12 красавіка 1949 г. Савет Міністраў СССР прыняў рашэнне аб стварэнні ў Мінску электрамеханічнага завода, частковы ўвод у эксплуатацыю якога адбыўся 1 снежня 1952 г. – гэта дата і лічыцца днём стварэння прадпрыемства. У 1956 г. завод перайшоў да Міністэрства радыётэхнічнай прамысловасці і атрымаў назву “Мінскі электрамеханічны завод”. У сярэдзіне 1970-х гг. адбылася шырокамаштабная рэканструкцыя вытворчасці, былі пабудаваны новыя вытворчыя плошчы. Аснову калектыву завода складалі рабочыя дынастыі, моладзь пераймала вопыт у тых, для каго завод стаў адзіным месцам працы. Паспяховая работа калектыву, высокі ўзровень якасці і аператыўнасць выканання заказаў забяспечылі неабходную базу для пераарыентацыі прадпрыемства на выпуск найбольш складанай прадукцыі. У канцы 1980-х гг. завод атрымаў эканамічную самастойнасць і выйшаў на замежны рынак. Мінскі электрамеханічны завод выпускаў складанае спецабсталяванне для войскаў супрацьпаветранай абароны і адначасова нарошчваў вытворчасць грамадзянскай прадукцыі. На прадпрыемстве дзейнічалі цэхі: механічны, слясарна-каркасны, гальвана-малярных і хіміка-гальванічных пакрыццяў.
Дзякуючы высокай якасці прадукцыі калектыў прадпрыемства неаднаразова атрымліваў урадавыя ўзнагароды. За паспяховае асваенне і выраб сродкаў новай тэхнікі і ў гонар 25-годдзя Мінскі электрамеханічны завод быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, пяцёра завадчан былі ўдастоены звання лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР. За высокія вытворчыя дасягненні пяць работнікаў прадпрыемства атрымалі вышэйшую ўзнагароду СССР – ордэн Леніна, 12 завадчан былі ўдастоены ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі, 64 – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1997 г. Мінскі электрамеханічны завод быў перайменаваны ў Дзяржаўнае прадпрыемства “Мінскі электрамеханічны завод”, а ў 2000 г. стаў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам (РУП) “Мінскі электрамеханічны завод”. У 2010 г. прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) “Агат – электрамеханічны завод” і падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту Рэспублікі Беларусь.
Спецыялісты прадпрыемства стваралі і ўкаранялі новую тэхніку і тэхналогіі на базе радыёэлектронікі, асвойвалі вопытныя ўзоры сродкаў аўтаматызацыі, якія знайшлі прымяненне ў аснашчэнні мабільных аўтаматызаваных сістэм найвышэйшага класа. Мінскі электрамеханічны завод – адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое выпускае комплексныя сістэмы кіравання спецыяльнага прызначэння, ажыццяўляе праектаванне і выпуск аўтаматызаваных сістэм кіравання паветраным рухам, інфармацыйна-даведачных сістэм для чыгуначнага транспарту, комплексных вырабаў для беларускіх заводаў (БелАЗ, МТЗ, МАЗ). Сёння завод выпускае складаныя радыёэлектронныя сістэмы кіравання рознымі аб’ектамі, перасовачныя і стацыянарныя лабараторыі, запамінальныя ўстройствы, пульты кіравання, шафы аўтаматыкі, інфармацыйныя табло, мікрапрацэсарныя ўстройствы, мадэмы і шмат іншага. ААТ “Агат – электрамеханічны завод” мае наступныя віды вытворчасці: механічная, плазменная і лазерная рэзка металу, розныя віды ліцця, апрацоўка металу і дрэва. Стратэгічнай задачай прадпрыемства з’яўляецца забеспячэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках.
Паспяховая работа прадпрыемства была б немагчымай без самаадданай і творчай працы спецыялістаў завода. Вялікі прафесійны і інтэлектуальны ўклад у станаўленне і развіццё вытворчасці ўнёс першы дырэктар прадпрыемства Іларыён Рыгоравіч Бяляеў, які ўзначальваў завод на працягу дваццаці гадоў (1953–1974). Новае пакаленне кіраўнікоў і спецыялістаў годна нясе эстафету сваіх папярэднікаў, захоўваючы і прымнажаючы добрыя традыцыі калектыву.
Матэрыял парыхтаваны ў 2012 г.