Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па выпуску хімічнай прадукцыі, лаўрэат прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2010, 2015)
Названия на других языках:
"Mogilevkhimvolokno" (английский); "Могилёвхимволокно" (русский);
Предыдущие названия:
"Хімвалакно"; Магілёўскае вытворчае аб'яднанне "Хімвалакно"; Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна імя У. І. Леніна
1710 символов
Справка
Адным з вядучых вытворцаў поліэфірнай прадукцыі ў Беларусі з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Магілёўхімвалакно”.
Гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1965 г., калі ўрадам СССР было прынята рашэнне аб будаўніцтве камбіната сінтэтычнага валакна ў Магілёве. Першы беларускі лаўсан быў атрыманы на эксперыментальнай устаноўцы ў 1968 г. Да 1971 г. завяршылі ўзвядзенне першай чаргі камбіната магутнасцю 50 тыс. т валакна. Вытворчасць працягвала пастаянна ўдасканальвацца і пашырацца: асвоена работа з чыстай тэрэфталевай кіслатой, створана лінія па выпуску запасных частак, уведзены ў эксплуатацыю цэхі дыметылтэрэфталату і сінтэтычнага валакна. У 1975 г. камбінат пераўтвораны ў Магілёўскае вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно”, куды таксама ўвайшоў і Магілёўскі завод штучнага валакна. За высокія паказчыкі аб’яднанне ў 1986 г. узнагароджана ордэнам Леніна.
У цяперашні час ААТ “Магілёўхімвалакно” ўваходзіць у склад канцэрна “Белнафтахім”. Прадпрыемства ўяўляе адзіны комплекс вытворчасці ад атрымання зыходнай сыравіны (дыметылтэрэфталату, поліэтылентэрэфталату) да выпуску гатовай прадукцыі ў выглядзе валокнаў, нітак, нятканых матэрыялаў рознага асартыменту і прызначэння. У яго складзе дзейнічаюць вытворчасць арганічнага сінтэзу, сінтэтычнага валакна, тэхнічных ніцей, сінтэтычных плёнак і рамонтна-механічная. На прадпрыемстве працягваецца мадэрнізацыя дзеючага абсталявання, асвойваецца выпуск новай поліэфірнай прадукцыі. ААТ “Магілёўхімвалакно” з’яўляецца пераможцам конкурсаў "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" і “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”, лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2010, 2015).