Чавускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей заснаваны ў г. Чавусы Магілёўскай вобласці 02.04.1990 г. паводле рашэння ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, узгодненага з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Музей размешчаны ў былым будынку павятовага казначэйства (узведзены ў 1902 г.) у цэнтры горада. Першых наведвальнікаў ён прыняў 08.05.1996 г.
Фонды музея налічваюць звыш 11 000 адзінак захоўвання. Сярод экспанатаў – каменныя прылады працы і ганчарныя вырабы з археалагічных раскопак раёна, тканыя і вышываныя вырабы канца ХІХ – пачатку ХХ ст.; матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць падполля і партызанскай брыгады 14-й Цемналескай і палка “Трынаццаць” у Вялікую Айчынную вайну, пра землякоў – Герояў Савецкага Саюза С. І. Азарава, Ц. С. Жучкова, І. Р. Карасёва, Л. Я. Маневіча, С. І. Чубукова; дыярама “Прарыў нямецкай абароны на р. Проня 23 чэрвеня 1944г.” (мастак Г. Лойка). У экспазіцыі маюцца дыярамы пра жывёльны і раслінны свет раёна.
Экспазіцыя музея размешчана ў 9 залах: “Прырода роднага краю”, “Падводны свет нашых рэк”, “Прырода і экалогія”, “Археалогія і гісторыя г. Чавусы”, “Этнаграфія”, “Рэвалюцыя 1917 г. і перадваенны перыяд”, “Раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Вызваленне”, “Пасляваеннае развіццё раёна”. У выставачнай зале экспануюцца працы мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.