Дата начала:
19.07.1999 Брэсцкая і Гомельская вобласці
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Reserve Mid-Pripyat (английский); Средняя Припять (русский);
2380 символов
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” быў створаны на тэрыторыі Брэсцкай (Пінскі, Лунінецкі, Столінскі раёны) і Гомельскай (Жыткавіцкі раён) абласцей у 1999 г. і аб’яднаў заказнікі “Нізоўе Ясельды”, “Нізоўе Случы” і “Вусце Лані”, якія раней існавалі ў гэтых мясцінах. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальнай поймавай экасістэмы р. Прыпяці з комплексам рэдкіх відаў жывёл і раслін. Заказнік атрымаў прыродаахоўныя статусы міжнароднага значэння: ён прызнаны ключавой арніталагічнай (1998) і рамсарскай (2001) тэрыторыямі.
Ахоўныя ўгоддзі плошчай 93 тыс. га размяшчаюцца ў сярэднім цячэнні галоўнай воднай артэрыі Палесся – р. Прыпяці (ад вусця Ясельды да вусця Сцвігі). Працягласць участка каля 120 км, шырыня – ад 4 да 14 км. Асноўнымі біятопамі тут з’яўляюцца высокаўзроставыя дубровы, ясеннікі і чорнаалешнікі, нізінныя балоты, лугі і водна-балотныя ўгоддзі. Лясы займаюць 21%, лугі і балоты – 38%, хмызнякі – 12% плошчы заказніка. У флоры налічваецца 725 відаў сасудзістых раслін, з якіх сальвінія плывучая, гарлачык белы, фіялка балотная, шалфей лугавы, зубніца клубняносная, шпажнік чарапіцавы, пярэсна еўрапейская, касач сібірскі ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Тут знаходзяцца буйнейшыя ў Беларусі месцы канцэнтрацыі лася, дзіка, казулі, бабра, выдры, амерыканскай норкі, ляснога тхара, вадзяной палёўкі. У рацэ і пойменных вадаёмах жывуць 45 відаў рыб – сом, шчупак, акунь, язь, плотка, лінь, судак, сцерлядзь, ёрш і інш. У межах заказніка адзначана каля 200 відаў птушак, большая частка якіх тут гняздуецца: чапля-бугай, змеяед, шылахвостка, малы і вялікі падворлікі, арлан-белахвост, пугач, вялікая белая чапля, кваква. Пойма Прыпяці мае міжнароднае значэнне для водна-балотных відаў птушак у перыяд веснавой міграцыі, а таксама для захавання шэрага відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікага арляца, дубальта, вялікага грыцука, вялікага кулона, белавокага нырка і вяртлявай чарацянкі. Сярод ахоўных відаў таксама барсук, рысь, арэшнікавая соня, соня-палчок, балотная чарапаха, чаротная рапуха, звычайная квакша, грабеньчаты трытон, фіялетавы і рашэцісты жужалі, жук-алень, мохавы чмель, мурашка-амазонка і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў пракладзена экалагічная сцежка, распрацаваны турыстычныя маршруты.