Дата начала:
30.05.2003 Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Прибужское Полесье (русский);
2286 символов
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Прыбугскае Палессе” быў створаны ў Брэсцкім раёне ў 2003 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане ўнікальнага прыроднага ландшафту з папуляцыямі рэдкіх відаў жывёл і раслін. Ён займае важнае месца ў міжнароднай сетцы асоба ахоўных прыродных тэрыторый: з’яўляецца часткай біясфернага рэзервата ЮНЕСКА “Прыбугскае Палессе” і ўваходзіць у склад трансгранічнага біясфернага рэзервата ЮНЕСКА “Заходняе Палессе” (Беларусь–Украіна–Польшча).
Плошча ахоўных угоддзяў складае 17,2 тыс. га. Рэльеф уяўляе сабой пласкахвалістую водна-ледавіковую раўніну з вялікай колькасцю пясчаных дзюн па берагах рэк і азёр. Гідраграфічная сетка складаецца з р. Заходні Буг з прытокам Капаёўка, каля 130 азёр, сістэмы штучных сажалак і меліярацыйных каналаў. Бязлесныя вярховыя і нізінныя балоты займаюць каля 1% тэрыторыі. Большая частка зямель пакрыта лесам, пераважна хваёвым. Маюцца ўнікальныя раслінныя садружнасці: высокаўзроставыя карэнныя хвойнікі, дубровы, грабнякі, лес з брызгліны, ядлоўцу, вішні птушынай, лугавыя садружнасці райграсу сярэднееўрапейскага і інш.
Флора налічвае 683 віды сасудзістых раслін, з якіх у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены чыставуст каралеўскі, увярэднік лясны, каласняк пясчаны, гваздзік картузіянскі, гайнік цёмна-чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У складзе фаўны сустракаюцца рэдкія для Беларусі вялікі сплаўны павук, малая дубовая ордэнская стужка, грабеньчаты трытон, чаротавая рапуха, мядзянка, балотная чарапаха, паўночны кажанок, еўрапейская шыракавушка, малая вячэрніца, арэшнікавая соня, соня-палчок, барсук. У час сезонных міграцый на мясцовых вадаёмах адпачывае значная колькасць пералётных вадаплаўных птушак. Усяго ў арнітафаўне зарэгістравана каля 200 відаў птушыных, сярод якіх чорны бусел, малая і шэрашчокая паганкі, малая крачка, чорнаваллёвая гагара, шэры саракуш, арлан-белахвост, скапа, зялёны і беласпінны дзятлы аднесены да ахоўных відаў.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны пешыя, веласіпедныя і аўтамабільныя маршруты, пракладзены экалагічныя сцежкі. У наваколлі маюцца цікавыя помнікі гісторыі, архітэктуры і археалогіі, абсталяваны месцы для адпачынку, працуюць аграсядзібы.