Дата начала:
08.10.2002 Дзятлаўскі, Мастоўскі і Шчучынскі раёны, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
рэспубліканскі заказнік
Названия на других языках:
Липичанская пуща (русский);
2425 символов
Справка
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ліпічанская пушча” быў заснаваны ў 2002 г. на тэрыторыі Дзятлаўскага, Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Мэтай яго стварэння стала захаванне ў натуральным стане ўнікальнага прыроднага ландшафту з папуляцыямі рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін і жывёл, аховы рэдкіх лясных біяцэнозаў, а таксама комплексу лугоў, рэчышчаў, старажытных дзюн у далінах рэк Нёман і Шчара.
Ліпічанская пушча – зямля з багатай гісторыяй. Спрадвеку тут былі лясы, поўныя дзічыны, і рэкі, багатыя на рыбу. Гэта мясцовасць асвоена людзьмі яшчэ ў каменным веку. У розныя часы ёй валодалі вялікія князі літоўскія, Радзівілы, Тызенгаўзы, Чацвярцінскія, Солтаны, Стравінскія, якія мелі тут мануфактуры па здабычы і пераплаўцы балотнай руды, смалакурні і інш. Старадаўні лес часткова збярогся да нашых часоў і дзеля яго далейшага захавання і ашчаднага выкарыстання быў прызнаны асабліва ахоўнай тэрыторыяй.
Агульная плошча заказніка складае больш за 15 тыс. га. Па яго тэрыторыі працякаюць рэкі Нёман, Шчара, Пад’яворка, Хлеўня, Скупа. Сярод ландшафтаў асабліва прывабнымі з’яўляюцца марэнныя ўзгоркі і дзюны, пакрытыя сасновымі лясамі. Растуць таксама грабы, ясені, клёны, бярозы, елкі. Узрост некаторых дуброў дасягае 230 гадоў. Лясамі ўвогуле пакрыта каля 80% тэрыторыі пушчы. У флоры заказніка больш за 700 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх гарлянка пірамідальная, касач сібірскі, лілея кучаравістая, шалфей лугавы ўнесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаюцца ахоўныя віды жывёл – барсук, арэшнікавая соня, вялікая белая чапля, чорны бусел, чаротавая рапуха, ручаёвая стронга, вусач і інш.
Тэрыторыя заказніка актыўна выкарыстоўваецца для турыстычных мэт: распрацавана некалькі маршрутаў падарожжаў па яго тэрыторыі, абсталяваны пляцоўкі для адпачынку і турысцкіх стаянак, вядзецца пракат турысцкага абсталявання. У пушчы маюцца некалькі цікавых аб’ектаў для наведвання: курганны могільнік эпохі неаліту, стаянка старажытнага чалавека (сярэдзіна І тыс. да н.э.), старажытнае гарадзішча, Свята-Троіцкая крыніца і інш. На тэрыторыі заказніка забараняецца: пашкоджанне і знішчэнне дрэвава-хмызняковай расліннасці, парушэнне натуральнага глебавага покрыва, выпальванне сухой травы, выпас жывёлы, правядзенне работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і інш. Адміністрацыйны цэнтр заказніка знаходзіцца ў в. Галубы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.