Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь уваходзіць у лік найбольш прэстыжных навучальных устаноў краіны і займае вядучае месца ў сістэме падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў дзяржаўных органаў і арганізацый. З моманту стварэння ў сценах ВНУ прайшлі навучанне больш за 80 тыс. студэнтаў і слухачоў. Сярод выпускнікоў акадэміі – кіраўнікі вышэйшага ўзроўню, дэпутаты, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, тыя, хто клапоціцца аб эфектыўным функцыянаванні і развіцці эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сферы, прадстаўляе інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне.
29 студзеня 1991 г. Савет Міністраў Беларускай ССР прыняў пастанову “Аб першачарговых мерах па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікоў і спецыялістаў народнай гаспадаркі для работы ва ўмовах рыначнай эканомікі”. У якасці галаўнога навучальнага і навукова-метадычнага цэнтра была вызначана Акадэмія кіравання пры Савеце Міністраў БССР. У красавіку 1991 г. пры ёй была створана бібліятэка. Ужо на працягу 1991 г. Акадэмія павінна была правесці мэтавую падрыхтоўку па праграме пераходу да рыначнай эканомікі кіраўнікоў і спецыялістаў Савета Міністраў БССР, міністэрстваў і ведамстваў, выканкамаў абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, вядучых прамысловых прадпрыемстваў і аб'яднанняў. 14 верасня 1992 г. першым рэктарам стаў А.Р. Шрубенка, з 15 лістапада 2007 г. ім з'яўляецца доктар тэхнічных навук, прафесар А.М. Маразевіч. У лютым 1992 г. Акадэмія кіравання атрымала свой цяперашні юрыдычны адрас (г. Мінск, вул. Маскоўская, 17). У гэтым жа годзе адбыўся першы выпуск слухачоў навучальнай установы. У 1994 г. перайменавана ў Акадэмію кіравання пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у 1995 г. пераўтворана ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 28 лістапада 1996 г. была зацверджана Канцэпцыя развіцця ВНУ, якая вызначыла асноўныя этапы забеспячэння прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, адпаведнай сучасным патрабаванням сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны.
У структуру Акадэміі кіравання ўваходзяць інстытуты, факультэты, кафедры, цэнтры, грамадскія арганізацыі і іншыя падраздзяленні. Каардынацыя адукацыйнай, ідэалагічнай, навуковай, інфармацыйна-аналітычнай і іншых відаў дзейнасці ажыццяўляецца Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вышэйшым калегіяльным органам самакіравання з'яўляецца Савет Акадэміі кіравання. Па рашэнні рэктара для разгляду асноўных напрамкаў дзейнасці Акадэміі і каардынацыі працы ВНУ створаны рэктарат.
Адукацыйны працэс накіраваны на рэалізацыю дзяржаўнай кадравай палітыкі ў галіне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы кіравання. Падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, арганізацыю работы падрыхтоўчых курсаў, павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню і асабовага развіцця ажыццяўляе Інстытут кіраўніцкіх кадраў (1996). У красавіку 1997 г. на яго базе пачаў работу пастаянна дзеючы семінар кіруючых работнікаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання як вышэйшая форма павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі ажыццяўляе Інстытут дзяржаўнай службы (2000). Каардынатарам узаемадзеяння структурных падраздзяленняў Акадэміі кіравання ў мэтах забеспячэння высокай эфектыўнасці вучэбнага працэсу, аптымальнага выкарыстання ўсіх відаў рэсурсаў, пашырэння магчымасцей укаранення новых форм, метадаў і тэхналогій навучання з'яўляецца вучэбна-метадычнае ўпраўленне.
Акадэмія кіравання мае значны інтэлектуальны патэнцыял. У ёй на пастаяннай аснове працуюць больш за 150 дактароў і кандыдатаў навук. Да выкладання актыўна далучаюцца дзеючыя кіраўнікі – вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, кіруючыя работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, міністэрстваў і дзяржкамітэтаў. Для чытання лекцый запрашаюцца кіраўнікі дыпламатычных місій. Спалучэнне таленту дасведчаных спецыялістаў і добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы забяспечвае высокую якасць адукацыі.
Вучэбныя планы заснаваны на выкарыстанні сусветнага вопыту і лепшых айчынных традыцый падрыхтоўкі спецыялістаў універсітэцкага ўзроўню і ўключаюць цыклы гуманітарных, прыродазнаўчых, матэматычных, кіраўніцкіх, прававых і эканамічных дысцыплін. Асаблівая ўвага адводзіцца вывучэнню сучасных камп'ютарных тэхналогій і замежных моў. Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Акадэміі з'яўляюцца навучальныя заняткі розных відаў – лекцыі, практычныя заняткі, семінары, дзелавыя гульні, ролевыя трэнінгі, тэматычныя дыскусіі і інш. Традыцыйным стала правядзенне відэаканферэнцый з рознымі краінамі свету (Англіяй, Германіяй, Японіяй, Украінай і інш.). Дзейнічае сістэма дыстанцыйнага навучання, пры якой студэнт атрымлівае камплект вучэбна-метадычных матэрыялаў: канспекты лекцый па кожнай дысцыпліне, метадычныя матэрыялы, іх электронныя версіі, сістэмы тэсціравання, практыкумы і лабараторныя работы на CD-дысках.
Бягучая і выніковая атэстацыя навучэнцаў праводзіцца ў форме тэсціравання, заліку, экзамену, абароны дыпломнай і выпускной работ, дысертацыі і іншых формах кантролю. У Акадэміі ўстанаўліваюцца званні “Ганаровы доктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”і “Ганаровы прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”.
Акадэмія кіравання з’яўляецца вядучым навуковым цэнтрам краіны ў галіне дзяржаўнага кіравання. Яна праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні па актуальных праблемах сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, інфармацыйнага грамадства, пытаннях фарміравання ідэалогіі краіны, эфектыўнай кадравай палітыкі і інш. У 2000 г. быў створаны Навукова-даследчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання, які займаецца навуковай, інавацыйнай, інфармацыйна-аналітычнай дзейнасцю, а таксама ажыццяўляе праграмна-тэхнічнае суправаджэнне ўсіх узроўняў Аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы электроннага ўліку кіруючых кадраў і іх рэзерву (АІС “Рэзерв”), інавацыйных праектаў і дыстанцыйнага навучання. У структуру інстытута ўваходзяць некалькі цэнтраў і навукова-даследчая лабараторыя студэнтаў. Створаны і актыўна працуюць Студэнцкае навуковае таварыства, Савет маладых вучоных.
Акадэмія кіравання з'яўляецца арганізатарам традыцыйных міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Штогод супрацоўнікі ВНУ публікуюць сотні навуковых артыкулаў, дзесяткі манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Акадэмія кіравання выдае “Научные труды Академии управления при Президенте Республики Беларусь” і навукова-практычны часопіс “Проблемы управления”, якія ўваходзяць у “Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў”. Ажыццяўляецца таксама выпуск газеты “Зеркало ”.
Міжнародная дзейнасць у галіне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці са знешнепалітычнымі і эканамічнымі прыярытэтамі Рэспублікі Беларусь, міжурадавымі пагадненнямі, дагаворамі з айчыннымі і замежнымі адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі, міжнароднымі і нацыянальнымі праектамі і праграмамі. Яна накіравана на вывучэнне, адаптацыю і ўкараненне перадавога замежнага вопыту ў навукова-адукацыйны працэс, фарміраванне высокага дзелавога іміджу Акадэміі кіравання ў міжнароднай акадэмічнай супольнасці. Падпісана больш за 40 пагадненняў аб супрацоўніцтве. У спісе партнёраў значацца ВНУ Расіі, Украіны, Кітая, Казахстана, Балгарыі, Венесуэлы, Кубы, Літвы, Германіі, Польшчы, Кыргызстана і многіх іншых краін свету. Рэгулярна праводзяцца сумесныя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, ажыццяўляюцца навуковыя працы ў галіне дзяржаўнага кіравання. Каардынацыяй міжнароднай дзейнасці займаецца Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва і адукацыйных праграм.
З мэтай цэласнага адлюстравання стварэння, станаўлення і дзейнасці Акадэміі ў 2009 г. была адкрыта музейная экспазіцыя. Яе асноўнымі задачамі з’яўляюцца захаванне і прэзентацыя матэрыялаў аб гісторыі ВНУ, супрацоўніках і выпускніках, якія ўнеслі значны ўклад у яе развіццё. Прадстаўлена больш за 300 прадметаў, сярод якіх дакументы, фотаздымкі, узнагароды, кнігі, сувеніры і іншыя матэрыялы. Прывітальная тэма прадстаўляе эмблему і гімн Акадэміі кіравання як асноўныя сімвалы карпаратыўнай культуры, а таксама фота найбольш значных падзей з жыцця навучальнай установы. Вылучаюцца некалькі тэматычных раздзелаў экспазіцыі: “Гісторыя Акадэміі кіравання”, “Навуковая і інавацыйная дзейнасць Акадэміі кіравання”, “Міжнародная дзейнасць Акадэміі кіравання”, “Грамадскае жыццё Акадэміі кіравання” і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.