Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лукава” быў створаны ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці ў 1994 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане лясных фармацый з рэдкімі відамі раслін.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 1,5 тыс. га размешчана ў межах Верхне-Прыпяцкай раўніны. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца тут з дубовымі, грабавымі, хваёвымі і ясеневымі лясамі. У падлеску растуць ляшчына, рабіна, крушына. У флоры вызначана 450 відаў сасудзістых раслін. У лясах шмат лекавых раслін (ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены). Сутракаюцца ахоўныя віды зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, кураслеп лясны. У межах прыроднага комплексу расце самая вялікая ў Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка сапраўднага (больш за 3 тыс. экз.). З прадстаўнікоў фаўны вядома пра наяўнасць воўка, куніцы, зялёнага дзятла, барадатай няясыці, чорнага бусла, вялікага і малога падворлікаў, змеяеда, вялікага бугая і інш.