БРПА з'яўляецца адным з самых буйных дзіцячых і маладзёжных аб'яднанняў сучаснай Беларусі.
Піянерскія арганізацыі ўпершыню ўзніклі ў Расіі ў 1922 г., пазней яны былі аб'яднаны ва ўсерасійскую дзіцячую камуністычную арганізацыю “Юныя піянеры імя Спартака”. З 1926 г. яна была пераўтворана ва Усесаюзную піянерскую арганізацыю імя У. І. Леніна, у склад якой уваходзіла і Беларуская піянерская арганізацыя імя У. І. Леніна, створаная ў 1922 г. Першыя піянеры краіны разам са старэйшымі актыўна ўдзельнічалі ў рабоце па аднаўленні разбуранай інтэрвенцыяй народнай гаспадаркі, індустрыялізацыі і калектывізацыі, змагаліся з дзіцячай беспрытульнасцю, непісьменнасцю і невуцтвам. Масавы гераізм і мужнасць праявілі піянеры краіны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў суровыя гады Вялікай Айчынай вайны. Распад сусветнай сацыялістычнай сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная піянерская арганізацыя імя У. І. Леніна ў 1990 г. была пераўтворана ў Саюз піянерскіх арганізацый – Федэрацыю дзіцячых арганізацый.
У пачатку 1990-х гг. пачаўся этап абнаўлення піянерскага руху на Беларусі. Настаў той час, калі дзецям патрэбна была такая арганізацыя, якая ў цесным саюзе з сям'ёй і грамадствам дапамагала б ім у самаразвіцці, станаўленні, набыцці вопыту жыцця. У 1991 г. піянерская арганізацыя атрымала юрыдычнае прызнанне дзяржавы. Гэтай падзеі папярэднічаў X злёт піянераў Беларусі, які ўпершыню прыняў Статут, дэвіз і законы беларускіх піянераў. БРПА зарэгістравана як добраахвотная непалітычная грамадская арганізацыя дзяцей, падлеткаў і дарослых. Кіруючымі органамі сталі Цэнтральны савет (Мінск), абласныя, гарадскія і раённыя саветы піянераў. Вышэйшым органам з'яўляецца рэспубліканскі злёт, які адзін раз у тры гады выбірае старшыню Цэнтральнага савета. Асноўная праца БРПА вядзецца ў школах. Піянерскія атрады, дружыны ствараюцца не толькі на базе класа, але і на аснове агульных інтарэсаў, агульных спраў, захапленняў, дзе дзеці самі вызначаюць напрамкі сваёй дзейнасці. Піянеры могуць аб'ядноўвацца ў класы-атрады, профільныя атрады, атрады і дружыны па месцы жыхарства, клубы і цэнтры пазашкольнай работы.
Сучасная БРПА – гэта незалежная самастойная дзіцячая арганізацыя, якая акрамя сваёй структуры, Статута, мае мэты і задачы, уласную сімволіку. Для арганізацыі дзейнасці выкарыстоўваюцца асноўныя сімвалы, такія як салют, гальштук, сцяг, горн, барабан, лінейка, касцёр, збор, злёт і інш. Членам арганізацыі можа стаць любы чалавек, які дасягнуў 7-гадовага ўзросту, прызнае Статут піянераў і выконвае яго патрабаванні. БРПА працягвае традыцыі свайго папярэдніка – Усесаюзнай піянерскай арганізацыі. Пры прыёме ў піянеры захаваны рытуал завязвання гальштука і ўрачыстага абяцання. Членства ў арганізацыі падзяляецца на чатыры ступені: “наследнікі” (папярэдняя ступень, школьнікі 7–10 гадоў), “даследчыкі” (піянеры з 10 гадоў), “выпрабавальнікі” (старэйшыя піянеры), “лідары” (кіраўнікі аб'яднанняў). Піянеры адрозніваюцца гальштукамі, на якія нашываюцца вузкія каляровыя палоскі. Малодшыя школьнікі, якія паспяхова праходзяць папярэднюю ступень, робяць зялёную нашыўку. Зялёны колер азначае “даследчык” і сімвалізуе пошук сябе, сваіх маральных каштоўнасцей, вывучэнне навакольнага свету. Калі далучаецца сіняя палоска, школьнік пераходзіць у “выпрабавальнікі”. Сіні колер азначае актыўныя, пераўтваральныя адносіны да жыцця. Нашыўку белага колеру атрымліваюць старэйшыя члены арганізацыі, якія ўжо маюць статус “лідараў”. Белая паласа сімвалізуе чысціню і высакароднасць пабуджэнняў.
Ключавым накірункам дзейнасці піянерскай арганізацыі было і застаецца імкненне выхаваць у падлеткаў асабістыя якасці, якія дапамогуць усвядоміць свае ўласныя таленты, здольнасці і развіць іх. Асноўная мэта заключаецца ў тым, каб дапамагчы кожнаму падлетку ў яго грамадзянскім станаўленні, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сям'і, акружаючым людзям і краіне. Для работы прапануюцца пяць асноўных праграм, кожная з якіх мае свае методыкі. Яны прадстаўляюць сабой лагічны ланцужок. Праграма “Сем Я” накіравана на самапазнанне і самаразвіццё. Розныя трэнінгі дазваляюць удасканаліць памяць, мову, іншыя карысныя якасці, падштурхнуць юную асобу да самарэалізацыі. Распазнаўшы свае здольнасці, піянер запрашаецца для ўдзелу ў праграме наступнага ўзроўню “Гульня – справа сур'ёзная”, арыентаванай на захаванне і развіццё дзіцячых гульнявых традыцый, згуртаванне калектыву, бо менавіта гульня дапамагае наладзіць сяброўства паміж аднакласнікамі, сфарміраваць характар, асобу кожнага з яе ўдзельнікаў. “Спадчына” – праграма засваення і адраджэння нацыянальных і культурных традыцый праз краязнаўчую і экалагічную дзейнасць. Яна дае магчымасць дзецям пазнаёміцца з культурнай спадчынай свайго краю, зазірнуць у яго мінулае, адкрыць дзіўны свет беларускай прыроды, навучыць берагчы яе. Іх чакаюць паходы, экскурсіі, дзе яны навучацца цаніць дружбу, аказваць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. “Наследнікі” – работа з малодшымі школьнікамі. “Дзіцячы ордэн міласэрнасці” – праграма працы з людзьмі, якім патрэбны клопат і дапамога. Гэта сяброўства з равеснікамі, якім не пашчасціла валодаць пэўнай падлеткавай свабодай, дзецьмі-інвалідамі. Фіналам усіх узроўняў традыцыйна сталі піянерскія палатачныя базы. У час адпачынку ў іх дзеці могуць праверыць атрыманыя веды. Дзейнічаюць таксама праекты раённых і абласных арганізацый, распрацаваныя сумесна з дзецьмі.
Асаблівае месца ў дзейнасці БРПА займаюць праблемы аздараўлення дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Найбольш актыўныя члены арганізацыі з усіх абласцей краіны збіраюцца ў летніх рэспубліканскіх лагерах, прымаюць удзел у рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Навыкі паходнага жыцця піянеры набываюць на піянерскіх базах. Самабытнасць і этнаграфічная прывабнасць, прыгажосць краявідаў зрабілі летнія палатачныя лагеры адной з самых цікавых формаў арганізацыі адпачынку, вучобы, абмену вопытам. Дзеці адпачываюць таксама ў піянерскіх лагерах “Артэк”, “Акіян”, “Зубраня”.
БРПА актыўна садзейнічае выхаванню і навучанню падрастаючага пакалення. Арганізацыя супрацоўнічае з усімі, хто праяўляе інтарэс да яе дзейнасці, раздзяляе мэты і задачы, гатовы аказваць дапамогу. Рэальную падтрымку аказваюць дзяржава, органы народнай адукацыі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і іншыя грамадскія арганізацыі. БРПА падтрымлівае сувязі з піянерскімі арганізацыямі краін СНД – Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, наладжвае кантакты з моладдзю Сірыі, Кубы і іншых краін.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.