65 год на рынку прадуктаў харчавання – “працоўны стаж” адзінага ў Рэспубліцы Беларусь сучаснага высокатэхналагічнага прадпрыемства па вытворчасці харчовых канцэнтратаў – ААТ “Лідахарчканцэнтраты”.
Лідскі завод харчовых канцэнтратаў заснаваны 25 жніўня 1944 г. на базе былога піваварнага завода № 2. Cпачатку выпускаў прадукцыю для частак 3-га Беларускага фронту. Пасля рэканструкцыі ў 1947 г. пачаў выпускаць фруктовыя кансервы, аўсяныя шматкі, кукурузныя палачкі. У 1950 – 1960 гг. былі пабудаваны цэхі па вытворчасці аўсяных шматкоў “Геркулес”, лёгкай кукурузы і вытворчасці кукурузных палачак.
У 1977 г. завод пераўтвораны ў вытворчае аб’яднанне “Лідахарчканцэнтратпрам”, якое праіснавала да 1997 г. 27 сакавіка 1997 г. вытворчае аб’яднанне “Лідахарчканцэнтратпрам” пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Лідскія харчовыя канцэнтраты” (ААТ “Лідахарчканцэнтраты”) у складзе Канцэрна “Белдзяржхарчпрам”.
Большая частка прадукцыі прадпрыемства – харчовыя канцэнтраты (гандлёвая марка “Лідкон”). Кожны год выпускаюцца каля сотні найменняў гатовай прадукцыі: першыя і другія абедзенныя стравы, кісялі і жэле, сухія снеданні, аўсяныя, ячныя і пшанічныя шматкі, духмяныя прыправы, крухмал, віны моцныя пладовыя і вінаматэрыял. На сучасным фасовачным абсталяванні выконваецца расфасоўка лімоннай кіслаты, крухмалу, какава-парашку, соды і г. д. Аказваюцца паслугі па расфасоўцы сыпучых прадуктаў. Уся прадукцыя сертыфіцыравана.
На заводзе дзейнічаюць чатыры асноўныя комплексна-механізаваныя ўчасткі, аснашчаныя высокапрадукцыйным тэхналагічным абсталяваннем: участак па вытворчасці харчовых канцэнтратаў і духмяных прыпраў; участак па вытворчасці сухіх снеданняў і крупяных шматкоў; участак разліву віна. У г. п. Радунь Воранаўскага раёна знаходзіцца Радунскі вытворчы ўчастак. На прадпрыемстве пастаянна праводзяцца мерапрыемствы ў галіне тэхнічнага пераўзбраення: усталяваны 20 ёмістасцей з нержавеючай сталі на ўчастку вінаробства; лінія па вытворчасці шматкоў хуткага гатавання і расфацоўцы супоў і каш, якія не патрабуюць варкі; лінія па вытворчасці крухмалу і мікрахвалева-вакуумная сушка па вытворчасці сушаных фруктаў і агародніны на Радунскім участку.
Прадпрыемства працуе на абсталяванні Чэхіі, Італіі, Югаславіі, Расіі. Выпускае прадукцыю на аснове сыравіны беларускіх вытворцаў: бульбы, цыбулі, морквы, гароху, аўсянай, пшанічнай і ячнай крупы, крухмалу, цукру, мукі і розных натуральных харчовых дабавак.
На сённяшні дзень на ААТ “Лідахарчканцэнтраты” колькасць работнікаў складае 410 чалавек. Асноўным рынкам збыту яго прадукцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Пастаянныя пакупнікі – гандлёвыя прадпрыемствы розных форм уласнасці: базы Міністэрства гандлю і Белкаапсаюза, буйныя ўніверсамы, прыватныя фірмы і аптова-рознічныя базы, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Прадукцыя выпускаецца пад брэндамі «Лидкон», «Лидские приправы», «Tvitnik», «Хрумстик». Асноўным рынкам збыту з’яўлецца Рэспубліка Беларусь. Ажыццяўляюцца пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю, Малдову, Грузію, Арменію, Украіну, Сербію, краіны Прыбалтыкі, шэраг краін Сярэдняй Азіі. Кампанія пастаянна пашырае геаграфію экспарту, прапаноўваючы якасны беларускі прадукт у сваёй галіне. Абнаўленню і ўдасканаленню асартыменту надаецца асаблівая ўвага. Гэта дазваляе ўлічваць пастаянна зменлівыя тэндэнцыі рынку і забяспечвае цікавасць спажыўцоў да прадукцыі, за высокую якасць і шырокі асартымент якой прадпрыемства неаднаразова атрымлівала ўзнагароды.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове матэрыялаў, дасланых ААТ “Лідахарчканцэнтраты” ў 2010 г., актуалізавана ў 2020 г.