Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", ДУ
Дата начала:
02.07.1993 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова
Названия на других языках:
National History and Culture Museum-Reserve "Nyasvizh" (не определен); National Museum-Reserve of History and Culture "Nyasvizh" (не определен); Национальный историко-культурный музей-заповедник "Несвиж" (русский);
Предыдущие названия:
Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік "Нясвіж"
5301 символ
Справка
2 ліпеня 1993 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову, якая прадугледжвала стварэнне на базе палацава-паркавага ансамбля і іншых помнікаў гісторыі і культуры горада Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”. Згодна з палажэннем, зацверджаным 10 красавіка 1996 г., запаведнік уяўляе сабой комплекс помнікаў гісторыі, археалогіі, архітэктуры, якія маюць навуковую, гістарычную, мастацкую і культурную каштоўнасць. 22 мая 1997 г. запаведнік быў аб’яўлены Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж”. У 2005 г. палацава-паркавы комплекс Нясвіжа ўключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Побач з палацавым комплексам, у паўночна-ўсходняй частцы горада, размешчаны паркавы ансамбль. Ён з’яўляецца ўнікальным узорам садова-паркавай архітэктуры ландшафтнага стылю канца XIX ст. Складаецца з пяці паркаў – Старога, Замкавага, Новага, Японскага і Англійскага, – якія за гады існавання перажылі дзве сусветныя вайны, страцілі сваіх уладальнікаў і апекуноў, паступова старэлі і забруджваліся. У 1963 г. паркавы комплекс быў аб’яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. У 1980-я гг. разам з наданнем Нясвіжу статуса горада агульнаеўрапейскай гісторыка-культурнай каштоўнасці востра паўстала праблема рэстаўрацыі былога багацця. Тады ж група архітэктараў і паркабудаўнікоў пад кіраўніцтвам М. Жлобы пачала аднаўленне экасістэмы і гісторыка-мастацкіх каштоўнасцей. Шмат увагі ўдзялялася ўзнаўленню страчаных мастацка-дэкаратыўных элементаў (малых архітэктурных формаў і скульптуры), меркавалася і стварэнне новых, звязаных з гісторыяй і паданнямі Нясвіжа. У 1992 г. была заснавана цэласная па ідэйнай і эстэтычнай сутнасці мемарыяльная галерэя – Алея памяці. На высокіх п’едэсталах з чырвонага граніту паўсталі шэсць бронзавых бюстаў знакамітых людзей, чыё жыццё было звязана з Нясвіжам: Ю. Нясвіжскага, У. Сыракомлі, Дж. Бернардоні (усе – скульптар С. Гумілеўскі), М. К. Радзівіла Сіроткі, Т. Макоўскага, Я. Коласа (усе – скульптар М. Канцавы). Таксама былі ўстаноўлены скульптуры “Русалка”, “Дама ў чорным”, “Анёл-заступнік з хлопчыкам” і інш. Адметнымі асаблівасцямі парку з’яўляюцца ўдала размешчаныя алеі, своеасабліва высаджаныя групы дрэў, якія разам з прасторнымі палянамі ствараюць непаўторныя па прыгажосці пейзажы. У прадмесці Альба (прыгарад Нясвіжа), дзе з канца XVI ст. знаходзілася летняя рэзідэнцыя князёў Радзівілаў, быў закладзены самы вялікі парк на тэрыторыі Беларусі, зроблены набярэжныя каналаў. Свайго росквіту рэзідэнцыя дасягнула ў часы ўладарання К. С. Радзівіла Пане Каханку, а пасля Айчыннай вайны 1812 г. паступова страціла сваё значэнне.
Выдатным помнікам беларускага дойлідства, “жамчужынай беларускай архітэктуры” з’яўляецца Нясвіжскі замак – сімвал княжацкай улады і сілы. Гэта складанае збудаванне з вытанчанымі архітэктурнымі формамі, мноствам падземных камунікацый і хадоў. У яго архітэктуры можна выявіць элементы готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму, што сведчыць аб шматэтапнасці будаўніцтва, наяўнасці мастацкіх дасягненняў розных гістарычных эпох. На працягу больш чым чатырох стагоддзяў замак часткова разбураўся, але зноў адбудоўваўся, дзякуючы намаганням Радзівілаў станавіўся яшчэ больш прывабным і багатым. У яго аднаўленні і пашырэнні ўдзельнічалі такія вядомыя архітэктары XVIII ст., як К. Ждановіч (у 1740 г. пабудаваў таксама палацавую капліцу), М. Педэці, М. Фларыяновіч, К. Спампані, А. Лоцы, Л. Лутніцкі. У 1809 г. палацавы комплекс рэстаўрыраваны архітэктарам М. Цэйзікам. З таго часу ў асноўных абрысах ён захаваўся да нашых дзён. Палац быў прамавугольны ў плане, трохпавярховы, з чатырма васьміграннымі вуглавымі вежачкамі, алькежамі на калонах на бакавых фасадах і лоджыяй-галерэяй на галоўным фасадзе. У гады Першай сусветнай вайны ў замку размяшчаўся лазарэт, у Вялікую Айчынную вайну – нямецкі шпіталь, савецкі час – санаторый. Штуршком да кардынальных перамен стала распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі аб закрыцці санаторыя (1 чэрвеня 2001 г. перастаў функцыянаваць) і рэстаўрацыі палаца, падпісанае 2 снежня 1997 г. Пасля завяршэння маштабных аднаўленчых работ, якія пачаліся ў 2004 г., замак Радзівілаў стане галоўнай пляцоўкай культурнай сталіцы 2012 года.
Нясвіжскі замак на працягу стагоддзяў з’яўляўся своеасаблівым музеем. Паводле інвентару 1658 г. у ім было 12 зал. Яны, а таксама іншыя пакоі і галерэі былі аздоблены мармурам, разьбой, ляпнінай, роспісамі. Князі Радзівілы сабралі багацейшыя калекцыі розных каштоўных рэчаў: карцін, у тым ліку партрэтаў знакамітых людзей, фамільных партрэтаў (усяго больш за 1000 палоцен), твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старажытнай каштоўнай зброі, бронзавых і стальных рыцарскіх даспехаў, рэдкіх камянёў, залатога і сярэбранага сталовага посуду і інш. Бібліятэка налічвала больш за 20 тыс. тамоў. Нясвіжскі архіў складаўся з дзвюх частак: Вітгенштэйнаў і Радзівілаў. Яго дакументы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Мінск), Цэнтральным дзяржаўным архіве Украіны (Кіеў), Дзяржаўным архіве Літвы (Вільнюс), Галоўным архіве старажытных актаў (Варшава), Бундэсархіве (Германія). Нясвіжская калекцыя архіўных і бібліятэчных матэрыялаў у ліпені 2009 г. была ўключана ў рэестр “Памяць свету”, заснаваны ЮНЕСКА.