Дзяржаўнае прадпрыемства «Кандытарская фабрыка “Слодыч”» – лідар па вытворчасці пячэння на сучасным рынку мучных вырабаў Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень “Слодыч” з’яўляецца буйнейшым у краіне прадпрыемствам, якое вырабляе больш за 100 найменняў пячэння: цукровае, зацяжное, здобнае, глазураванае, аўсянае, дыябетычнае, адсадное, крэкеры, кексы, вафельны ліст.
Гісторыя прадпрыемства пачынаецца 11 студзеня 1905 г. Папярэднікам сучаснага прадпрыемства з’яўляецца некалі вядомая “Кандытарская майстэрня Жоржа” ў Мінску, якая належала Георгію Вікенцьевічу Рачкоўскаму. Месцазнаходжанне прадпрыемства: Захар’еўская вуліца, дом Ругера (зараз прасп. Незалежнасці, 79).
Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе былой кандытарскай майстэрні быў створаны працоўны калектыў кандытараў, які пазней назвалі Першай беларускай кандытарскай фабрыкай, якая у 1926 г. была перайменавана ў Мінскую кандытарскую фабрыку “Прагрэс”. У гонар 12-ай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1929 г. фабрыка атрымала імя “Камунарка”. Да 1935 г. існаваў бісквітны цэх фабрыкі “Камунарка”, які размяшчаўся на перакрыжаванні вуліц Лекерта і Індустрыяльнай.
У 1936 г. у сувязі з пашырэннем вытворчых памяшканняў фабрыкі “Камунарка” і павелічэннем выпуску кандытарскіх цукрыстых і мучністых вырабаў, вытворчасць пячэння і пернікаў была выдзелена ў самастойнае прадпрыемства – Мінскую бісквітную фабрыку, якая падпарадкавалася трэсту “Белкандытар” Наркамата харчовай вытворчасці БССР.
У 1937–1940-я гг. колькасць працаўнікоў фабрыкі складала 90 чалавек. У спіску прадпрыемстваў і ўстаноў г. Мінска за 1939–1940-я гг. “Мінская бісквітная фабрыка” значыцца як самастойнае прадпрыемства па адрасе: вул. МОПРа, 127 (зараз вул. Камуністычная).
Падчас Другой сусветнай вайны прадпрыемства было часткова разбурана, шмат архіўных дакументаў страчана. У 1945 г. фабрыка адноўлена і разам з пячэннем і пернікамі пачала выпуск макаронных вырабаў. У 1947 г. цэх макаронных вырабаў бісквітнай фабрыкі быў пераведзены ў Барысаў, а на вызваленых плошчах арганізавана друкарня.
За час свайго існавання фабрыка неаднаразова пераймяноўвалася і рэарганізоўвалася. Паводле загада Мінсккандытарпрама № 297 ад 1 ліпеня 1992 г. Мінская бісквітна-паліграфічная фабрыка, размешчаная ў г. Мінску па вул. Камуністычная, 83, была ліквідавана.
Паралельна з бісквітна-паліграфічная фабрыкай (да яе ліквідацыі) са студзеня 1991 г. распачала работу Мінская кандытарская фабрыка № 2 вытворчага аб’яднання кандытарскай прамысловасці “Камунарка”, якая размясцілася ў новым будынку па вул. Радыяльная, 54.
З 1 лістапада 1994 г. Мінская кандытарская фабрыка № 2 была перайменавана ў дзяржаўнае прадпрыемства «Кандытарская фабрыка “Слодыч”». Рашэннем ад 2 лютага 2001 г. кандытарская фабрыка “Слодыч” стала адкрытым акцыянерным таварыствам.
На цяперашні момант тут працуюць каля 800 чалавек. Для выпуску высакаякаснай прадукцыі закуплена самае сучаснае абсталяванне вядучых еўрапейскіх фірм. Адметнай асаблівасцю прадукцыі гандлёвай маркі “Слодыч” з’яўляецца выкарыстанне толькі натуральнай высакаякаснай і экалагічна чыстай сыравіны.
Інфармацыя падрыхтавана на аснове звестак, дасланых ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч” у 2010 г.