаў знаходзіцца зуб і поўсць маманта, жалезная сякера ХVІ ст. з археалагічных помнікаў раёна, абразы канца ХVІІІ – пачатку ХІХ ст., экспазіцыя “Сялянская хатка” з прадметамі побыту, прыладамі працы, народным адзеннем, вырабамі ткацтва і вязання канца ХІХ – пачатку ХХ ст., калекцыя ручнікоў з вёсак раёна, у тым ліку адселеных пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Раздзел “Леменская школа-камуна” знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння і дзейнасці доследна-паказальнай школы, якая працавала ў 1920–1924 гг. у в. Лемень Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. У экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўлены карта-схема абарончых баёў у 1941 г. на Чэрыкаўшчыне, матэрыялы пра дзейнасць антыфашысцкага падполля і партызанскага руху, злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў, макеты партызанскага лагера і баёў партызан, пра землякоў – Герояў Савецкага Саюза Л.В. Дземянкова, П.І. Кавалёва, Я.М. Нікалаенкі, У.Р. Яўсеенкі, В.Д. Кучаравага. У музеі зберагаюцца тры карціны мастака-земляка А. Марачкіна: “Старажытны горад Чэрыкаў”, “Зімовы анёл” і “Рака Сож”, падараваныя ім музею. У экспазіцыйнай зале “Прырода” экспануюцца ўзоры карысных выкапняў, чучалы дзікіх птушак і жывёл Чэрыкаўшчыны.
Найбольшую значнасць для рэгіёна мае зала этнаграфіі, у якой праходзяць музейныя заняткі абрадавай дзейнасці, рэалізуюцца музейна-адукацыйныя праграмы патрыятычнай, краязнаўчай і этнаграфічнай накіраванасці. Музей прымаў удзел у абласных навукова-практычных канферэнцыях “Рамёствы Магілёўшчыны. Традыцыі і сучаснасць” і “Этнаграфічныя тканіны Падняпроўя”.
У 2011 г. музей удзельнічаў у Міжнародным праекце па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны “Нясвіжская акадэмія” ў Варшаве. У кастрычніку 2012 г. – у Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праводзіўся ў Гродне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.