Гісторыя прыродаахоўнага статусу Налібоцкай пушчы – буйнога ляснога масіву ў басейнах рэк Бярэзіна і Уса пачалася некалькі дзесяцігоддзяў таму назад. У 1940 г. для захавання пагалоўя прамысловых відаў жывёл (ланей, аленяў, казуль, дзікоў, баброў) у частцы лесу ў межах Валожынскага і Івянецкага раёнаў Мінскай вобласці створаны Вялаўскі запаведнік. У 1960 г. ахоўныя плошчы былі пашыраны і атрымалі назву Налібоцкага паляўнічага заказніка, а ў 2005 г. ён аб’яўлены рэспубліканскім ландшафтным заказнікам. У цяперашні час “Налібоцкі” мае таксама статус ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі, важнай для птушак рэгіянальнага значэння.
Ахоўныя ўгоддзі плошчай больш за 86 тыс. га знаходзяца ў Мінскай (Валожынскі і Стаўбцоўскі раёны) і Гродзенскай (Іўеўскі і Навагрудскі раёны) абласцях. Рэльеф уяўляе пласкахвалістую водна-ледавіковую раўніну з невялікімі градамі, дзюнамі і ўзгоркамі. Тут бяруць пачатак каля 20 рэчак, у паўднёвай частцы знаходзіцца возера Кромань, маюцца ўчасткі пераходных і вярховых балот. Большая частка прыроднага комплексу (каля 80%) пакрыта хваёвым лесам. Сярод насаджэнняў пашыраны таксама елка, вольха, бяроза, асіна, радзей трапляюцца дуб, ясень, клён, граб, у падлеску растуць крушына, вярба, рабіна, ляшчына, брызгаліна. Значныя плошчы пакрыты ягаднікамі. У флоры налічваецца больш за 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх баранец звычайны, лілея кучаравістая, шпажнік чарапіцавы, пальчатакарэннік майскі, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая, вярба чарнічная, касач сібірскі занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Разнастайны відавы склад расліннага свету, чаргаванне нізінных, вярховых і пераходных балот, наяўнасць рэк і азёр абумовілі багацце мясцовай фаўны. Тут жывуць лось, дзік, казуля, воўк, бабёр, выдра, андатра, норка, гарнастай, а таксама адна з галоўных славутасцей заказніка – тарпанападобны конь, заселены ў пушчу ў 2019 г. Сярод ахоўных відаў сустракаюцца зубр, буры мядзведзь, рысь, барсук, арэшнікавая соня, грабеньчаты трытон, чаротавая рапуха, мядзянка, харыус, ручаёвая стронга, вялікая пераліўніца, блакітная ордэнская стужка і інш. У Налібоцкай пушчы дакладна вызначана гнездаванне 152 відаў птушак. Ёсць вялікая колькасць глушца, цецерука, рабчыка. Гэтыя мясціны маюць важнае значэнне для захавання месцаў гнездавання малога арляца, звычайнага зімародка і чорнага бусла. Акрамя таго тут адзначаны ў невялікай колькасці ахоўныя віды – дубальт, вялікі грыцук, вялікі кулон, барадатая кугакаўка, скапа, пугач, качка-шылахвостка, арлан-белахвост, чорны каршун, зялёная жаўна і інш.
Маляўнічыя мясціны заказніка прывабліваюць шмат наведвальнікаў. Для іх распрацаваны пешыя, веласіпедныя і водныя маршруты, абсталяваны месцы для адпачынку і экалагічныя сцежкі, маюцца аграсядзібы. Па тэрыторыі арганізуюцца экскурсіі, у час якіх прапануецца назіранне за зубрамі, аленямі, казулямі і іншымі жывёламі ў натуральным асяроддзі. Таксама ў заказніку працуе адзіны ў Беларусі гадавальнік цецеруковых птушак, у якім праводзіцца работа па вывядзенні і рассяленні заходнееўрапейскага падвіду глушцоў Майера. У вызначаныя тэрміны ў заказніку дазваляецца паляванне.